Як расказала намеснік дырэктара лясгаса Таццяна Канаплянік, на пачатку лістапада на базе ўстановы праходзіла пашыраная калегія Міністэрства лясной гаспадаркі, падчас якой гасцям і ўдзельнікам мерапрыемства было прадэманстравана тое новае, што з’явілася ў лясгасе за апошні год. У першую чаргу — гэта дэндрапарк, які ўжо стаў любімым месцам для прагулак капылян. Асабліва прываблівае ён увечары, калі навокал запальваюцца ліхтары, надаючы дэндрапарку нейкую чароўнасць.
Для таго, каб стварыць гэту прыгажосць, давялося нямала папрацаваць. За даволі сціслы тэрмін на плошчы 1,74 га капыльскія працаўнікі лесу ператварылі гэты ўчастак у добраўпарадкаваную тэрыторыю. Было пасаджана каля 1500 адзінак рэдкіх раслін 70 парод і відаў, якія падрастуць і праз некалькі гадоў будуць яшчэ больш здзіўляць і радаваць жыхароў і гасцей нашага горада сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю.
Нельга не ўзгадаць і пра каплічку, якая знаходзіцца на тэрыторыі дэндрапарку і асвечана летась у гонар пакутнікаў Барыса і Глеба епіскапам Слуцкім і Салігорскім Антоніем.
У мінулым годзе ў Капыльскім вопытным лясгасе быў закладзены пастаянны гадавальнік з дзвюма сучаснымі цяпліцамі плошчай 700 кв. метраў кожная і з сістэмай паліву. Яго плошча складае 24,6 га, і тут усё прадугледжана для таго, каб вырошчваць пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай. Па перыметры гадавальніка закладваюцца насаджэнні лясных культур каштоўных парод, якія, акрамя ўсяго іншага, павінны падтрымліваць спрыяльны мікраклімат на тэрыторыі гадавальніка. Сярод лясных культур тут можна ўбачыць карэльскую бярозу, фундук, буякі садовыя і інш.
Выдзелены спецыяльны ўчастак і для калекцыі форм драўнінных раслін. Пакуль іх толькі 26 парод 40 відаў, але калекцыя будзе пашырацца.
Шмат было зроблена ў мінулым годзе і на тэрыторыі цэха дрэваапрацоўкі, які знаходзіцца ў аграгарадку Лясное. Тут расшырылі плошчу, якую займаў цэх, набылі ў мясцовага сельгаспрадпрыемства два арачнікі і ўстанавілі дзве дрэваапрацоўчыя лініі. Тым самым дадаткова з’явілася 22 працоўныя месцы, што для нашага раёна, згадзіцеся, нямала. Дзякуючы новаму абсталяванню значна павялічваецца доля прадукцыі з дабаўленым коштам. А значыць, расце і выручка…
У гэтыя навагоднія дні шмат наведвальнікаў накіроўваецца ў вёску Лавы на «Лясную паляну казак і цудаў». І тут госці — дарослыя і дзеці — разам з казачнымі персанажамі з захапленнем вывучаюць экалагічную сцежку, якая летась з’явілася намаганнямі работнікаў лесу на базе крытай альтанкі «Месца сустрэчы паляўнічых». І трэба адзначыць, што атрымалася ўсё нефармальна і з душой.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии