З чатырох зваротаў, якія паступілі падчас асабістага прыёму грамадзян старшынёй Капыльскага райвыканкама Анатолем Ліневічам, два датычыліся жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Жыхары дома № 15Б па вул. Камсамольскай у Капылі задалі пытанне наконт добраўпарадкавання тэрыторыі каля будынка, дзе яны жывуць.
— Складваецца ўражанне, што наш дом — забыты ўсімі куток у горадзе, — звярнуліся заяўнікі. — Магчыма таму, што ён знаходзіцца не на віду, а ў дварах. Пешаходная дарожка не заасфальтавана, падчас дажджоў і раставання снегу па ёй нельга прайсці. Акрамя таго шмат вады трапляе ў падвалы. Асвятлення таксама няма. Няма і адліваў для сцёку вады з даху. Жывём мы тут ужо больш за сорак гадоў. Вядома, нельга сказаць, што спецыялістамі ЖКГ нічога не робіцца: бягучыя рамонты мы бачым і самі ў іх прымаем удзел. Аднак хацелася б, каб і больш сур’ёзныя праблемы былі вырашаны.
Анатоль Ліневіч даручыў дырэктару Капыльскай ЖКГ Раману Бандарыку ў бліжэйшы час зрабіць усе захады, каб вырашыць пытанне па ўстаноўцы адліваў і ліхтароў. А вось да добраўпарадкавання давядзецца звярнуцца тады, калі надыдзе спрыяльнае надвор’е.
Праблема з рамонтам даху ў доме № 10 па вул. М. Горкага ў Капылі канчаткова павінна вырашыцца ў наступным годзе. Плануецца, што дом на гэты перыяд будзе ўключаны ў спіс пабудоў, якія патрабуюць капітальнага рамонту.
Зварот капыляніна наконт працаўладкавання па будаўнічай спецыяльнасці адрасаваны сектару занятасці. Пасля вывучэння магчымыя варыянты будуць прапанаваны заяўніку.
Пытанне па пераразмеркаванні маладога спецыяліста ў іншую арганізацыю таксама патрабуе дэталёвага вывучэння.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии