Кожны чалавек выбірае сваю жыццёвую сцежку, прафесію, прызванне, сам выводзіць уласную лінію лёсу. Аднак, здараецца, лёс робіць непрыкметную старонняму воку падказку. І не прыслухацца да яе нельга…
Так здарылася і з Нінай Мікалаеўнай Шатэрнік. Маці, якая з рання да позняй ночы прападала на ферме, вядома ж, для сваіх дачок хацела іншай долі. Таму з радасцю прыняла рашэнне старэйшай вучыцца ў сталіцы на настаўніцу. Следам за сястрой сабралася ў Мінск і Ніна, балазе, школу скончыла на чацвёркі і пяцёркі. Запісалася на падрыхтоўчыя курсы, марыла вучыць дзяцей матэматыцы. І вось яна – падказка лёсу! Неяк у тралейбусе з дзяўчынай здарылася непрыемнасць – выразалі кішэню, укралі грошы… Цяпер ужо цяжка сказаць, што кіравала Нінай у той дзень: крыўда, роспач. Хуценька сабраўшы рэчы, яна вярнулася ў родныя Свідзічы. “Не хачу больш у Мінск, не люблю горада!” – плакала на матчыным плячы дзяўчына. І назаўтра пайшла на ферму. Ёй далі групу першацёлак. Даілі ў той час кароў рукамі. Нават для вопытнай даяркі справіцца з цялушкамі няпроста, а тут дзяўчо зялёнае. А гэтае дзяўчо па выніках работы за 1973 год атрымала пераходны кубак імя Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Букатай і каштоўны падарунак – гадзіннік. “Ён і сёння стаіць як напамін пра мінулыя гады, — расказвае Ніна Мікалаеўна. –- Праўда, ужо даўно не працуе яго механізм. Але выкідваць шкада. Усё ж такая памяць”.
Праз два гады Ніна такі вырашыла атрымаць адукацыю. Паступіла ў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, стала заатэхнікам. І тут пачаліся яе новыя “ўніверсітэты”. Дзяўчына сустрэла свайго выбранніка, закахалася, сыгралі вяселле. З галавой акунулася ў прыемныя клопаты маладой жонкі і хутка спазнала шчасце мацярынства. І не адзін раз, а ажно пяць. Трох сыноў і дзвюх дачок выгадавала разам з каханым мужам. У 1981 годзе пайшла на пенсію маці, і Ніна прыняла яе групу. Калі ў лютым 1987 года ў раёне стварылі клуб даярак-пяцітысячніц, Ніна Шатэрнік стала яго членам. “Мне тады здавалася, як гэта Н. Лабацэвіч з племзавода імя Дзяржынскага можа ад адной каровы надаіць па 7000 кг малака, – успамінае Ніна Мікалаеўна. – Гэта ж так цяжка. А цяпер ужо тры гады запар на нашай ферме (МТФ “Свідзічы” ААТ “Старыца-Агра” – М. С.) у сярэднім атрымліваем больш за сем тысяч. Летась, напрыклад, надаілі па 7405 кг, а наша лепшая даярка Святлана Бяганская – 7892 кг ад кожнай каровы сваёй групы”.
Вось ужо 13 гадоў Ніна Мікалаеўна Шатэрнік узначальвае МТФ “Свідзічы”. Калектыў падабраўся дружны, згуртаваны. “Знаеце, я сама старушка. І даяркі мае такія ж, — весела бліснуўшы вачыма распавядае жанчына. – Яны такія ў мяне рабацяшчыя. Колішнія людзі не такія, як цяперашнія маладыя. Усёй душой перажываюць за сваю справу. Такога, каб прапусціла ці не дагледзела нейкую карову, ніколі не было. Хапае хваляванняў і мне: тут карова не расцельваецца, там захварэла, а не дай Бог, яшчэ зломіцца што…”
Усяго пад началам Ніны Мікалаеўны пяць даярак (адна з іх падменная), два даглядчыкі, слесар, вартаўнік, трактарыст, які працуе на раздатчыку кармоў. Увесь працэс дакладна адрэгуляваны, інакш адкуль такія высокія рэзультаты – некалькі гадоў запар лідарства сярод малочнатаварных фермаў раёна. Аднак нягледзячы на ўсе дасягненні сучаснай тэхналогіі ўтрымання статка, Ніна Мікалаеўна ўпэўнена, што галоўнае – усё ж людзі. І з вялікім шкадаваннем гаворыць пра тыя часы, калі пойдуць на заслужаны адпачынак яе даяркі. Хто іх тады заменіць?!
З пяцярых дзяцей Ніны Шатэрнік трое засталіся жыць і працаваць у роднай гаспадарцы. Вярнулася ў Свідзічы і яе старэйшая сястра, ужо пенсіянерка. Відаць, нешта вельмі прыцягальнае ёсць у гэтай невялікай беларускай вёсачцы.
“Муж мой вельмі хварэе, перанёс інфаркт, — са шкадаваннем у голасе працягвае гутарку Ніна Мікалаеўна. – Стараюся, каб ён не перагружаўся, а то, чуць што – і за нітрагліцэрын хапаецца. Таму ўся гаспадарка, лічы, на мне. Трымаем яшчэ кароўку, свіней, садзім агарод, бульбу. Усё патрабуе ўвагі і вольнага часу. А яго вельмі не хапае. Нават без будзільніка прачынаюся штодня ў чатыры гадзіны раніцы – а палове пятай на ферме быць ужо трэба. Печ палю толькі пасля дзённай дойкі, увечары дамоў не раней за дзесяць гадзін вяртаюся. Калі ж тут знайсці час, каб нечым акрамя работы і сваёй гаспадаркі займацца. Нават закаткі, бывае, уначы раблю”. І тут раптам настрой Ніны Мікалаеўны мяняецца, нібы яна пераключаецца на іншую, больш прыемную хвалю радыёпрыёмніка: “Хачу сказаць, што ў гаспадарцы пра мяне ніколі не забываюць: даюць білеты на канцэрты, запрашаюць на розныя ўрачыстасці. Пазалетась і ў Мінску на вялікім форуме, прысвечаным юбілею нашай вобласці была. Адным словам, паважаюць. І гэта прыемна”.
А каго ж паважаць, як не такіх як Вы, Ніна Мікалаеўна, працаўніц, якія ўсё сваё жыццё, усе свае сілы і ўменне аддалі роднай гаспадарцы. На такіх і наша Бацькаўшчына трымаецца.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКУ: Н. Шатэрнік (справа) з даяркамі МТФ “Свідзічы” (злева направа) С. Ганчарык, В. Махнёвай, С. Бяганскай, В. Белянковай.
Фота аўтара
Комментарии