Значнае пацяпленне прагназуюць сіноптыкі на наступным тыдні. Таму на палі раёна ў хуткім часе выйдуць тэхніка і хлебаробы, каб у сціслы тэрмін правесці пасяўную. Адным з важных звёнаў у ланцужку вясенняй кампаніі з’яўляецца харчаванне хлебаробаў. Як падрыхтаваны сталовыя да гэтай сельскагаспадарчай справы, выяўляў сумесны рэйд, арганізаваны супрацоўнікамі раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, РК прафсаюза работнікаў АПК, рэдакцыі газеты “Слава працы”.
[caption id="attachment_8676" align="aligncenter" width="443" caption="Падчас праверкі ў МАУП “Доктаравічы – старэйшы повар у раёне Лідзія Цыбулька, Наталля Ткачук і Аляксандр Татарыцкі"]
[/caption]
Першай гаспадаркай на маршруце значылася
МАУП “Доктаравічы”. У сталовай ішоў рамонт абедзеннай залы, дзе ў хуткім часе замест старога лінолеуму з’явіцца плітка. Таксама адміністрацыя сельгаспрадпрыемства знайшла фінансавыя сродкі на набыццё новага абсталявання (у прыватнасці з’явілася новая халадзільная шафа для вытворчых памяшканняў). Таксама ўстаноўлены воданагравальнік, што аблегчыць поварам работу па мыцці посуду. Маецца і неабходная маркіроўка на кухонным абсталяванні. У цэлым удзельнікі рэйду далі станоўчую ацэнку праведзенай рабоце. Але, разам з тым, неабходна ўстанавіць дазатары для мыцця і апрацоўкі рук (як таго патрабуюць санітарныя нормы), а таксама завяршыць рамонт абедзеннай залы. На кантролі застаецца яшчэ нявырашанае пытанне з раздатчыкамі абедаў і транспартам для іх дастаўкі.
З лепшага боку адзначана падрыхтоўка сталовай
ААТ “Піянер-Агра”. Да гатавання абедаў тут падрыхтаваліся грунтоўна. Кругом – чысціня і парадак. Абноўлена частка кухонных прылад. Але на некаторыя недапрацоўкі па сталовай удзельнікамі рэйду ўсё ж была скіравана ўвага спецыялістаў гаспадаркі. У прыватнасці, неабходна ўстанавіць мойку і дазатары для мыцця і апрацоўкі рук повараў.
Удзельнікі рэйду наведалі сталовую аграгарадка Быстрыца, якая павінна забяспечыць якасным харчаваннем хлебаробаў
ААТ “Ціміразеўскі”. Акрамя элементарнай уборкі фактычна тут нічога не зроблена. Магчыма, адбылося гэта з-за рэжыму работы сталовай, якая працуе круглы год. Не завершаны рамонт абедзеннай залы і бытавога памяшкання, няма добрых умоў для захавання агародніны і прыбіральнага інвентару, як і не завершана добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі. Не вызначыліся з транспартам для дастаўкі абедаў на палі і з раздатчыкамі, якім неабходна было прайсці медыцынскі агляд.
У
ЗАТ “Жыліхава” знадворку можна было заўважыць, што работы ў сталовай ужо зроблены. Праведзены касметычны рамонт будынка і ўнутраных памяшканняў. Таксама часткова заменены зношаны інвентар. Устаноўлены дазатары для мыцця і апрацоўкі рук. Але, увогуле, стары будынак і абедзенная зала патрабуюць капітальнага рамонту. На гэта скіроўвалі ўвагу ўдзельнікі рэйду.
Апошнім прыпынкам стала сталовая
ААТ “Капыльскае”, якая змешчана на тэрыторыі свінагадоўчага комплексу. Будынак даўно патрабаваў рамонту, і адміністрацыя знайшла-такі сродкі для правядзення неабходных работ, якія ў бліжэйшы час плануецца завяршыць. Таму гэта не стане перашкодай, і сталовая здолее забяспечыць сваіх земляробаў гарачымі абедамі. Усе неабходныя ўмовы для гэтага ёсць. Хаця транспарт для дастаўкі харчавання яшчэ не прайшоў адпаведную праверку ў раённым Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Удзельнікі рэйду адзначылі, што ў цэлым для забеспячэння механізатараў абедамі праведзена значная работа. А для выпраўлення некаторых недахопаў яшчэ ёсць час. На кантролі кіраўнікоў гаспадарак павінны быць не толькі тэрміны правядзення веснавой сяўбы, але і якаснае харчаванне хлебаробаў. Гэта – складаемыя поспеху ў адной важнай справе.
У рэйдзе прымалі ўдзел:
Наталля Ткачук,
загадчыца аддзела гігіены “ДУ “Капыльскі РайЦГЭ;
Аляксандр Татарыцкі,
старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК;
Сяргей ЛАЗОЎСКІ, фотакарэспандэнт газеты “Слава працы”.
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии