Нашы продкі ўяўлялі Масляну — дачку паўночнага мароза — хітрай заліхвацкай бабай. Прыходзіла яна пасля доўгай зімы, весяліла народ: скакала — дык да непрытомнасці, ела — дык да абжорства.
Рытуальнай стравай спрадвеку былі бліны. Гатаванне іх лічылася асаблівым абрадам, таемствам. Гаспадыні гатавалі рошчыну ноччу, пры маладзіку, у поўнай цішыні. Магчыма, таму бліны заўсёды атрымліваліся смачнымі.
У праваслаўным жа царкоўным календары Масленічны тыдзень папярэднічае Вялікаму посту. Яго называюць Сырнай седміцай — мяса ўжо не гатуюць, затое масла, сыр (цудоўнае дапаўненне да бліноў і аладак), іншыя малочныя прадукты ядуць удосталь.
Зрабіць смачным масленічны тыдзень нам дапамогуць удзельніцы клуба аматарскай творчасці «Лоцвінскія ўдалухі» Галіна Дрожжа, Валянціна Шыманская і Іна Ладнюк, якія прапанавалі цікавыя і крыху незвычайныя рэцэпты бліноў і аладак. Смачна есці!
Бабуліны аладкі
200 г дробнай вермішэлі, 200 – 250 г тварагу, 3 – 4 яйкі, 2 ст. лыжкі цукровай пудры, 100 г сметанковага масла, 100 г смятаны, фруктовы сіроп ад любога варэння, соль.
Вермішэль адварыць, адкінуць на друшляк, астудзіць, тварог працерці праз сіта, бялкі аддзяліць ад жаўткоў. Змяшаць звараную вермішэль, тварог, цукар, трохі солі і жаўткі. Асобна ўзбіць бялкі і ўвесці іх у атрыманую масу. Сфармаваць з яе аладкі і абсмажыць на сметанковым масле з двух бакоў. Смятану ўзбіць з цукровай пудрай да густой пены. Аладкі выкласці на талерку, зверху паліць узбітай смятанай, а па баках — фруктовым сіропам.
Дражджавыя бліны (старадаўні рэцэпт)
2,5 шклянкі пшанічнай мукі, 1/3 шклянкі грачанай мукі, 25 г свежых дражджэй, сталовая лыжка цукру, чайная лыжка солі, алей.
Замясіць з вечара даволі густое цеста з грачанай і паловы нормы пшанічнай мукі, дражджэй і вады і змясціць яго на холад. На наступны дзень дадаць астатнюю муку, цукар, соль і даць цесту падняцца. За 30 хвілін да выпечкі бліноў уліць у цеста столькі цёплай вады, каб яно мела гушчыню смятаны, і змяшаць. Пасля чаго можна выпякаць бліны.
Аладкі «Здароўе»
200 г тварагу, 2 яйкі, 200 г варанага гарбуза, 2 ст. лыжкі крухмалу, 2 ст. лыжкі цукру, па 1 шклянцы малака і мукі, крыху солі і молатай карыцы.
Тварог і гарбуз расцерці, з усіх прадуктаў замясіць не вельмі вадкае цеста (можна падсыпаць яшчэ мукі), смажыць на алеі з двух бакоў да гатоўнасці.
Аладкі «Лапушка»
3 – 4 сярэднія яблыкі, 500 г мукі, 2 шклянкі малака, 25 г дражджэй, 2 яйкі, 2 ст. лыжкі алею, 1 ст. лыжка цукру, крыху солі.
У цёплым малацэ развесці дрожджы, уліць алей, дадаць яйкі, добра перамяшаць. Усыпаць соль, цукар, паступова дадаць муку. Замясіць цеста, паставіць у цёплае месца, каб падышло.
Яблыкі ачысціць і нарэзаць тонкай саломкай, усыпаць у цеста і змяшаць. Смажыць на алеі з двух бакоў да залацістага колеру. Падаваць да стала са смятанай або варэннем.
Аладкі з аўсянай кашы
Зварыць густую аўсяную кашу на вадзе з цукрам і соллю. Астудзіць, дадаць нацёртыя на буйной тарцы яблыкі, крыху мукі, перамяшаць. Падсмажыць аладкі на патэльні з алеем.
Бліны з курыцай
Бліны:
2 ст. лыжкі мукі, 2 яйкі, 0,5 шклянкі малака, соль на кончыку чайнай лыжкі, алей (3 ст. лыжкі ў цеста).
Начынка: 0,5 кг курынай грудкі, 100 г сыру, 1 сярэдняя цыбуліна, 0,5 морквы, 3 ч. лыжкі алею, салёны агурок для пікантнасці, перац чырвоны горкі.
Пяком тонкія бліны. Для начынкі грудку рэжам на дробныя кавалачкі, цыбулю, моркву здрабняем і абсмажваем паасобку. Змешваем, дадаём перац. Агурок рэжам тоненькімі палосачкамі. Сыр тром на тарцы. Бяром гарачы блін, кладзём грудку з морквай і цыбуляй, затым — 2 тоненькія кавалачкі агурочка, зверху пасыпаем сырам і згортваем блін канверцікам.
Аладкі на кефіры
1,5 шклянкі мукі, 2 яйкі, 0,5 шклянкі кефіру, 2 ст. лыжкі смятаны, ¾ ст. лыжкі цукру, 0,5 ч. лыжкі соды, ¼ ч. лыжкі солі, алей.
Яйкі ўзбіць з цукрам і соллю. Дадаць кефір і смятану. Соду змяшаць з мукой, усыпаць у прыгатаваную сумесь, старанна перамяшаць. Смажыць аладкі з двух бакоў на алеі.
Бліны сметанковыя
2 шклянкі мукі, па 2 ст. лыжкі сметанковага масла і цукру, 4 яйкі, 2 шклянкі малака, ванільны цукар для пасыпкі, алей для смажання.
Жаўткі добра расцерці з размякчаным сметанковым маслам. Дадаць прасеяную муку, цукар, малако і ўзбітыя ў пену бялкі яек. Выпякаць бліны на алеі, падсмажыць іх з аднаго боку. Другі бок бліноў пасыпаць ванільным цукрам, паліць растопленым сметанковым маслам (крыху). Згарнуць кожны блінец у трубачку. Падаваць гарачымі.
Комментарии