8 Сакавіка – асаблівы дзень, калі здаецца, само паветра напоўнена рамантыкай і прыгажосцю. Цудоўная палова чалавецтва атрымлівае букеты, падарункі, у гонар жанчын гучаць самыя цёплыя і пяшчотныя словы. А што ж азначае гэта свята для мужчын, якія падарункі яны рыхтуюць? Адказы на пытанні загадчык аддзела радыё і інфармацыі Сяргей КОЗЕЛ атрымаў ад нашых суразмоўцаў.
Леанід ПРЫШЧЭПА, механізатар ААТ “Прагрэс-2010”:
— 8 Сакавіка – дзень незвычайны для мяне. Ужо пры яго набліжэнні ўзнікае нейкае хваляванне: як не абдзяліць увагай жанчын, што падарыць? Разам з двума сынамі мы абавязкова павіншуем нашу любую жонку і матулю Таццяну Іванаўну, не забудземся і пра бабуль. Думаю, што прыгатую святочны абед, будуць абавязкова кветкі (Таццяна Іванаўна вельмі любіць займацца іх вырошчваннем) і, безумоўна, маё каханне…
Ігар ЧАРКАС, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
— У гэты дзень самыя лепшыя словы мы адрасуем жанчынам. Аддаю перавагу віншаванням, якія ідуць ад сваёй душы. Вядома ж, не абыдуся без кветак для сваіх родных жанчын, але, думаю, дарыць іх трэба не толькі ў гэты дзень, а часцей, нават без нагоды. Ды і ўвагу ўдзяляць штодня, а 8 Сакавіка, безумоўна, асаблівую. Рыхтую да гэтага свята і іншыя падарункі.
Яраслаў ГРЫБОК, начальнік цэха ААТ “Капыльскі РКБА”:
— Гэта адно з цудоўных святаў. Прыходзіць вясна, усё ажывае. Жанчына – гэта свайго роду кветка, якая асабліва расцвітае ў такі дзень. На маю думку, адным з лепшых падарункаў могуць быць кветкі і, вядома ж, сувеніры на памяць. Віншую сваіх родных жанчын, а таксама тых, хто працуе ў камбінаце бытавога абслугоўвання, выступае ў народным ансамблі народнай песні “Спадчына” і ўвогуле ўсіх прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва.
Андрэй ЛЯТЧЭНЯ, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея:
— З 8 Сакавіка пачынаецца вясна. Свята сімвалізуе дабрыню, сардэчнасць, ласку і пяшчоту, жыццёвую мудрасць і ўвогуле ўсё тое, з чым асацыіруецца жанчына. Жадаю, каб кожны веснавы дзень быў напоўнены шчасцем і любоўю. Як абавязковы атрыбут свята, сваім жонцы і матулі падару кветкі. А наконт іншых падарункаў не хачу раскрываць сакрэт. Сваіх супрацоўніц таксама павіншую са святам.
Комментарии