Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч правяла прыём грамадзян у ДУА «Грозаўскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа».

З чатырох зваротаў, якія паступілі да народнага выбранніка, два датычыліся стану дарог. Жыхара аграгарадка Грозава турбавала дарожнае пакрыццё каля дома, дзе ён жыве. Там, па словах мужчыны, утварылася яма, і вялікагрузны транспарт, які трапляе ў яе, стварае шмат шуму. Жыхару аграгарадка растлумачылі, што ўжо ў гэтым годзе запланаваны рамонт дарогі і на гэтай вуліцы з’явіцца новы асфальт.
Стан гравійкі ў в. Слабодка Грозаўскага сельсавета турбаваў жанчыну, якая жыве ў гэтым населеным пункце. Дэпутат узяла пытанне на кантроль, запэўніўшы, што ў вёсцы дарожная служба выканае грэйдзіраванне і падсыпку дарогі.
Работнікі таварыства з абмежаванай адказнасцю зноў паднялі праблему выплаты заработнай платы, якую прадпрыемства не выплачвае на працягу некалькіх месяцаў. Людміла Ніжэвіч патлумачыла, што крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены. Днямі адбудзецца сход з удзелам работнікаў прадпрыемства, дзе ім падрабязна раскажуць пра бліжэйшую перспектыву ў вырашэнні гэтага пытання.
Па дапамогу да дэпутата звярнулася жыхарка аграгарадка Мажа. Жанчына патлумачыла, што ў вясновы перыяд талая вада падтапляе гаспадарчыя пабудовы, ствараючы праблему для вядзення хатняй гаспадаркі. Людміла Ніжэвіч узяла пытанне на кантроль.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии