Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

50

Копыльщина стала второй родиной для переселенцев из Хойникского района

26.04.2018
Чарнобыльская трагедыя 1986 года па-свойму перакроіла карту Беларусі. Многія населеныя пункты Хойніцкага, Брагінскага, Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласці маюць паметку — нежылы. Ураджэнцы Хойніцкага раёна Уладзімір Сцяпанавіч Доўбыш і Валянціна Міхайлаўна Жэбіт ужо даўно маюць пенсіённы ўзрост. Дваццаць сем гадоў таму яны пакінулі родны кут і абаснаваліся ў Пацейках. Але амаль кожную вясну, на Радаўніцу, яны імкнуцца наведаць мясціны, дзе прайшлі іх маладыя гады, нарадзіліся дзеці, каб яшчэ і яшчэ раз сустрэцца са знаёмымі, былымі аднавяскоўцамі, пакланіцца дарагім магілам. [caption id="attachment_66116" align="aligncenter" width="560"]Уладзімір Сцяпанавіч Доўбыш і Валянціна Міхайлаўна Жэбіт Уладзімір Сцяпанавіч Доўбыш і Валянціна Міхайлаўна Жэбіт[/caption] Сёлета паездка не атрымалася… Здароўе ўжо не тое. Муж і жонка атрымалі чарнобыльскую адмеціну, якая праз гады дала пра сябе знаць. Абодва маюць анкалагічныя захворванні, але іх бадзёрасці і жыццялюбству могуць пазайздросціць і маладыя здаровыя людзі. Валянціне было толькі трыццаць, калі загінуў муж і пакінуў яе з пяццю малымі дзецьмі. А праз два гады — новая бяда — аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Іх пасёлак, дзе яны пабудавалі новы прыгожы дом, трапіў у зону адчужэння. Сям’ю Жэбіт размясцілі ў цэнтральнай сядзібе гаспадаркі — за пяць кіламетраў. Валянціна працавала даяркай. — Кароў было шмат, а людзей не хапала, — успамінае жанчына, — мы ўтраіх ледзь паспявалі выдойваць малако толькі раз на дзень. Аднойчы я вярнулася дамоў з кашары, там дзе былі каровы на пашы, а малодшых, Федзькі і Надзейкі, няма — не прыйшлі са школы. Пазней даведаліся, што ўсіх дзяцей пасадзілі ў аўтобусы і павезлі. Куды — не сказалі. Побач з намі праходзіла траса на Брагін, машыны і аўтобусы ішлі калонамі. У вёсцы было шмат салдат, хадзілі з дазіметрамі, усё нешта правяралі. Свякроўка мая (яна ўвесь час жыла з намі) казала: «Ты пойдзеш на работу, а ў нас нібы вайна. Столькі вайскоўцаў навокал». Пяць гадоў жыла Валянціна Міхайлаўна пасля аварыі ў Хойніцкім раёне. За гэты час памёр яе брат (не дажыў і да сарака гадоў), не стала маці. Жанчына выйшла ў другі раз замуж. Уладзімір Сцяпанавіч старэйшы на 12 гадоў, у першай сям’і меў чатырох дзяцей, але гэта не перашкаджае ім жыць у ладзе і згодзе. Дзеці сябруюць паміж сабою і за доўгі час сталі адной сям’ёй. Калі рашыліся на пераезд у больш бяспечнае месца — выбралі Капыльшчыну, калгас «Прагрэс». Даяркі ўсюды былі патрэбныя. Тым больш, што запрасіў іх на працу тадышні кіраўнік сельгаспрадпрыемства Чарняк Мікалай Сцяпанавіч, сам прыязджаў за імі ў Хойніцкі раён. Дарэчы, сям’я Чарнякоў была таксама з ліку перасяленцаў, магчыма таму і прынялі яго прапанову на пераезд не вагаючыся. У Пацейках ім далі дом, і ўжо праз дзень Валянціна Міхайлаўна пайшла на ферму, а Уладзімір Сцяпанавіч — у будаўнічую брыгаду. За гэты час Капыльшчына стала для іх нібы другой радзімай. Адбудавалі дом, пасадзілі сад. Сцяпанавіч, як паважліва называе мужа Валянціна Міхайлаўна, усё зрабіў сваімі рукамі, да таго ж з маладосці добра ўмее прышчапляць дрэўцы, таму з саджанцамі праблем не было. Цяпер трымаюць толькі курэй (здароўе ўжо не тое), але за парадкам у доме і на падворку сочаць па-ранейшаму. Тут пахне свежай фарбай, ярка-сінія пражыліны агароджы і блакітныя слупкі, па якіх толькі што прайшліся пэндзлем, дадаюць нейкай святочнасці. Кветкі растуць не толькі за плотам, але будуць пасаджаны ля ўваходу ў двор і паўз вуліцу. Паводле слоў старшыні Пацейкаўскага сельвыканкама Сяргея Цвіркі, разам з якім мы наведалі прыветлівых і гасцінных гаспадароў, іх сядзіба на працягу многіх гадоў з’яўляецца адной з лепшых у аграгарадку. Маргарыта САКОВІЧ

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей