Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

46

Чалавек і яго справа

02.03.2011
У жыцці гэтага інтэлігентнага, сярэдняга росту мужчыны ў тонкіх акулярах на стыку мінулага і сёлетняга года адбылося адразу тры падзеі – яму споўнілася 50, нарадзілася другая ўнучка, акруглілася да 5 гадоў дата работы ў спажыўкааперацыі. Апошняя лічба асабліва не ўражвае, калі не ўлічваць, што пяць гадоў за прылаўкам адпрацаваў заатэхнік з вышэйшай адукацыяй і дваццаціпяцігадовым стажам работы па спецыяльнасці. — Бывае так у жыцці, — расказвае загадчык сельмага з Кіявіч Аляксандр Іванавіч Даўбнюк (на здымку). — Калі пачалі ствараць адкрытае акцыянернае таварыства “Капыльскае”, у склад яго ўвайшоў і калгас імя Ульянава. Спецыялістаў майго профілю аказалася з лішкам, і я трапіў пад скарачэнне. Нейкі час быў без справы, а потым прапанавалі пайсці загадчыкам магазіна ў Кіявічы. Рабіць не было чаго, згадзіўся. Прайшоў курс вучнёўства пры ляшнянскім сельскім магазіне і потым прыступіў да самастойнай работы. Бянтэжыла трохі тое, што да магазіна ад свайго дому шэсць кіламетраў. Але прызвычаіўся: вясну, восень і лета дабіраўся на веласіпедзе. Зімой крыху горш – то пехатою, то на спадарожнай машыне, то на аўтобусе. Здаецца, і невялікі шлях, але калі закруціць завіруха або ціскане марозік – то мала не падасца. Добра што хоць магазін добра апальваецца – адагрэешся. Гандлёвая кропка размешчана на стыку дзвюх даволі вялікіх вёсак. Жывуць тут у асноўным пенсіянеры. Таму загадчык сельмага заказвае тавар (у асноўным прадукты) невялікімі партыямі, каб той не залежваўся. Тым больш, што сур’ёзную канкурэнцыю складаюць прыватныя прадпрымальнікі: дзве аўталаўкі-мікрааўтобусы двойчы на тыдзень развозяць па вёсках прадукты. І, канечне, пенсіянер палічыць мэтазгодным купіць тую муку ці цукар прама каля веснічак, чым ісці да магазіна. А між тым у сельмагу даволі вялікі выбар прадуктаў – звыш 70 відаў, каля 30 – спадарожныя тавары. Варта адзначыць, што ў гандлёвай кропцы заўсёды парадак – як на складах, так і ў зале. Штатнай прыбіральшчыцы тут няма, таму Аляксандр Іванавіч робіць усё сам. Робіць акуратна, старанна. Нездарма за пяць гадоў работы з боку санслужбы не было ніводнай заўвагі. — У мяне і дома парадак, — зазначае Даўбнюк. – Дом з усімі зручнасцямі, сад, агарод, кветнік. Ёсць жыўнасць. Канечне, і жонка шмат клапоціцца, але для мужчынскіх рук у вясковай гаспадарцы заўсёды занятак ёсць. — Аляксандр Іванавіч, мужчына ў гандлі — даволі рэдкая з’ява. Вы, напэўна, збалаваны жаночай увагай? – жартам пытаюся ў субяседніка. — Яшчэ як! – таксама жартаўліва адказвае Даўбнюк. – Мяркуйце самі: дома пяць жанчын – жонка, тры дачкі, дзве ўнучкі. А на рабоце нас усяго трое мужчын – работнікаў гандлю ў кааперацыі. — Напэўна на 50-гадовы юбілей былі віншаванні, кветкі, падарункі? — Канечне. І ад праўлення райспажыўтаварыства, і ад калег, і ад родных. І, ведаеце, такая ўвага бадзёрыць, вымушае да актыўнай работы, імкнуцца адказваць клопатам на клопат. З тым і жывём. Іван СУРМАН,   г. Узда

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей