Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

30

Як усё пачыналася

28.02.2011
СПЕЦВЫПУСК, посвященный 50-летнему юбилею СХФ “Криница” ОАО “Минскремстрой”. Міхаіл Сяргеевіч Рымашэўскі ў гаспадарцы з першага дня яе заснавання. Працаваў трактарыстам, брыгадзірам трактарнай брыгады, механікам, загадваў гаражом, быў галоўным інжынерам. На пенсію выйшаў у 1994 годзе, але і зараз працягвае шчыраваць на карысць роднай гаспадаркі: займаецца сваёй самай любімай справай – даглядае пчол, якіх у СГФ “Крыніца” 30 сем’яў. — Раней у Слабада-Кучынцы і бліжэйшых вёсках быў калгас — “Зара свабоды”, — успамінае ветэран. — Аднак калгаснае жыццё мела і такі адмоўны бок, як немагчымасць атрымліваць за сваю працу грошы, а толькі працадні, якія неяк кампенсаваліся ў канцы года. Таму вялікае імкненне стаць рабочымі саўгаса было зразумелым. У лістах з такой просьбай ставілі свае подпісы ўсе. І жаданне вяскоўцаў было пачута. У канцы 50-х гадоў узнік саўгас “Лясное”, у які сабралі ўсе гаспадаркі ад Рымашоў да Бора. Праз год (у 1961-м) яго падзялілі на два саўгасы: “Лясное” і “Крыніца”. У 1965 годзе з “Крыніцы” выдзеліўся і саўгас “Прамень”. Першым дырэктарам гаспадаркі быў Міхаіл Іванавіч Лятун – франтавік, афіцэр, настаўнік па адукацыі. Вядома ж, выніковасць працы на той час была далёкай ад сённяшняй. Збожжавых атрымлівалі па 7 ц/га, новаспечаны саўгас меў толькі два МТЗ і тры гусенічныя трактары. Правялі меліярацыю, пачалі займацца выпускам травяной вітаміннай мукі, якую вазілі ў Клецк на камбікормавы завод. Цяпер, вядома ж, многае змянілася. З’явілася новая сучасная тэхніка, значна выраслі ўраджаі. Можна было б і дома застацца, але не сядзіцца. Вельмі ж люблю пчолак, душой і сэрцам побач з імі адпачываю. Летась 250 кг мёду на склад здаў. З задавальненнем яго ў нас купляюць. І мне радасць, і гаспадарцы прыбытак. “Міхаіл Сяргеевіч з усёй душой адносіцца да сваёй справы, — расказвае кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксандр Кажура. – І цікавіцца не толькі пчоламі. Не раз дапамагаў слушнай парадай – яго жыццёвы вопыт і глыбокія веды даюць поўную падставу рабіць гэта. Мне здаецца, што ў гэтага чалавека няма ні-якіх адмоўных рысаў. Ён проста выпраменьвае такую станоўчую энергію, што міжволі побач з ім хочацца стаць больш спагадлівым і разважлівым”.

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей