Прафесія пажарнага-выратавальніка — адна з тых, якую з упэўненасцю можна і трэба назваць гераічнай. Менавіта гэтыя юнакі і мужчыны першымі працягваюць пацярпелым руку дапамогі ў самай цяжкай жыццёвай сітуацыі, а іншы раз нават пры бязвыхадным становішчы.

— Ніколькі не шкадую, што выбраў гэту прафесію. У нас няма выпадковых людзей, кожны свядома носіць форму і ў любую хвіліну прыйдзе на дапамогу, нават калі не будзе пры выкананні службовых абавязкаў. Галоўная наша задача — быць там, дзе людзі чакаюць ад цябе падтрымкі і выратавання.
Усю сваю прафесійную дзейнасць Мікалай Антонавіч будаваў на такіх прынцыпах. За плячыма ў яго вучоба ў Львоўскім пажарна-тэхнічным вучылішчы, на юрыдычным факультэце Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў (на той час пажарная служба падпарадкоўвалася гэтаму ведамству).
У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя, пасля некалькіх гадоў працы інспектарам Дзяржпажнагляду ў Слуцку і Смалявічах, быў накіраваны начальнікам пажарнай службы ў Капыль. Першае, да чаго прыступіў, калі прыбыў у наш горад, гэта будаўніцтва пажарнай часці. Праз некаторы час новы будынак з’явіўся і ў Цімкавічах. Тады ж было створана і 12 дадатковых падраздзяленняў — пажарных аварыйна-выратавальных пастоў. Гэта дазволіла зменшыць радыус ахопу адным падраздзяленнем да пяці кіламетраў, знізіць колькасць пажараў і ўрон ад іх. Абедзве часці і пасты былі забяспечаны неабходнай тэхнікай і абсталяваннем, чаго не было ў суседніх раёнах. У сярэдзіне 90-х райаддзел па надзвычайных сітуацыях пераехаў у адміністрацыйны будынак былога завода гуматэхнічных вырабаў, закладваліся асновы стварэння адзінай дыспетчарскай службы.
— У нас была моцная каманда аднадумцаў, прафесіяналаў, кожны знаходзіўся на сваім месцы, — адзначае Мікалай Тарасюк. — Вельмі ўдзячны лёсу за тое, што давялося працаваць поплеч з намеснікам начальніка Сяргеем Цімашэнкам, начальнікам цімкавіцкай часці Сяргеем Кулікоўскім, капыльскай — Уладзімірам Бурмам, камандзірам аддзялення Мікалаем Козелам, вадзіцелямі Анатолем Каленчыцам, Ігарам Каранько, Генадзем Занкевічам, Сяргеем Міхайлоўскім і іншымі. Заўсёды знаходзілі паразуменне з супрацоўнікамі пастоў у Лоцвінах і Гулевічах. Усе нашы пачынанні пастаянна падтрымліваў колішні старшыня райвыканкама Уладзімір Луцкі. Цеснае супрацоўніцтва было наладжана з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў раёна — Анатолем Буцько («Рассвет»), Леанідам Снегіром («Доктаравічы»), Пятром Марозам («Прамень»), Вячаславам Ермалінскім («1 Мая»), Віктарам Валасянам (імя У.І. Леніна). Нельга не адзначыць, што ўсе рамонты рабіліся ўласнымі сіламі падчас суботнікаў. Кожны адносіўся з разуменнем.
Надзейным тылам для Мікалая Антонавіча заўсёды з’яўляюцца жонка Валянціна Іванаўна, якая сваё жыццё прысвячае спажыўкааперацыі, дочкі Вераніка і Ганна, а таксама ўнучкі Юлія і Сафія.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии