СПЕЦВЫПУСК, посвященный 50-летнему юбилею СХФ “Криница” ОАО “Минскремстрой”.
Аляксандр Часлававіч Кажура з’яўляецца, практычна, равеснікам прадпрыемства, якое ўзначальвае: менавіта сёння, ён адзначае свой 51-ы дзень нараджэння. Працоўную дзейнасць пачынаў трактарыстам, пасля закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці “інжынер-механік”. У Капыльскі раён пераехаў у 1987 годзе, дзе і працаваў на розных пасадах. СГФ “Крыніца” ўзначальвае з верасня 2006 года.
— Наша гаспадарка прайшла дастаткова складаны шлях, — расказвае Аляксандр Кажура. — Будучы залічанай у пачатку новага тысячагоддзя ў спіс “ляжачых” з надзеяй на лепшую будучыню ўспрыняла вестку аб далучэнні да сталічнай будаўнічай арганізацыі ААТ “Мінскрамбуд”. Гэта адбылося ў 2004 годзе. І з таго часу пачалося паступовае адраджэнне сельгаспрадпрыемства. Пачалі з жывёлагадоўчых памяшканняў: адрамантавалі фермы ў Карзунах, Харытонаўцы, аднавілі цялятнік у в. Сл.-Кучынка. На фермах пастараліся абустроіць быт працаўнікоў. Прайшоў капітальны рамонт у будынку дыспетчарскай, дзе з’явілася новая лазня, летась давялі да ладу мехмайстэрні, гараж. Кіраўніцтва Мінскрамбуда дапамагло ў абнаўленні машынна-трактарнага парку: набыта глебаапрацоўчая тэхніка, 5 камбайнаў, трактар МТЗ-3022 з наборам прычапных агрэгатаў, увесь шлейф тэхнікі для нарыхтоўкі кармоў. У в. Харытонаўка з’явілася новая збожжасушыльная гаспадарка з сучаснай высокапрадукцыйнай фінскай сушылкай, даведзены да ладу 5 сянажных траншэй. Пабудавана свінаферма (матачнік і цэх вырошчвання па тыпе “шведскага” стала). Летась пачалі ўзводзіць новую малочнатаварную ферму ў в. Слабада-Кучынка на 400 месцаў, дзе жывёла будзе знаходзіцца на бяспрывязным утрыманні, даіцца ў сучаснай даільнай зале. Плануем, што яна ўступіць у строй у кастрычніку бягучага года. Прыступаем да рэканструкцыі старога бульбасховішча на 1000 тон, будзе адрамантавана і вагавая гаспадарка з устаноўкай электронных вагаў.
Землі ў нас лёгкія, з балам 28-29. Лічу, найбольш паспяховай для нас летась была кукуруза на зерне, пад якую было адведзена 50 га. З гэтай плошчы мы атрымалі па 72,2 ц/га (да прыкладу, год таму – толькі па 32,5 ц/га). Ад рэалізацыі зерня мелі больш за 140 млн рублёў. Парадавалі нас і кармавыя караняплоды: накапалі па 660 ц/га, у год рэфармавання было толькі 386 ц/га. Добры вынік дала грэчка, плошчы пад якую мы павялічваем удвая. Наша гаспадарка ўвайшла ў пералік тых сельгаспрадпрыемстваў, якія будуць сёлета займацца вырошчваннем бульбы.
Паспяховае вядзенне жывёлагадоўлі немагчыма без добрай кармавой базы. У 2010 годзе мелі па 27 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы. Сёлета стаіць задача нарыхтаваць 5300 т сенажу, 6400 т сіласу, 543 т сена.
Цэнтральная сядзіба гаспадаркі не ўвайшла ў лік тых, якія могуць прэтэндаваць на статус аграгарадка. Таму стараемся ўсе работы праводзіць сваімі сіламі. За апошнія гады пабудавана 8 і набыта 5 дамоў сядзібнага тыпу, рэканструяваны пад 6-кватэрны васьмікватэрны дом. Сёлета будзе адрамантавана дарога, плануем заасфальтаваць мехдвор. Словам, стараемся ісці ў нагу з часам.
Сардэчна віншую ўвесь калектыў СГФ “Крыніца” ААТ “Мінскрамбуд”, нашых слаўных ветэранаў з 50-годдзем з дня ўтварэння гаспадаркі.
Жадаю ўсім моцнага здароўя, удачы, дабрабыту. Няхай задуманае — здзейсніцца, планы не разыходзяцца са справамі, дабрыня і лад заўсёды пануюць у кожнай сям’і.
Комментарии