
На Капыльшчыне сямейны капітал атрымалі: 42 сям’і — у 2017 годзе 58 сямей — у 2016 годзеАле на дзіцячыя пытанні бацькі адказваюць цярпліва і дакладна, бо разумеюць, што цікаўнасць — гэта шлях да жыццёвага поспеху. Ды і наогул у доме адчуваецца добразычлівасць і павага адзін да аднаго, вакол — утульнасць і чысціня. У зале стаіць піяніна: іграць на ім вучылася старэйшая 14-гадовая Аляксандра. Падчас размовы на большасць нашых пытанняў як сапраўдны галава сям’і грунтоўныя адказы дае Алег. — Як вы пазнаёміліся? — цікаўлюся ў Сіцкіх. — Гэта адбылося восенню 2005-га, а 1 верасня 2007-га ўжо згулялі вяселле, — расказвае Алег. — Марына жыла ў вёсцы Вясея Слуцкага раёна і вучылася ў каледжы на прадаўца. А я ў той час быў у камандзіроўцы там. Прыехаў, убачыў — і забраў! Сам я нарадзіўся і вырас у вёсцы Кель. Першы час мы жылі ў Слуцку. Але так здарылася, што купілі дом у Скабіне і пераехалі жыць сюды. Дарэчы, рамонт у будынку, які стаў для малодшых Сіцкіх родным, бацька зрабіў сваімі рукамі. Таму добра ведае сваю хаціну, адчувае яе. Ды і зараз для галавы сям’і — час гарачы: акрамя работы (а працуе ён газаэлектразвар-шчыкам у ТАА «Капыльскі энергасэрвіс») трэба і падрамантаваць што-небудзь, і бульбу пасадзіць. Ды не толькі ў сябе: у Келі, дзе жывуць бацькі, зямля таксама чакае догляду. Нават малы Давідка ўжо ведае, што да бабулі Валянціны і дзеда Уладзіміра трэба завезці насенне бульбы. Ды ў саміх Сіцкіх ні многа ні мала, а 25 сотак зямлі, дзе ўжо зелянее цыбуля, пасаджана ўсё тая ж бульба, якой, дарэчы, для гаспадаркі патрэбна шмат: яе вельмі любяць сямёра кабанчыкаў. Ахоўвае хату сабака Бобік, па двары з вельмі важным выглядам прагульваецца кот, якога Давідка чамусьці назваў Пуля. — Якія маміны стравы любіце больш за усё? — пытаюся ў дзетак. Але адзінага адказа не атрымала: кожнаму, як кажуць, сваё. — Мы любім торт, — гавораць Аляксандра і Аленка. — А мне плоў падабаецца! — усміхаецца Давід. Толькі вось малодшы Артур пакуль не мае магчымасці выказаць сваё меркаванне. І калі за добры стан хаты ці гаспадарчых пабудоў адказвае Алег, то вывучыць урокі з дзецьмі — прэрагатыва Марыны. Аднак дзяўчынкі ўжо самастойныя, і таму больш самі дапамагаюць матулі. — Кім хочаце быць, калі вырасцеце? — цікаўлюся ў дзяцей. — Я хачу быць дырэктарам у таты! — усклікае Давід. — Але! Гэта яму вельмі хочацца: камандаваць татам, — усміхаецца Алег. А Марына удакладняе: — Аляксандра марыць вывучыцца на ўрача, а Аленка раней хацела стаць настаўніцай. Вось так, з усмешкай, дапамогай адзін аднаму і коціцца па сваёй сцяжынцы жыццё ў доме Сіцкіх. У кожнага — свае абавязкі, свае мары, свая справа. Але агульнае, што аб’ядноўвае, — узаемапавага, імкненне дапамагчы адзін аднаму і… пашкадаваць. Можа, гэтыя простыя сакрэты і ёсць сакрэты сямейнага дабрабыту?
Пачастунак ад Марыны Сіцкай: Торт «Смаката»: прадукты: 100 г сметанковага масла, банка згушчанага малака, 2 яйкі, 1 шклянка мукі, 0,5 чайнай лыжкі соды, 1-2 лыжкі какавы. Для крэму: 300 г смятаны, 150 г цукру. Гатуем. Растапіць масла, змяшаць са згушчонкай, яйкамі і мукой. Дадаць соду, пагашаную лімонным сокам. Цеста раздзяліць на 3 часткі. У адну дадаць какавы і кожную выпякаць асобна. Затым змяшаць смятану з цукрам, узбіваць міксерам 5 хвілін. Змазаць крэмам кожны корж, пакуль ён гарачы. Смачна есці!
Комментарии