Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

41

Война глазами жителя Копыльского района Ивана Захарика

09.05.2018
Гісторыі пра вайну заўсёды цікавяць юнакоў. А калі іх расказвае ўласны дзядуля — цікава ўдвая. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, сярод узнагарод якога ордэн Айчыннай вайны І ступені і медаль «За победу над Германией», Іван Васільевіч Захарык з вёскі Навасёлкі Цімкавіцкага сельсавета — расказчык выдатны. Таму пра выпадкі з яго франтавога жыцця 17-гадовы ўнук Антон Місючэнка слухае з захапленнем. З захапленнем слухалі і мы. [caption id="attachment_66400" align="aligncenter" width="560"]■ Іван Васільевіч Захарык разам з унукам Антонам і дачкой Жаннай Місючэнкамі ■ Іван Васільевіч Захарык разам з унукам Антонам і дачкой Жаннай Місючэнкамі[/caption] Партызанскія боты — У 41-м годзе мне споўнілася 15. Мы жылі ў Яўсеевічах. Пра тое, што Гітлер захапіў паў-Еўропы ведалі з газет. Аб пачатку вайны мы пачулі з чорнай талеркі радыё, што вісела на калгасным двары. У маці Фёклы Апанасаўны нас было чацвёра. Бацька памёр у 1935 годзе. Звычайна летам мы пасвілі авечак ці калгасных свіней. Недалёка ад нас, у Старыцы, адгрымеў бой. Салдаты адступалі праз нашу вёску, і таму ўсюды ляжала шмат усялякай зброі. Я знайшоў чатыры вінтоўкі і патроны да іх. Потым аддаў іх хлопцам, што пайшлі ў партызаны, а крыху патронаў пакінуў сабе.  Аднойчы я сядзеў у хаце каля акенца. Бачу: па дарозе рухаецца партызанскі абоз. Тут заходзіць партызан і кажа, што яны ідуць на Слуцк. — А зброя ў вас ёсць? А патроны? — пытаюся. — Ёсць, усё ёсць, — адказвае ён мне і паказвае… чатыры патроны.  — І ты з гэтым збіраешся ваяваць? Не, гэта не справа, — гавару партызану. — На, у мяне ёсць патроны. Забірай. — Дзякуй, хлопчык! Я табе са Слуцка што-небудзь прывязу, — на гэтым мы і развіталіся. Ужо цямнела, калі партызанскі абоз вяртаўся. Раптам раздаўся стук у акно, яно адчынілася, і на падлогу ўпалі… боты. Гэта партызан стрымаў сваё слова і прывёз мне такую падзяку. Я гэтыя боты доўга насіў. Ажно падэшвы мяняў на драўляныя. Невядомы вядомы салдат Бег я неяк па жыце. Бачу, ляжыць забіты салдат. Адчуў, што доўга ён ужо праляжаў. Я да яго нахіліўся і знайшоў дакументы. «Демченко Николай Васильевич», — яго імя запомніў назаўсёды. З Чарнігаўшчыны ён быў. Я пайшоў у вёску і сказаў дарослым, а дакументы аддаў знаёмай жанчыне, якая збірала іх і хавала. Пад вечар прыйшлі мужчыны і пахавалі воіна  на вясковых могілках. Пасля вайны салдата перазахавалі ў брацкай магіле ў Папоўцах. Конь казака Вайна ўжо кацілася на захад, Беларусь паціху вызвалялі ад ворагаў. Праз нашу вёску ішлі савецкія салдаты, сярод іх былі і казакі. Сяляне вельмі радаваліся прыходу чырвонаармейцаў, таму частавалі іх хто чым мог, ну і спіртнымі напоямі таксама. Падносяць аднаму казаку чарку, а ён і кажа: — А каню майму далі? — і тут жа на вачах здзіўленых вяскоўцаў бярэ бутэльку гарэлкі і ўлівае каню ў рот. Жывёла выпіла быццам так і трэба! Казак сеў на каня — і тут жа з хуткасцю ветру некуды паскакаў. Трапны снарад  У рады Чырвонай Арміі мяне прызвалі ў 44-м. Спачатку была вучоба, якая праходзіла ў Белавежскай пушчы, а потым нас адправілі на фронт. Мы ішлі доўга. Спалі амаль на хаду: ногі ішлі, а калі галава зусім адключалася, падалі. Спаць даводзілася ў канавах. Так дайшлі мы да Нарвы, і нашы войскі пачалі яе фарсіраваць. Артылерыя страляла, нібы гром грымеў. Я перабраўся на другі бераг. Бачу: на кані з павозкай рухаецца ездавы. І тут варожы снарад трапляе прама ў ездавога. Быў чалавек — і раптам няма. Толькі рэшткі павозкі па вадзе паплылі. Страх ды і толькі. Кулямётчык Аднойчы прыслалі да нас новага камандзіра. Прыходзіць ён і гаворыць: «Захарык, ранілі кулямётчыка, ідзі да зброі». Пайшоў. А варожы «калега» так строчыць, што аж неба зіхаціць ад агню! «Зараз я цябе супакою», — падумаў я і стаў да кулямёта. Добра яго навёў і — усё: фрыц заціх. [caption id="attachment_66399" align="aligncenter" width="560"]■ Іван Захарык (першы злева) з франтавымі таварышамі. 1946 г. ■ Іван Захарык (першы злева) з франтавымі таварышамі. 1946 г.[/caption] Смачная руская ежа Гэта здарылася каля горада Шчэціна, на мяжы Польшчы з Германіяй. Неяк вызвалі нас, чацвярых салдат ды капітана, да камандзіра. Далі добрую зброю, шмат ежы і сказалі, куды трэба было ісці, але мэты не ўдакладнілі. Ішлі мы цэлы дзень. Вырашылі сесці падсілкавацца, і якраз каля нейкай разбуранай хаты. Адрэзалі лусты хлеба, намазалі на іх тушонку. І тут са склепа выйшла спачатку адна жанчына, папрасіла пачаставаць яе. Мы далі ёй хлеба з тушонкай. Потым з’явілася яшчэ адна, а затым яшчэ і яшчэ. І мы нікому не адмовілі!  Чароўная груша Мы, салдаты, пасля бою дзе заставаліся, там і засыналі. Аднойчы раніцай прачнуўся я і бачу: прама нада мной стаіць груша. Ды незвычайная: усе яе галінкі былі ўпрыгожаны абразамі. Я такога цуда ніколі і не бачыў! Тут да мяне адыходзіць камандзір і гаворыць, каб я залез і пазнімаў абразы. Але я адмовіўся: сказаў, што не хачу, каб куля снайпера трапіла ў мяне. Камандзір нічога не сказаў і пайшоў сабе. Толькі я адышоў ад дрэўца, як у яго трапіў снарад — толькі ствол і застаўся. Вось табе і пазнімалі абразы… Пашчасціла Прывезлі нам ежу. Я ўзяў свой кацялок ды наліў у яго супу. Ну, думаю, зараз падсілкуюся. Але чую: гудзе снарад. Я хуценька паставіў кацялок, схапіў каску — і скокнуў у нейкую яму. Раздаўся выбух. Адчуваю: жывы. Калі развеяўся дым, паціху выбраўся і бачу: стаіць мой кацялок як ні ў чым не бывала. Але суп у ім нейкі незвычайна густы: гэта ён напоўніўся зямлёю ад выбуху.   Сліва  Вядома ж, салдаты на вайне заўсёды хацелі есці. Аднойчы спыніліся мы і бачым: расце сліва, ажно ўся чорная ад ягад. Толькі паспрабавалі прыблізіцца да яе — страляе снайпер. Схаваліся, сядзім. Бачым, падышоў да дрэва салдат, мабыць, казах. Мы яму крычым, каб ён адышоў, але той не чуе — ірве сабе слівы ды рве. Ужо поўныя кішэні, у пілотку складвае. І тут снайпер усё ж такі выстраліў і трапіў у бедалагу. Вечарам салдата і пахавалі. І такіх гісторый у Івана Васільевіча — слухаць не пераслухаць. А нам застаецца толькі дадаць, што ў родную  вёску вярнуўся ён у 1947 годзе. Праз два гады ажаніўся. Разам з жонкай Нінай Аляксандраўнай выгадавалі пяцярых дзяцей. Усё жыццё Іван Васільевіч адпрацаваў у калгасе «Інтэрнацыянал». Багаты на ўнукаў і праўнукаў: іх у ветэрана па дзявяцера. Дзіяна ТКАЧЭНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей