СПЕЦВЫПУСК, посвященный 50-летнему юбилею СХФ “Криница” ОАО “Минскремстрой”.
Дзесяць гадоў узначальвае ветэранскую арганізацыю СГФ “Крыніца” Святлана Іванаўна Астрэйка. Імкненне, і самае галоўнае, уменне працаваць з людзьмі, жыць іх праблемамі, дзяліць з імі радасць і гора, сфарміравалі, відаць, 34 гады працы ў Слабада-Кучынскім сельскім Савеце. Цёплыя адносіны да пажылых людзей, жаданне прыйсці на дапамогу, паспрыяць у вырашэнні праблемных пытанняў, актыўная жыццёвая пазіцыя сталі падставай для абрання Святланы Іванаўны старшынёй ветэранскай арганізацыі яшчэ на адзін тэрмін.
— У склад нашай ветэранскай арганізацыі, — расказвае Святлана Іванаўна, — ўваходзяць 263 чалавекі. Гэта не толькі працаўнікі сельгаспрадпрыемства, але і людзі, якія пайшлі на заслужаны адпачынак з устаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя і г. д. Наша арганізацыя згуртаваная, дружная. Можна ўзгадаць нямала спраў, якія ладзілі разам. Часта арганізоўваем суботнікі, клапоцімся пра чысціню і парадак у нашых населеных пунктах. Напрыклад, добраўпарадкавалі магілы загінуўшых партызан на могілках у Сл.-Кучынцы (устанавілі 10 надмагільных пліт за кошт СГФ “Крыніца”). Стараюся абавязкова наведацца (і не адзін раз) да членаў нашай арганізацыі, распытаць пра іх жыццё, выслухаць нейкія просьбы і пажаданні, павіншаваць іх са святамі. Канечне, хацелася б зрабіць для пажылых людзей значна больш, аднак часта ўсё, як кажуць, упіраецца ў фінансы.
Тым не менш, імкнёмся жыць цікава, насычана і адчуваем, што мы таксама ў страі. Добра, што ў нас з’явіўся сельскі клуб, дзе можна сустрэцца, пагутарыць, неяк адзначыць святы і ўрачыстасці.
Комментарии