Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

24

Зіму праганялі, Вясну сустракалі

12.03.2011
У нядзелю ў зоне адпачынку каля Капыля адзначылі адно з самых вясёлых на Беларусі святаў — Масленіцу. І моладзь, і людзі больш сталага ўзросту па прыкладзе сваіх продкаў весяліліся ад душы, пастараліся цалкам акунуцца ў таямнічы свет народных традыцый і абрадаў. Ужо на ўваходзе ў зону адпачынку гасцям неабходна было паказаць веданне фальклору — прайсці імправізаваную мытню, дзе ў якасці пропуску на свята прымаліся прыказкі, прымаўкі, загадкі альбо прыпеўкі. Працавалі шматлікія атракцыёны, гульнёвыя пляцоўкі. Можна было выпрабаваць свае сілы і спрыт і паспрабаваць залезці на слуп па падарунак, схаваны ў кошыку, пагушкацца на па-веснавому прыгожа прыбраных арэлях, пакаштаваць блінцоў з самымі рознымі начынкамі і наогул больш даведацца пра стравы народнай кухні, якія рыхтавалі беларусы падчас Масленічнага тыдня. А колькі радасці і задавальнення чыталася на тварах хлопчыкаў і дзяўчынак, калі яны, уладкаваўшыся ў размаляваную брычку, запрэжаную канём-асілкам, рабілі кругі па заснежаных лясных дарожках. Аднак асноўная ўвага была скіравана на сцэну, дзе разгортвалася тэатралізаванае прадстаўленне “А ў нас сёння Масленіца!”, напоўненае песнямі, танцамі, жартамі, вясёлымі забавамі. Цікавай дзеяй умела кіравалі  Гаспадыня і яе Суседка, якім дапамагалі вясёлыя Скамарохі. Тут жа адбылася і сімвалічная сустрэча Зімы з Вясной. І няма сумненняў, хто стаў пераможцай у гэтай сутычцы. Каб умацавацца ў сваёй перавазе, Вясна ўсіх запрасіла ўзяць удзел у абрадзе “Спальванне Масленіцы”. У цеснае кола вакол саламянага пудзіла — сімвала зімы, якое прынеслі і пасадзілі на дрывяны касцёр, сталі ўдзельнікі свята, каб вясёлым карагодам адзначыць прыход вясны. У яркае вогнішча паляцелі старыя, непатрэбныя рэчы, надламаныя галінкі, тым самым кожны спрабаваў развітацца з усімі бедамі і абараніцца ад новых нягод. Але на гэтым свята не закончылася. Яшчэ доўга працягваліся Масленічныя ігрышчы, гучала музыка. Капыляне і госці нашага горада атрымалі сапраўдную асалоду і ад цудоўнага народнага абрадавага свята, і ад тых прысмакаў, што маглі набыць у гандлёвых кропках, арганізаваных Капыльскім райспажыўтаварыствам, і проста ад таго, што ў гэты святочны дзень яны змаглі выбрацца  разам  са сваёй сям’ёй, з сябрамі і проста знаёмымі на свежае паветра. Для таго, каб арганізаваць для капылян такое цікавае свята, нямала пастараліся работнікі ўстаноў культуры Капыльшчыны. Як паведаміла дырэктар раённага цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло, у тэатралізаваным прадстаўленні ўзялі ўдзел супрацоўнікі цэнтра, які яна ўзначальвае, навучэнцы Капыльскага СПЛ Віталь Канончык, Вадзім Кавалевіч, Артур Кіркалаў і Сяргей Кульбіцкі, народныя калектывы “Спадчына”, “Капыляне”, “Капыльскія дудары”, выкладчыкі і выхаванцы Капыльскай ДШМ, работнікі і ўдзельнікі аматарскіх калектываў Семежаўскага і Песачанскага цэнтраў культуры і вольнага часу, Лясноўскага і Руднянскага СДК, Сл.-Кучынскага СК, а таксама Таццяна Вошкат, Марына Бурак, Іван Нечыпурэнка, Вольга Рабко, супрацоўнікі раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей