Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

Путешествие в зимнюю сказку

24.12.2017
Выдатны сюрпрыз у нядзелю зрабіў непрадказальны снежань, ахутаўшы ўсё наваколле беласнежным дываном. Цудоўнае надвор’е падарыла магчымасць жыхарам актыўна адпачыць у выхадны дзень. IMG_1869 Пасля працяглай восені і стомнай навакольнай шэрасці проста немагчыма было ўседзець дома. Неабходна абавязкова прайсціся па непаўторных капыльскіх пагорках — такая думка, упэўнены, з’явілася ў многіх жыхароў горада. На вуліцах было даволі шматлюдна, што зусім не паходзіла на раніцу выхаднога дня. Пры гэтым не адчувалася ніякай мітусні: людзі рознага ўзросту павольна ішлі па вуліцах райцэнтра і любаваліся маляўнічымі карцінамі, якія за ноч стварыла прырода. Каваныя ліхтары і лавачкі, дрэвы і кусты апранулі своеасаблівыя мудрагелістыя шапкі. Але больш за ўсё вабілі краявіды, што адкрываліся ўдалечыні — азёры, скаваныя амаль цалкам тонкай коркай лёду, гарадскі лясны масіў і дэндрапарк. [caption id="attachment_63066" align="aligncenter" width="580"]1 1[/caption] Шмат людзей выбралі актыўны адпачынак на прыродзе разам з сем’ямі. З задавальненнем яны дзяліліся сваімі ўражаннямі. — На выхадныя завіталі ў госці да бабулі ў Капыль. Яшчэ ўчора вечарам бачылі, што пайшоў густы снег, і не маглі дачакацца раніцы, каб выйсці на прагулку, — патлумачыла жыхарка сталіцы Святлана Малашкевіч. — Патэлефанавала сястры — і вось мы тут. У Капылі бываем не так часта — прыкладна раз у месяц, таму вельмі прыемна было трапіць у сапраўдную казку. Асабліва падабаецца ў лесе сыну. Па ўсім відаць, гуляць мы будзем доўга, пакуль не стоміцца Паўлік (здымак 1). Тым часам хлопчык разам з дзядзькам Юрам весела бавілі час. Стаўшы пад пакрытую снегам елку, малеча ўскінуў позірк на самую макушку. Лёгкі дотык да дрэва — і на Паўліка «паліўся» густы душ са сняжынак. Колькі было шчасця ў шчырых дзіцячых вачах! [caption id="attachment_63067" align="aligncenter" width="400"]2 2[/caption] Вандроўку ў зімовую казку вырашылі зрабіць сёстры, капылянкі Ала Браднёва і Валянціна Нікалаеня. — Цудоўнае надвор’е цяпер! Вось і вырашылі выйсці на прыроду. Вельмі станоўчыя эмоцыі і лірычны настрой. Адчуваецца, што набліжаецца Новы год. Вельмі не хацелася проста ся-дзець у кватэры, — адзначыла Ала Іосіфаўна. — Хацелася б сказаць вялікі дзякуй кіраўніцтву раёна за тое, што змянілі ў станоўчы бок нашу зону адпачынку, — падтрымала размову Валянціна Нікалаеня. — Тут можна пагуляць не толькі дарослым, але і дзецям. Мы хадзілі і па дэндрапарку. Там увогуле прыгажосць — неапісальная! Мяркую, калі вырастуць высаджаныя дрэўцы і кустоўе, там увогуле будзе адпачываць надзвычай прыемна. Настрой — сапраўды па-зімоваму бадзёры. Спяшалася на прыроду і сям’я Кацярыны і Дзяніса Булатаў (здымак 2). Разам з дачушкай Ксюшай і сынам Уладзікам яны — частыя госці ў капыльскім лесе. — Імкнёмся кожныя выхадныя прыходзіць сюды. Часта выязджаем адпачыць на прыродзе ў Багушы. Паколькі сёння вельмі снежна, то вырашылі далёка не ехаць, а прыйсці ў зону адпачынку пакатацца з дзецьмі на санках. Пасля плануем завітаць і ў дэндрапарк. Там цяпер вельмі маляўніча. Зусім па-іншаму выглядаў Капыль, калі на горад апусцілася змярканне і запаліліся агні ліхтароў і неонавае падсвечванне. Але па-ранейшаму на вуліцах было даволі ажыўлена. Шмат маладых пар спяшаліся наведаць дэндрапарк, які і ў цемры выглядаў вельмі прывабна. Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей