Рэма Іосіфаўна Зяньковіч з вёскі Чарнагубава, як і ўсе яе родныя, заўсёды вельмі шчыра ставілася да веры. Нават поўнае яе імя — Рамуальда — бабуля дала ў знак пашаны да сваякоў-каталікоў. Калі б нарадзіўся хлопчык, то быў бы Раманам: вельмі любіла старая ўсё, што звязана з Рымам. Але наша гераіня свайго імя крыху саромелася, асабліва ў маладосці, таму і зараз яна ўсім вядома як Рэма.
[caption id="attachment_62996" align="aligncenter" width="560"]
Рэма Іосіфаўна Зяньковіч[/caption]
Нарадзілася Рэма Барысевіч незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай. Бацька яе Іосіф Антонавіч загінуў у гэтым жа 41-м годзе недзе пад Арлом. Маці Ядвіга Паўлаўна (Більдзюкевіч) праз нейкі час выйшла замуж за суседа Грыбоўскага Іосіфа Іванавіча. Калі тата адыходзіў на фронт, ён, нібы прадчуваючы нешта нядобрае, сказаў: «Братка, як са мной што-небудзь здарыцца, не крыўдзі Ядзю з дачушкай. Дапамагай ім».
Нягледзячы на той антырэлігійны савецкі час, насельніцтва Чарнагубава ставілася да веры вельмі сур’ёзна і з пашанай. Каб памаліцца, збіраліся у чыёй-небудзь хаце ці наведвалі касцёл у Нясвіжы, які працаваў пастаянна. Да храма дабіраліся то на конях, то на рэдкіх аўтамашынах.
– Людзі былі вельмі добрыя і шчырыя, усе жадалі адзін аднаму толькі ўсяго найлепшага, — успамінае Рэма Іосіфаўна. — Пасля Вялікадня, напрыклад, і дзяўчаты, і хлопцы хадзілі па вуліцах з абразамі і кошыкамі: яйкі збіралі. А напярэдадні Нараджэння Хрыстова ездзілі ў Нясвіжскі касцёл да споведзі. Памятаю, як адразу пасля вайны ў мяне зламаўся грабеньчык. А ў цёткі маёй, я бачыла, ажно два меліся. Ну, я не вытрымала і ўзяла адзін сабе. Але ўвесь час адчувала, што зрабіла дрэнна, таму на споведзі ксяндзу ўсё і расказала. Ён пагладзіў мяне па галоўцы і сказаў, каб больш так я не рабіла. Добры быў чалавек.
Мама трымала пост, але ў каталікоў ён не такі строгі, як у праваслаўных. Таму мы не елі мяса толькі па серадах і пятніцах. Мама працавала тут у мясцовай пачатковай школе поварам. А бабулі і дзядулі мае — у калгасе шчыравалі. Напярэдадні Нараджэння Хрыстова мы прыводзілі ў парадак хаты, мянялі бялізну на ложках. Вечарам 24 студзеня гатавалі куццю і посную ежу. Варылі ячневыя крупы на вадзе і ставілі ў вугал стала, куды клалі крыху сена. Гатавала мама аўсяны кісель: замочвала крупы на дзень-паўтара, каб крыху падкісла, а потым варыла і дадавала цукру. Блінцы пяклі: змешвалі муку з сыроваткай і яйкам, перамешвалі і на алеі выпякалі. Гатовыя блінчыкі мама пасыпала зверху цукрам. Або мачанку з грыбоў рабілі. Спачатку замочвалі ў цёплай вадзічцы сухія грыбы, а потым іх абсмажвалі з цыбуляй. Затым падкалочвалі да ўсяго гэтага муку з вадзічкай і крыху пратушвалі. Усе чакалі, калі заззяе калядная зорка. І ўжо назаўтра, 25 снежня, быў сапраўдны пір! Усе ж трымалі сваіх парсючкоў і курачак, таму і гатавалі, хто што ўмеў!
І ўмелі ж жанчыны нашы гатаваць! Смаката! Мама рабіла і каўбаску, і катлеткі. Халадзец варыла празрысты. Мае катлеткі і зараз сын, калі прыязджае з Эстоніі, дзе жыве, заўсёды пахваліць. У фарш дзяру на дробнай тарачцы бульбу, крыху адціскаю. Дадаю 1 – 2 яйкі, здробненыя насенне кропу і лаўровыя лісточкі. Дарэчы, гэта вельмі смачная прыправа з асаблівым духмяным водарам. Салю і кладу здробненую цыбулю. Перамешваю. Абсмажваю на патэльні без мукі. Затым — у чыгунчык і ў печ. Яны пратушваюцца і становяцца вельмі мякенькія. А то сала саліла ў кубле. Пасыпала кавалкі ўсё той жа прыправай, толькі яшчэ часнок дадавала. Можна і ў слоіках трохлітровых рабіць. Праз пару тыдняў атрымоўвалася смачнае духмянае салка. Любілі мы і галушкі. Трэба надзерці на дробнай тарцы бульбу, зліць вадкасць у місачку. Праз нейкі час, калі крухмал асядзе нанізе, вадзічку зліваюць. Крухмал трэба дадаць да бульбы, крыху пасаліць, скатаць невялічкія шарыкі і варыць у вадзічцы або ў малацэ. Рабілі і бабку. Надзёртую бульбу клалі ў чыгунок, залівалі тлушчам, каб яго шмат было асабліва па берагах посуда. Смачна, калі дадавалі сушаныя яблыкі, тады замест тлушчу можна ўзяць алей. Нават і пірагі пяклі. Разбоўтвалі яйкі, муку і дрожджы, дадавалі цукар. Чакалі, каб цеста падышло. Потым залівалі тлушч або алей, тады цеста атрымоўвалася больш мяккім і не крохкім, ды выпякалі. Засякалі пеўніка. Які ж ён выходзіў смачны! Клалі яго ў чыгунок ды разам з цыбулькай, морквачкай і кропам — ды ў печ. Пеўнік выходзіў надзвычай мяккі і духмяны.
Пасля вайны мы, вядома ж, галадалі, выратоўвала тое, што калі мама гатавала трактарыстам у калгасе, то і нам што-нішто перападала. Так і трымаліся. У мамы разам з айчымам нарадзіліся дзве дзяўчынкі. Ён быў вельмі добрым чалавекам, ніколі нас не пакрыўдзіў.
Такім жа добрым і працавітым быў мой першы муж, Зяньковіч Алег Адамавіч. Калі мы жаніліся, я ішла да яго з абразам Ісуса — такі быў звычай. Нарадзілі сына Генадзя і дачушку Таццянку. Іх маленькіх вазілі пахрысціць у нясвіжскі касцёл. Дачка пазней там і павянчалася. Пражылі разам мы 10 гадоў. На жаль, Алег загінуў на матацыкле.
[caption id="attachment_62995" align="aligncenter" width="560"]
Рэма Іосіфаўна і Алег Адамавіч Зяньковіч[/caption]
І ўвесь час, каб узнесці малітвы Пану, збіраліся ў хаце адной жанчыны (на жаль, імя яе ўспомніць нешта не магу). Толькі пазней, калі да веры пачалі ставіцца лагодна, мы сталі ездзіць у Капыль, дзе каталікі збіраліся ў будынку гасцініцы. Службы правіў тады айцец Аляксей, вельмі шчыры і добры чалавек.
Аб тым, што да сваёй веры Рэма Іосіфаўна ставіцца вельмі адказна і шчыра, сведчыць вялікая колькасць абразоў Ісуса Хрыста і Божай Маці, на стале стаіць прыгожы драўляны крыж. Ды і наогул у хаце чысціня і парадак: вядома ж, набліжаецца самае светлае свята — Нараджэнне Хрыстова, і гаспадыня ўжо падрыхтавалася. А сама Рэма Іосіфаўна дапамагае ксяндзу Аляксандру Тарасевічу, настаяцелю касцёла святых Пятра і Паўла ў Капылі, калі той пасля Божага Нараджэння прыязджае ў вёску, каб асвяціць хаты прыхаджан. Да яго, калі ўзнікае жыццёвая неабходнасць, жанчына заўсёды звяртаецца па парады.
[caption id="attachment_62994" align="aligncenter" width="560"]
Рэма Зяньковіч з дзеткамі і мамай Ядвігай Паўлаўнай, 70-я гады[/caption]
Вось і на гэты раз, калі Рэма Іосіфаўна даведалася, што мы збіраемся да яе ў госці, перш за ўсё звярнулася па параду да пробашча Аляксандра Тарасевіча.
— Не хвалюйцеся, паважаная, — прагучала ў адказ, — і расказвайце тое, што адбывалася з Вамі на самай справе, нічога не прыдумляйце.
— Вельмі разумны наш ксёндз Аляксандр. Ён дае мне добрыя парады, — нібы падагульняе жанчына.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии