28 красавіка ў ДУА «Гімназія № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі» адбыўся раённы этап рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме».
[caption id="attachment_66807" align="aligncenter" width="580"]

Удзельнікі конкурсу[/caption]
Конкурс праводзіцца з мэтай павышэння цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, пашырэння іх чытацкага кругагляду, выхавання падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, пошуку і падтрымкі таленавітай моладзі.
У конкурсе браў удзел 51 вучань з 17 устаноў адукацыі ў чатырох ўзроставых катэгорыях: 1–4 класы, 5–6 класы, 7–8 класы, 9–10 класы. Пераможцы раённага этапа ў кожнай узроставай катэгорыі — Марыя Савіцкая, вучаніца 3 класа ДУА «Мажскі ВПК д/с – ПШ», Максім Няверка, вучань 6 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага», Аліна Мароз, вучаніца 8 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага», і Маргарыта Стыевіч, вучаніца 9 класа ДУА «Цімкавіцкая сярэдняя школа імя Кузьмы Чорнага», — прымуць удзел у абласным этапе конкурсу.
У склад журы ўвайшла член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Цвірка, якая адзначыла наступнае: «Відаць было, што хлопчыкі, дзяўчынкі і іх настаўнікі вельмі сур’ёзна аднесліся да мерапрыемства. Былі прадуманы касцюмы, рэквізіт, музычнае афармленне нумароў. Нават хваляванне не перашкодзіла дзецям выступіць дастойна. З непадробнай шчырасцю, пранікнёна, душэўна гучалі з вуснаў школьнікаў вершы і проза беларускіх пісьменнікаў і паэтаў пра родны край, яго жыхароў, пра прыгажосць і славу капыльскай зямлі».
Прыемна адзначыць, што, нягледзячы на вялікую колькасць удзельнікаў і іх выдатную падрыхтоўку, журы прыняло рашэнне прысуджаць у кожнай з катэгорый па некалькі другіх і трэціх месц. Сапраўды, чытальнікі гэта заслужылі!
Наталля СЦЯПУРА,
метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама
Комментарии