Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

52

ААТ “Старыца-Агра” 21 лютага святкуе сваё 80-годдзе

21.02.2011
Багатая і цікавая біяграфія сельгаспрадпрыемства. Першыя калгасы былі арганізаваны ў вёсках Русакі, Свідзічы, Андросаўшчына, Старыца ў 1929 — 1930 гадах. Пачаўшы свой шлях ад сярпа і сявенькі, яны аб’ядналіся і за 80 гадоў пераўтварыліся ў буйную заможную гаспадарку, якая праславілася сваімі людзьмі, працоўнымі здабыткамі. Шмат падзей мінула: адбылося некалькі рэарганізацый, не раз гаспадарка мяняла сваё імя. Як і зараз, так і ў былыя гады сельгаспрадпрыемства заўсёды вызначалася сваімі высокімі паказчыкамі. Тут нельга не ўзгадаць і пра высокую ацэнку, якую атрымала гаспадарка і яе кіраўнік у ходзе леташняга наведвання Капыльскага раёна Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Пабываўшы напярэдадні памятнага юбілею ў гаспадарцы, давялося сустрэцца з яе кіраўніком Уладзімірам Рудакоўскім, спецыялістамі і простымі працаўнікамі. Менавіта дзякуючы іх ведам і таленту, стараннасці і працавітасці, вялікай адказнасці за даручаную справу сельгаспрадпрыемства ўпэўнена трымаецца на плаву і з перспектывай глядзіць у будучыню. Сёння ААТ “Старыца-Агра” — буйнатаварнае прадпрыемства па вырабе сельскагаспадарчай прадукцыі, якое з’яўляецца яркім прыкладам паспяховай рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця аграпрамысловага комплексу. Літаральна некалькі месяцаў таму мы падводзілі вынікі работы народнай гаспадаркі краіны за мінулую пяцігодку, вызначаліся з планамі на будучую. Уладзімір Анатольевіч Рудакоўскі (здымак 1), які з’яўляўся дэлегатам ІV Усебеларускага народнага сходу ад Капыльшчыны (дарэчы, рабіў гэта ўжо чацвёрты раз), з задавальненнем канстатаваў, наколькі змянілася эканамічная сітуацыя гаспадаркі ў параўнанні з 2005 годам. У. Р.: «Прагнозныя паказчыкі, даведзеныя ААТ “Старыца-Агра” на пяцігодку, мы практычна выканалі. Калі параўнаць выручку ад рэалізацыі прадукцыі, то ў 2005 годзе яна складала крыху больш за 7 млрд рублёў, за мінулы год гэты паказчык вырас да 22,5 млрд рублёў. Пяць год таму даілі ад адной каровы ў сярэднім па 3600 кг малака, летась дасягнулі паказчыка ў 5800 кг, у той час як па раёне гэты паказчык складае толькі 4591 кг. Калі на пачатак пяцігодкі сярэднясутачныя прывагі на комплексе па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы “Чарнічнае” былі не больш за 500 г,  то за 2010 год яны ўжо дасягнулі 984 г , што дазволіла па вытворчасці ялавічыны выйсці на паказчык звыш 2000 тон. Гаспадарка стабільна вырошчвае каля 10 000 тон збожжа, летась мелі 3820 тон зерня кукурузы, частку якога сплюшчылі, каб мець пажыўны корм, астатняе пайшло на рэалізацыю (сёння ў нас яшчэ ёсць 450—500 тон, продаж якіх таксама дасць дастатковыя паступленні). Паспяхова займаемся бульбай, цукровымі буракамі, што дазволіла папоўніць казну гаспадаркі на 2 млрд рублёў». М. С.: «За кошт чаго адбыўся такі значны скачок?» У. Р.: «Па-першае, за кошт нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці, укаранення інтэнсіўных тэхналогій у вырошванні ўсіх культур, набыцці сучаснай, больш эканамічнай тэхнікі, якая дазваляе паляпшаць культуру земляробства, рэканструкцыі і будаўніцтва вытворчых памяшканняў». Можна сказаць, што ў гаспадарцы ўсё падпарадкавана патрэбнасцям жывёлагадоўлі, паколькі менавіта гэта галіна дае да 70 % выручкі. Кожны месяц тут прадаюць каля 150 тон мяса, гэта атрымліваецца амаль 1 млрд руб. прыбытку. Ды яшчэ якога мяса… Як расказаў начальнік комплексу “Чарнічнае” Аляксандр Круглік (здымак 2), за мясам са “Старыцы”, чарга выстройваецца. І гэта не дзіўна: бычкі тут гадуюцца не больш за 16 месяцаў, і вырастаюць яны пад 400 кг. Таму і мяса ў іх маладое, смачнае. У іншых сельгаспрадпрыемствах, каб атрымаць быкоў такой вагі, трымаюць іх па два і больш гадоў. Тут ужо пра якасць прадукцыі гаварыць не прыходзіцца. Па выніках раённага спаборніцтва за 2010 год ААТ “Старыца-Агра” сярод сельгаспрадпрыемстваў, комплекс па вырошчванні і адкорме БРЖ “Чарнічнае” прызнаны пераможцамі. У. Р.: «Усяго на комплексе, які стабільна высока размяшчаецца ў рэспубліканскай рэйтынгавай табліцы (па выніках 2010 года знаходзіцца на 6 месцы — М.С.) утрымліваецца прыкладна 4000 галоў. Мы дадаткова пабудавалі цялятнік для ўтрымання бычкоў першага перыяду, што дае больш магчымасці для закупу і размяшчэння маладняку з іншых гаспадарак раёна. Жывёлаводамі, у тым ліку на комплексе, мы забяспечаны поўнасцю. Практычна штогод пры падвядзенні вынікаў раённага спаборніцтва нашы аператары выходзяць у лідары. Не стаў выключэннем і сёлетні год: так, імя аператара другога перыяду па адкорме БРЖ комплексу “Чарнічнае” Жанны Рудакоўскай (здымак 3) будзе занесена на раённую Дошку гонару». Жанна Іосіфаўна ўжо сёмы год прыязджае на комплекс з в. Мрочкі Уздзенскага раёна. Паколькі ў ААТ “Старыца-Агра” існуе практыка падвозу аўтобусам работнікаў гаспадаркі на працу і дамоў, ніякіх цяжкасцей з тым, каб дабрацца ў Чарнічнае нават з іншага раёна не існуе. Дарэчы, паводле слоў Аляксандра Круг-ліка, яму, як начальніку комплексу, даводзіцца штодня падпісваць вадзіцелю аўтобуса пуцёўку на 270 км. Маршрут ахоплівае з дзесятак вёсак як “Старыцы-Агра”, так і суседняй гаспадаркі — СГФ “Крыніца”. Падапечных Жанны Рудакоўскай рахманымі не назавеш, аднак жанчына расказвае пра іх, як пра сваіх любімцаў: “Бычкі трапляюць да мяне ва ўзросце чатырох месяцаў. Вядома ж, кожны са сваім норавам, і мне трэба падабраць да іх ключык, таму што гэта таксама адно са складаемых поспеху. Думаю, усе разумеюць, што праца жывёлаводаў лёгкай не бывае. Аднак, заўсёды знаходжу добрую пад-трымку як ад начальніка Аляксандра Васільевіча Кругліка, так і ад сваіх калег-аператараў. Былі ў маім жыцці цяжкія хвіліны, калі, пахаваўшы мужа, засталася з сынам, які толькі-толькі выйшаў на самастойную дарогу, паступіў вучыцца. Менавіта ў рабоце шукала паратунак, адчувала, што тут ёсць з кім падзяліцца сваімі думкамі, і ў першую чаргу падтрымку адчувала ад сваёй, так бы мовіць, настаўніцы, Галіны Мікалаеўны Мядзведзь. А ўвогуле, ужо не ўяўляю свайго жыцця без любімай работы, без сваіх рагатых выхаванцаў. Кармы ў нас добрыя, клопатам і ўвагай бычкі не абдзелены, таму і растуць як на дражджах”. Жанна Іосіфаўна даглядае 360 галоў і атрымала сярэднясутачную прывагу на сваёй групе за мінулы год у 1050 г (на 77 г больш, чым у 2009 годзе). Таму і выпаў ёй такі гонар — быць ушанаванай на раённым свяце перадавікоў. Добрых рэзультатаў немагчыма дабіцца без бездакорнай работы ветэрынарнай службы. Святлана Аляксандраўна Міхайлоўская — старшы ветэрынарны ўрач комплексу “Чарнічнае” — працуе тут з дня заснавання структурнага падраздзялення. Калі выпускніца Ляхавіцкага сельгастэхнікума ў 1989 годзе па размеркаванні прыехала на комплекс, ён належаў калгасу “Крыніца”. Не пакінула любі-май работы і пазней, калі комплекс перайшоў ва ўласнасць “Старыцы-Агра”. За гэты час набыла вялікі вопыт, а прыродная стараннасць і жаданне пастаянна ўдасканальваць свае веды, дапамаглі заваяваць заслужаны аўтарытэт. Вельмі цёпла адазваўся пра работу ветурача і кіраўнік сельгаспрадпрыемства, і яе непасрэдны начальнік. Менавіта Аляксандру Кругліку, як нікому іншаму, добра відаць усе асаблівасці працы спецыяліста, паколькі ён сам па адукацыі вет-урач і пэўны час узначальваў ветэрынарную службу гаспадаркі. “Часам дастаткова прапусціць адзін дзень, — дзеліцца Святлана Аляксандраўна, — і ўвесь ланцужок прафілактычных мерапрыемстваў будзе перарваны, а ўведзеныя прэпараты не дадуць аніякага эфекту”. Толькі сем ін’екцый павінна атрымаць кожная жывёла (гэта ў тым выпадку, калі яна не хварэе), да таго ж спецыяльныя парашкі дабаўляюцца ў корм. Самыя праблемныя, вядома ж, цяляткі, якія паступаюць на комплекс з розных гаспадарак: кожнае са сваімі балячкамі, са сваёй, не заўсёды спрыяльнай, мікрафлорай. На працягу месяца яны праходзяць акліматызацыю. І толькі тады можна сказаць, што з іх вырасце жывёла, якая дазволіць папоўніць агульную скарбонку прадпрыемства. Не лішнім будзе адзначыць, што па выніках мінулага года на першым перыядзе на дарошчванні атрымана сярэднясутачная прывага ў 1003 г. Тут працуе 8 аператараў, якія даглядаюць па 180 галоў. Нямала ў гаспадарцы за мінулую пяцігодку ўкладзена і ў малочную жывёлагадоўлю. Так, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 322, у канцы 2009 года пабудаваны малочнатаварны комплекс “Андросаўшчына” на 700 галоў дойнага статка, праведзена рэканстукцыя фермы ў Старыцы, зманціраваны новыя даільныя залы на МТФ “Бадзяжы” і “Чарнічнае”. У. Р.: «Мы кожны дзень накіроўваем на перапрацоўку 9-10 тон малака гатункам “экстра”, астатняе ідзе вышэйшым сортам. Ад рэалізацыі малака маем кожны месяц каля 400—500 млн рублёў. Хацелася б адзначыць вельмі добрую работу калектыву МТФ “Свідзічы”, які ўзначальвае Ніна Мікалаеўна Шатэрнік. Тут за 2010 год ад кожнай фуражнай коровы надоена па 7405 кг малака, што на 219 кг больш, чым летась. І гэта лепшы паказчык у раёне. Гэты высокі рэзультат быў дасягнуты дзякуючы стараннай працы аператараў Святланы Бяганскай (за мінулы год надаіла па 7893 кг ад кожнай каровы, + 773 кг), Валянціны Белянковай (7230 кг), Веры Махнёвай (7206 кг)». Самыя добрыя словы кіраўнік сельгаспрадпрыемства выказаў і ў адрас аператараў МТК “Андросаўшчына” — Наталлі Марыновіч, Валянціны Дубовік, Алены Гушчэні, даглядчыкаў Станіслава Чорнага, Уладзіміра Лашука. На новай ферме ўсё зроблена для зручнасці як жывёлы, так і жывёлаводаў, выконваюцца ўсе патрабаванні тэхналогіі ўтрымання і кармлення. З працэсам даення спраўляюцца два аператары, а ў гэты час за станам здароўя жывёлы сочыць камп’ютар. Як упэўнены Уладзімір Рудакоўскі, асноўная мэта раслінаводства ў гаспадарцы — вытворчасць кармоў для жывёлагадоўлі. Адным словам, гэтыя дзве галіны, нібы сіямскія блізняты, не могуць жыць адна без адной. Жывёлагадоўля штодня дае “жывыя” грошы, а раслінаводства рыхтуе кармы… Па выніках мінулага года ў ААТ “Старыца-Агра” нарыхтавана і выдзелена для грамадскага пагалоўя па 41,3 цэнтнера кармавых адзінак на кожную ўмоўную галаву жывёлы, у тым ліку травяністых кармоў — 28,6 ц к.адз., што больш за мінулагодні паказчык, адпаведна, на 5,1 і 3,9 ц к.адз., пры тым усе кармы былі нарыхтаваны 1 і 2-м класам. Усё гэта справа рук старанных працаўнікоў, якіх у “Старыцы-Агра” нямала. І пра гэта сведчаць вынікі раённага спаборніцтва, згодна з якімі механізатар Мікалай Собалеў, які нарыхтаваў больш за 13 680 тон зялёнай масы на ўмоўны камбайн, і вадзіцель Уладзімір Малашэвіч, які перавёз 6738 тон зялёнай масы, прызнаны пераможцамі. Пра Уладзіміра Малашэвіча (здымак 4) можна смела сказаць словамі народнай прымаўкі: “Дзе нарадзіўся — там і прыгадзіўся”. Ён родам са Старыцы, тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады, тут адбылося яго станаўленне як прафесіянала. Працоўны стаж Уладзіміра Аляксандравіча — 42 гады, і практычна ўвесь час — за рулём. Праз яго рукі прайшло некалькі аўтамабіляў: пачынаў з ГАЗ-51, яшчэ з драўлянай кабінай, затым быў ГАЗ-53, пазней — МАЗ. “У мяне ўсё жыццё ў дарозе, — дзеліцца ветэран працы. — 4 красавіка ўжо на пенсію пайду, а час прамільгнуў як адзін дзень. Перада мной ніколі не паўставала пытанне: ісці на працу ці не. Не спакусіла нават перспектыва жыцця ў сталіцы, хаця была такая магчымасць. Можа, таму і ў перадавікі выбіўся (хітра ўсміхаецца — М.С.). Вельмі люблю свой аўтамабіль, стараюся дагледзець яго, каб не падвёў. На гэтым МАЗе ўжо 10 гадоў працую. Бадай, гэта мой апошні, хіба ж пенсіянеру дадуць новы…” Непрыкрытае засмучэнне прагучала ў голасе майго суразмоўцы. Відаць па ўсім, што не адчувае ён сябе пенсіянерам, ёсць яшчэ, як кажуць, порах у парахавіцах! У. Р.: «Адной з самых удалых культур 2010 года можна па праве назваць бульбу: яе рэнтабельнасць склала каля 50 %. З 200 гектараў мы атрымалі па 422 цэнтнеры, сабралі амаль 8,5 тыс. тон, з якіх 2500 заклалі на насенне, 1890 — адгрузілі ў Татарстан, частку прадалі арганізацыям горада Мінска, жыхарам раёна, працаўнікам сваёй гаспадаркі. Нельга не сказаць дзякуй за такую плённую працу звеннявому па вырошчванні бульбы Віктару Дарашэвічу, нашай агранамічнай службе, і ў першую чаргу намесніку дырэктара па раслінаводстве Андрэю Ашэў-скаму, галоўнаму аграному Аляксандру Логішу, начальніку ўчастка Анатолю Мяцельскаму. Вялікая заслуга спецыялістаў і механізатараў, вядома ж, і ў тым, што мы сёлета атрымалі неблагі ўраджай цукровых буракоў (па 450 ц/га), намалацілі 9800 тон збожжа, што на 100 тон больш за папярэдні паказчык, сур’ёзна пачалі займацца такой тэхнічнай культурай як рапс. Заклалі на плошчы 36 га малады сад. Усё гэта складаемыя поспеху гаспадаркі, росту нашай выручкі і рэнтабельнасці вытворчасці. Дарэчы, згодна з нашымі падлікамі, рэнтабельнасць за мінулы год павінна скласці 14 %. Летась гаспадарка атрымала 3 млрд 200 млн чыстага прыбытку». Расказваючы пра кадравы патэнцыял гаспадаркі, Уладзімір Анатольевіч толькі добрымі словамі ўзгадаў пра вадзіцель-ска-механізатарскі састаў — Міхаіла Дарашэвіча, Аляксандра Сасіновіча, Юрыя Гарэльскага, Міхаіла Чышчанку, Сяргея Пратасевіча, Мікалая Чэчку, Андрэя Коршука, Аляксандра Рончыка, Уладзіміра Васілеўскага і іншых. Пашкадаваў, што пакуль рамонтная майстэрня для іх не адпавядае сённяшнім патрабаванням. Тэхнікі ў гаспадарцы шмат: звыш 70 трактароў і каля 50 сельгасмашын — і ўсе сучасныя, высокапрадукцыйныя. Добра абсталяваны Дом механізатара, ёсць усе ўмовы для адпачынку, правядзення вучобы па тэхніцы бяспекі, дарэйсавага абследавання вадзіцеляў і механізатараў. Да іх ўвагі інфармацыйныя стэнды, падшыўкі раённай, абласной, рэспубліканскіх газет. А вось у майстэрні — цесна. Таму адной з першачарговых задач кіраўнік гаспадаркі лічыць будаўніцтва ўжо ў бягучым годзе ангара для рамонту сельгастэхнікі і прычапнога інвентару. У. Р.: «Безумоўна, усё ў гаспадарцы трымаецца на нашых спецыялістах, вельмі адукаваных, дасведчаных. Яны ніколі не стаяць у сваім развіцці на месцы, імкнуцца самаўдасканальвацца, заўсёды поўныя ідэй і прапаноў па іх рэалізацыі. Я ўжо ўзгадваў пра нашых спецыялістаў у раслінаводчай галіне. Хацелася б дапоўніць гэты пералік прозвішчамі прадстаўнікоў іншых напрамкаў дзейнасці — Руслана Андрыянца, намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі, заатэхніка Міхаіла Іваноўскага, галоўнага ветурача Мікалая Данільчыка, Ігара Зянько, намесніка дырэктара па механізацыі, Уладзіміра Стоша, інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку, галоўнага бухгалтара Юрыя Кулікоўскага і намесніка галоўнага бухгалтара Надзеі Кавальчук, галоўнага эканаміста Валянціны Новік. Кожны з іх на сваім месцы робіць усё для таго, каб квітнела наша гаспадарка, каб павышаўся матэрыяльны ўзровень яе працаўнікоў. Дарэчы, па выніках мінулага года сярэднямесячная заработная плата па гаспадарцы склала 822 тысячы рублёў. Я лічу, што гэта не высокі паказчык, таму будзем імкнуцца нарошчваць вытворчаць прадукцыі, з тым, каб мець магчымасць больш дастойна ацэньваць працу нашых вяскоўцаў». Уладзімір Рудакоўскі вельмі цэніць кожнага работніка гаспадаркі, а тут выпадковых людзей практычна не бывае. З радасцю едуць па размеркаванні маладыя спецыялісты, паколькі ведаюць, што тут іх чакаюць і добрыя ўмовы працы, і рашэнне ўсіх жыллёвых і бытавых праблем, і добрая школа ў такіх высакласных майстроў сваёй справы, як кіраўнік гаспадаркі і яго галоўныя спецыялісты, якія не па чутках ведаюць, як трэба гаспадарыць на роднай зямлі. Працаваць, канечне, трэба ад усёй душы, паколькі гультаёў і пустазвонаў тут, мякка кажучы, не любяць. Аднак атрыманы багаж ведаў і навыкаў можа стаць платформай, на якой будзе грунтавацца ўсё далейшае жыццё. Значнай падзеяй у жыцці жыхароў вёскі Старыца стала тое, што яна набыла статус аграгарадка. Уведзена ў строй 60 новых дамоў, і яны працягваюць будавацца, новы штуршок атрымала развіццё інфраструктуры. У гаспадарцы дадаткова пакла-дзены асфальт, знята чарга на жыллё. Клапоцяцца ў сельгаспрадпрыемстве і пра падрастаючае пакаленне: штодня аўтобус аб’язджае навакольныя вёскі, збірае малышоў у дзіцячы сад, а ўвечары дастаўляе дамоў, школьнікам — выдатнікам вучобы — выплачваецца стыпендыя. Да паслуг вяскоўцаў магазін “Крынічка”, а таксама кафетэрый з аналагічнай назвай, які адчыніў свае дзверы літаральна некалькі месяцаў таму. Асабліва ён прыйшоўся па гусце дзецям, паколькі ад той смакаты, што тут прапаноўваюць, кожны будзе слінкі глытаць. Кандытарскія вырабы ўздзенскіх майстроў растопяць сэрца нават самых адданых аматараў дыетычнага харчавання. Як расказала Наталля Пятрова, якая з’яўляецца поварам мясцовай сталоўкі і непасрэдна абслугоўвае пакупнікоў кафетэрыя, толькі ў апошні прывоз (мы былі яго сведкамі) прывезлі 34 найменні кандытарскіх вырабаў. Да таго ж тут можна набыць усемагчымыя напіткі, сокі, цукеркі і іншыя прысмакі, выпіць кубачак гарачага чаю або кавы, нават заказаць хот-дог. І працуе кафетэрый да 8 гадзін вечара, а ў суботу  — да 22.00. Чым не месца для моладзі, дзе можна пасядзець халодным зімовым вечарам? Аднак гэта не ўсе сюрпрызы для мясцовых жыхароў. Як расказала нам (па сакрэце) намеснік дырэктара сельгас-прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Ірына Каваленка, у хуткім часе ўсіх аматараў даўніны запросіць на цікавую выставу музей, экспазіцыя якога, створаная на мясцовым матэрыяле, рыхтуецца да паказу. Так што будзе нагода наведацца сюды яшчэ раз… Маргарыта САКОВІЧ Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей