На Капыльшчыне па ініцыятыве аддзела адукацыі, спорту і турызму і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праходзіць гульня КВЗ «Педагог ІІІ тысячагоддзя» сярод каманд устаноў адукацыі раёна.
[caption id="attachment_65846" align="aligncenter" width="580"]

■ Выступае «Школа ХХL» з Бучацінскай СШ[/caption]
У першай занальнай гульні, якая адбылася ў Цімкавіцкай сярэдняй школе, прынялі ўдзел сем каманд: «Паспець за 45 хвілін» з гімназіі № 1 г. Капыля, «Школа XXL» з Бучацінскай СШ, «Пакаленне» з Быстрыцкай СШ, «Пелікан» з Пацейкаўскай СШ, «Крэда» з Семежаўскай СШ, «АБЭП» з Смаліцкой БШ і «Мы — аграгарадскія» з Цімкавіцкай СШ. Конкурсы, якія прапанавалі арганізатары мерапрыемства, традыцыйныя і добра вядомыя аматарам гэтага надзвычай цікавага і захапляльнага дзейства. Каманды паказвалі свае візітоўкі ў «Прывітанні», дэманстравалі дасціпнасць і высокае пачуццё гумару ў «Біятлоне». Выпрабаваннем для капітанаў стаў конкурс па агучванні відэароліка. І, як заўсёды, фінальную кропку ў спаборніцтве паставіла «Дамашняе заданне».
Праз усе выступленні чырвонай ніткай праходзіла, вядома ж, школьная тэма. З дапамогай жартаў удзельнікі гульні спрабавалі выказаць свае адносіны да самых розных сітуацый, якімі так багата іх прафесійнае жыццё. Гаварылі пра вялікую загружанасць педагогаў, шукалі шляхі павышэння зацікаўленасці вучняў, узгадвалі пра невысокую заработную плату, няпростую дэмаграфічную сітуацыю і шмат пра што іншае. І ўсё гэта было багата аздоблена вясёлымі песнямі, танцамі, тэатралізацыяй, магчыма, нават з доляй гратэску.
Калі пасля першага конкурсу ажно чатыры каманды («Школа XXL», «Пелікан», «Крэда» і «Мы —аграгарадскія») атрымалі ад членаў журы, якое ўзначаліў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Дубіна, вышэйшую адзнаку, то далей разгарнулася сапраўдная канкурэнцыя. Самымі дасціпнымі падчас «Біятлону» аказаліся жарты на школьную тэматыку ў каманды з Пацеек «Пелікан», найбольш удала сваю версію агучвання ўрыўкаў з фільма «Кін-дза-дза» прадэманстравалі педагогі з Цімкавіч, а вось падчас «Дамашняга задання» не было роўных камандзе з гімназіі № 1 г. Капыля. І менавіта яна па выніках гульні набрала найбольшую колькасць балаў. Другі рэзультат паказалі педагогі з Цімкавіч, трэцюю пазіцыю падзялілі каманды з Бучаціна і Семежава.
Так, у кожным спаборніцтве ёсць пераможцы. Аднак у гульні КВЗ, бадай, самае галоўнае, што яе ўдзельнікі ні пры якіх абставінах не губляюць пачуццё гумару. А што тычыцца педагогаў, то яны зноў і зноў пацвярджаюць сваю адданасць абранай справе і правільнасць выслоўя: «Настаўнік — прафесія дальняга дзеяння, галоўная на зямлі».
На наступны дзень у КВЗ гулялі ўжо прадстаўнікі іншых школ раёна. І, як расказала старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Камёнка, лепшыя каманды па выніках абедзвюх гульняў у хуткім часе будуць спрачацца за кубак пераможцы ў фінале.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии