І дапаможа нам разабрацца ў іх сэнсе настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі Людміла ЛАЗОЎСКАЯ.
Жыве кот і жыве сабака. Гэта значыць не аднолькава, людзі жывуць у розных матэрыяльных і іншых умовах. (Сінанімічныя: Жыве кот і сабака, ды жытка не аднака; Жыве кот і сабака, ды толькі жытка не аднака: кот на пячы, сабака пад дзвярыма).
Жывём як гарох пры дарозе — хто ідзе, той і скубе. Гавораць пра неспрыяльныя жыццёвыя ўмовы, трывожнае, неспакойнае ці адзінокае і без догляду жыццё.
Жывём, хлеб жуём. Жывём памаленьку. Часцей гаворыцца як адказ на пытанне: «Як жывеш (жывяце)?» Часам ужываецца як няпэўная характарыстыка жыцця.
Жыві, Ярома, да смерці дома. Кажуць як рашучае адмаўленне пераязджаць куды-небудзь з родных мясцін.
Жывому наўме жывое. Гаворыцца ў апраўданне таго, што думкі і дзеянні чалавека звязаны не з чым-небудзь іншым, а з жыццёвымі справамі, надзённымі інтарэсамі. (Жывы ж пра жывое думае).
Жывы ў зямлю не палезеш. Заўчасна не памрэш. Гаворыцца як апраўданне становішча, з якім прыходзіцца мірыцца.
Жыццё пражыць — не лапці сплесці. Жыццё пражыць — не лёгкая справа. (Сін.: Век звекаваць — усяго пазнаць; Век зжыць — не мех сшыць; Жыццё пражыць — не поле перайсці).
Жыццё закон нязломны мае: ніколі праўда не ўмірае. Мае кніжнае паходжанне. Гаворыцца з упэўненасцю і верай у перамогу справядлівасці. (Сін.: Праўду не схаваеш; Усё мінецца, а праўда застанецца).
Жыццё пражыць — не поле перайсці. (Сін.: Жыццё пражыць — не лёгкая справа; Век звекаваць — усяго пазнаць; Век зжыць — не мех сшыць; Жыццё пражыць — не лапці сплесці).
Жыццё што макаў цвет: раніцой расцвітае, а к вечару ападае. Пра жыццё як зменлівую з’яву ў розныя яго перыяды.
А вось яшчэ цікавыя прыказкі, звязаныя з жыццём, удакладню: з сямейным жыццём. Сэнс іх — жаніцьба ды жонка.
Жаніся, каб дурні не звяліся. Гаворыцца звычайна як жартаўлівы адказ на прапанову жаніцца.
Жонка (баба) у хаце тры вуглы трымае, а мужчына (мужык) адзін. Куды большая частка хатняй, гаспадарчай работы, клопатаў прыпадае на жонку, чым на мужа. (Сін.: Жонка дзяржыць хату за тры вуглы, а мужык за чацвёрты).
Жонка не лапаць, з нагі не скінеш. Жонку нельга пакінуць, з ёй цяжка расстацца. (Сін.: Жонка не рукаў, не адпораш; Жонка не бот — не скінеш).
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии