33
В Копыле в минувшее воскресенье на центральной площади отгуляли Масленицу (CMigrator copy 1)
23.02.2018
На цэнтральнай плошчы райцэнтра, нягледзячы на няўстойлівае халоднае надвор’е, сабралася шмат тых, каму гэтым выхадным днём не сядзелася дома. Упэўнена: цікавая тэатралізацыя і смачныя стравы беларускай народнай кухні, якія можна было паспрабаваць тут жа разам з духмянай гарбатай, не давалі нікому магчымасці засумаваць. Вельмі смачнымі блінцамі і з цукрам, і з рознымі начынкамі частавалі супрацоўнікі Песачанскага цэнтра культуры і вольнага часу і Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі. Кошт такіх пачастункаў — вершык, анекдот або песенька.
А ў гэты час са сцэны ліліся і вясёлыя, і лірычныя песні. Іх цудоўна выконвалі артысты раённага Цэнтра культуры і раённага цэнтра традыцыйнай культуры. А жарты? Хіба ж можна праводзіць зіму без гарачых жартаў? Таму госці свята не шкадавалі ўсмешак і апладысментаў самадзейным артыстам. Пра тое, што выступленне было цікавым, сведчыць шматлікая колькасць гледачоў, якія рабілі фота- і відэаздымкі прадстаўлення.
Тыя ж, каму асабістая актыўнасць не давала проста стаяць на месцы і назіраць за тэатралізацыяй, з задавальненнем змагаліся ў розных конкурсах. Тут табе і хадзьба на слупаходах, і бойка на мяхах, і кідкі мячыкаў па мішэнях, і многае, многае іншае. Словам, сумаваць было проста немагчыма. А падрыхтавалі гульнёвую праграму: для дзяцей — супрацоўнікі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна, для дарослых — творчыя работнікі раённага Цэнтра культуры.
Але ўсё ж такі гледачы з нецярпеннем чакалі моманту, калі будуць паліць пудзіла зімы. А каб разам з ім згарэлі ўсе непрыемнасці і збыліся добрыя пажаданні, госці свята завязалі рознакаляровыя стужкі. І вось час настаў: апранутая і размаляваная лялька, якая сімвалізавала халодную зіму, пачала хавацца ў полымі.
— А ну, гары, гары ярчэй, каб было гарачэй! Каб сонца прыгравала ды непагадзь разганяла! — спявалі скамарохі (навучэнцы Капыльскага дзяржаўнага каледжа Даніла Хацяновіч і Яўген Маёраў) разам з капылянамі ў святочным карагодзе.
Каб хутчэй прыходзіла вясна!
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Поделиться
Комментарии