Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

90

Імя хваробы — наркаманія

13.03.2011
Менавіта аб гэтым ішла гутарка на пасяджэнні каардынацыйнага цэнтра прафілактыкі сацыяльнага недабрабыту, якое прайшло ў Цімкавіцкай СШ Удзел у мерапрыемстве ўзялі таксама вучні-старшакласнікі з Навасёлкаўскай і Браткаўскай школ. Адкрываючы пасяджэнне, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Капыльскага райвыканкама Зоя Леанідаўна Дайняк падкрэсліла, што з 1 па 31 сакавіка на тэрыторыі Мінскай вобласці праходзіць акцыя пад назвай “Кожнаму дзіцяці – наша ўвага”. Асноўныя мэты яе – дапамога дзецям, што трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, аздараўленне становішча ў сацыяльна недабранадзейных сем’ях, прыняцце мер да бацькоў, якія ўхіляюцца ад выхавання дзяцей. — Сёння, — падкрэсліла Зоя Леанідаўна, — мы бу-дзем размаўляць аб наркаманіі – страшнай хваробе, што падпільноўвае маладых людзей. І не толькі ў такіх гарадах, як Мінск, Салігорск, Слуцк, Барысаў, але і ў нашым, здавалася б,  ціхім Капылі. За апошні час колькасць злачынстваў, учыненых на глебе наркотыкаў, значна павялічылася. Можна спасылацца на страту моладдзю маральных арыенціраў і апраўдваць яе даступнасцю наркатычных сродкаў. Наркаманія — цяжкае захворванне, якое мае тэндэнцыю да хуткага распаўсюджвання. Яно вядзе да духоўнай і фізічнай дэградацыі асобы, наносіць непапраўную шкоду здароўю, падштурхоўвае на злачынства. А ў грамадстве, што асабліва непакоіць, назіраецца недаацэнка небяспекі, якую тоіць у сабе гэта зло. Асноўнае ж асяроддзе распаўсюджвання наркотыкаў – маладыя людзі ва ўзросце 14—25 гадоў. Вашай увазе  будзе прапанаваны фільм, дзе наркаманы раскажуць, як яны прыйшлі да такога жыцця… У поўнай цішыні глядзелі падлеткі і іх настаўнікі жудасныя, без перабольшвання, кадры, лавілі словы споведзей наркаманаў. І калі прагучала апошняя з іх, у холе яшчэ некаторы час стаяла напружаная цішыня, пакуль не прагучала пытанне маладога чалавека, маўляў, чаму ў наркаманаў знікаюць вены. Следчы следчага аддзела пракуратуры Мінскай вобласці (па Капыльскім раёне) Сяргей Зайцаў даў адказ на пытанне юнака. Падкрэсліў, што сур’ёзным фактарам распаўсюджвання наркаманіі сярод моладзі з’яўляецца цікаўнасць, чаканне незвычайных, экзатычных перажыванняў. Праўда, у большасці выпадкаў маладыя “эксперыментатары” пазбягаюць паўторнага ўжывання наркатычнага сродку, паколькі ўжо першае ўжыванне выклікае ў іх вельмі непрыемныя адчуванні, накшталт алкагольнага ап’янення. Найбольш небяспечная сітуацыя, калі ўжо першае ўжыванне выклікае задавальненне. Тады чалавек імкнецца ізноў адчуць прыемны адурманьваючы стан — і ўзнікае залежнасць. Другая прычына цягі – “мода” на ўжыванне наркотыкаў, якая, так бы мовіць, павышае ранг падлетка ў некаторых маладзёжных колах, дзе зняважліва і нават пагардліва адносяцца да “птушанят”, якія нават “траўку” не кураць. У асяроддзі “выбраных” ужыванне наркотыкаў становіцца чымсьці накшталт пасведчання на званне “сапраўднага юнака”, падобна да таго, як курэнне тытуню і ўжыванне алкаголю лічыцца ілжэвыражэннем узмужнеласці. Чым небяспечныя наркотыкі, дзе і як лечаць нарказалежных, колькі працэнтаў захварэлых вылечваюцца, а што будзе, калі ўжываць слабыя наркотыкі, ці былі выпадкі захворвання на наркаманію сярод школьнікаў, таксіманія – гэта хвароба? На гэтыя і шмат іншых пытанняў прыйшлося адказваць Сяргею Васільевічу. Пэўна ж, нікога не пакінулі абыякавым яго словы аб тым, што смяротнасць сярод наркаманаў вельмі высокая, яны рэдка дажываюць да 27 гадоў. — Радыкальных сродкаў ці метадаў для гарантаванага вылечвання ад наркаманіі, дарэчы, як і ад алкагалізму, не існуе, — падкрэсліў следчы. – Але вылечыцца можна. Найважнейшымі ўмовамі станоўчага зыходу з’яўляюцца жаданне і імкненне самога хворага і больш ранні пачатак лячэння. А яшчэ – удзел літаральна ўсіх і кожнага ў барацьбе за чалавека. Менавіта ў гэтым выпадку лозунг “Не праходзьце міма!” кожны з нас павінен прыняць блізка да сэрца. Ахвярамі ж могуць стаць нашы ўласныя дзеці і ўнукі, нашы родныя. Кожны на сваім месцы павінен за-клікаць моладзь: ніколі, ні пры якіх абставінах – ні адной таблеткі або зацяжкі, ні аднаго ўколу або ўдыху. Гэта адзіны магчымы шлях выратаваць сябе ад бяды, імя якой – наркаманія. Супрацоўнік інспекцыі па справах непаўналетніх Капыльскага РАУС капітан міліцыі Сяргей Чаркоўскі паведаміў, што зараз вырашаецца пытанне аб тым, што непаўналетнім будзе забаронена адным, без бацькоў, знаходзіцца на вуліцы з 22.00 да 6.00 гадзін. Парушэнне гэтага забарону пацягне адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу да 10 базавых велічынь (350 тысяч рублёў. – У. С.). Гэта паведамленне афіцэра міліцыі выклікала шмат пытанняў у непаўналетніх. Дзяўчына пацікавілася, як быць: падчас летніх канікул яна плануе працаваць на КЗС. Другая змена заканчваецца ў 24.00, а першая пачынаецца ў 5.00 раніцы? Другая дзяўчына пацікавілася, як быць ёй, калі неабходна дабірацца на вучобу цягніком да Баранавіч, а адпраўляецца ён  з  Цімкавіч  пасля  5-ці гадзін  раніцы. Эксплуатацыя матацыклаў і скутараў, атрыманне вадзіцельскіх пасведчанняў на  гэту  катэгорыю транспартных сродкаў, правілы карыстання мабільным тэлефонам, як паступаць у выпадку, калі ён згублены, ці наадварот, знойдзены, ці мае  права  адміністрацыя школы  (класны  кіраўнік. – У. С.) чытаць СМС-паведамленні на мабільніку вучняў без іх згоды? – на гэтыя і шмат іншых пытанняў адказаў Сяргей Рыгоравіч. Размова атрымалася. Па ўсім было бачна, што яна закранула душы падлеткаў, выклікала жывы інтарэс, што на прапанову “добразычліўца” паспрабаваць наркотык падлетак адкажа: “Не, дзякуй, але мне гэта не патрэбна!” Уладзімір СКРЫПІНСКІ

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей