Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

59

Дмитрий Яковлевич Кот родился в 1897 году в д. Малые Прусы

23.02.2018
Дзмітрый Якаўлевіч Кот, які са зброяй у руках змагаўся за станаўленне савецкай улады і абараняў яе ў радах нядаўна створанай Чырвонай Арміі, нарадзіўся 7 лістапада 1897 года ў в. Малыя Прусы. 8_2 Дзмітрый апраўдаў надзеі бацькоў, якія бачылі вялікія здольнасці сына да вучобы, таму выбіваліся з сіл, каб даць яму адукацыю. Пасля паспяховага заканчэння Слуцкай гімназіі ён паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт. Там пазнаёміўся з сацыял-дэмакратамі. Удзельнічаў у нелегальных сходах, выконваў першыя невялікія даручэнні падпольнай арганізацыі. Кастрычніцкую рэвалюцыю Дзмітрый сустрэў у сваёй роднай вёсцы. Як толькі нямецкія захопнікі акупіравалі воласць, Дзмітрый Кот стаў арганізатарам партызанскага атрада. Пасля выгнання захопнікаў Дзмітрыя Якаўлевіча выбіраюць старшынёй Цімкавіцкага валаснога рэўкама. У лістападзе 1918 года ён уступіў у   рады членаў РКП(б). Малады камуніст карыстаўся выключнай павагай і аўтарытэтам у насельніцтва. Ён выбіраецца дэлегатам і з’яўляецца актыўным удзельнікам першых павятовых з’ездаў Саветаў. Хутка буржуазна-памешчыцкая Польшча пачала ваенныя дзеянні супраць маладой Савецкай рэспублікі, захапіла шэраг заходніх паветаў. Паўсюдна фарміраваліся чырвонаармейскія часці. Дзмітрый Кот з групай партыйцаў уступіў у Чырвоную Армію. Стаў радавым чырвонаармейцам 9-й роты 145-га палка 17-й стралковай дывізіі, затым палітруком роты. Удзельнічаў у многіх баях. Быў паранены. Праз некаторы час Дзмітрыя Якаўлевіча прызначылі камісарам батальёна. У ліпені зноў пачаліся цяжкія баі. Параніла камісара палка. Яго замяніў батальённы камісар. За некалькі дзён да ліпеньскага наступлення 1920 г. палкавы камісар быў прызначаны памочнікам камісара брыгады, а ў ходзе баёў — камандзірам стралковага палка. Ён пастаянна бываў у ротах, батальёнах, заўсёды ішоў у першых радах наступаючых. Давялося ўдзельнічаць у баях пад Вілейкай, Полацкам, Мазыром, прымаць удзел у Вісленскай аперацыі. Апошняя пасада ў перыяд грамадзянскай вайны — камісар брыгады. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны ў прыгранічных раёнах дзейнічалі антысавецкія банды. Брыгада, у якой Дзмітрый Кот быў камісарам, прымала актыўны ўдзел у разгроме бандытаў у раёне Капаткевічаў, за што Дзмітрый Якаўлевіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Нялёгкі шлях прайшоў наш зямляк у далейшым. У 1922 г. ён прызначаецца камісарам мабілізацыйнага ўпраўлення штаба Заходняга фронту. Высокую адзнаку бальшавіцкай прынцыповасці камісара Дзмітрыя  Ката даў камандуючы войскамі фронту М. Тухачэўскі. На Захадзе Дзмітрый Якаўлевіч доўга не затрымаўся. Дабіўся пераводу ў Далёкаўсходнюю народна-рэвалюцыйную армію, якая яшчэ вяла барацьбу з японскімі інтэрвентамі і белагвардзейскімі бандамі. Тут ён быў прызначаны начальнікам аддзела штаба 5-й арміі, якой камандаваў I. Убарэвіч, а з жніўня 1924 г. — ваенным камісарам стралковай дывізіі. Здольны, таленавіты ваенны камісар у 1927 г. паспяхова закончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе. Пасля гэтага працаваў начальнікам мабілізацыйнага аддзела Вышэйшага Савета народнай гаспадаркі, начальнікам ваенна-хімічнага трэста, у 1932 ‒ 1935 гг. — начальнікам Усесаюзнага парахавога трэста, у 1936 – 1937 гг. — упраўляючым ваенна-хімічнага трэста, намеснікам начальніка Галоўнага Упраўлення Наркамата абароннай прамысловасці. Знаходзячыся на гэтых пасадах, яму часта даводзілася сустракацца з наркомам цяжкай прамысловасці Сярго Арджанікідзе. Але 1 жніўня 1937 г. Дзмітрый Якаўлевіч Кот быў неабгрунтавана  рэпрэсіраваны  і  расстраляны.  У 1955 г. ён поўнасцю рэабілітаваны і адноўлены ў правах члена КПСС пасмяротна. Дзіяна ТКАЧЭНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей