17 лістапада 2017 года нашу ўстанову адукацыі наведала дачка славутага земляка Яна Скрыгана — Галіна Скрыган.

Гэта сустрэча была невыпадковай. 16 лістапада мы адзначалі 112 гадоў з дня нараджэння пісьменніка. Да гэтай даты вучні падрыхтавалі і правялі экскурсію ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі «Бацькаўшчына». Экскурсаводы паведамілі пра жыццёвы і творчы шлях Яна Скрыгана.
Пасля экскурсіі Галіна Іванаўна Скрыган змагла больш падрабязна расказаць дзецям і настаўнікам пра свайго бацьку. З яе слоў мы даведаліся, што будучы ўжо даволі вядомым пісьменнікам у росквіце творчых сіл, калі ўсё жыццё яшчэ было наперадзе і багата высокіх бясхмарных планаў, Ян Скрыган трапіў у жорны таталітарнай сістэмы 30-х гадоў. У 1937 годзе 32-гадовага Скрыгана асудзілі на 10 гадоў лагераў. За сваё жыццё ён прайшоў праз усе кругі пекла, але заўсёды верыў у перавагу розуму і справядлівасці. Любіў пагаварыць, пафіласофстваваць, каб зразумець вытокі тых ці іншых учынкаў. Заўсёды імкнуўся разглядзець у людзях лепшыя бакі душы. Пазней Ян Скрыган запіша ў «Кругах»: «Цяпер я гляджу на сваю дарогу, як на далёкі сон. Мая біяграфія здаецца мне вельмі доўгай, і я дзіўлюся, як многа ў ёй месціцца. Я спазнаў і трагізм, і роспач, зведаў цану радасці і надзей: быў на грані таго горкага адчування, калі чалавек застаецца без Радзімы — не мае на яе права, я зразумеў, якое гэта вялікае і дарагое пачуццё — Бацькаўшчына».
У 2017 годзе споўнілася 25 гадоў з таго часу, як смерць спыніла шматпакутнае сэрца пісьменніка, якое не ведала спакою і адпачынку.
Галіна Іванаўна Скрыган папоўніла наш школьны музей новымі экспана-тамі: аркушамі з рукапісамі бацькі, а таксама часопісамі «Полымя», «Літаратурная Беларусь» і «Маладосць» з успамінамі пра Яна Скрыгана.
Дар’я ТАГІЛЬ,
член аб’яднання па інтарэсах «Школьная газета» ДУА «Каменскі ВПК дз/с – СШ»
Комментарии