Спрадвеку пагранічнікі лічацца элітным падраздзяленнем, беззапаветна выконваючы важныя задачы па ахове мяжы. Службу на гэтых адказных участках нясуць лепшыя з лепшых.
У іх ліку і капылянін Ілля Макаранка, які днямі вярнуўся з арміі. Служыць яму давялося ў Гродзенскай пагранічнай групе.
— Ці жадаў апынуцца ў іншым месцы службы? — распачынаем гутарку з юнаком.
[caption id="attachment_62608" align="aligncenter" width="580"]

■ Аляксандр Анатольевіч і Ілля Макаранкі[/caption]
— Ведаеце, можна пачуць шмат усялякіх расказаў пра тое, што людзі губляюць час на тэрміновай службе, але ў нас усё было зусім не так, — чуем у адказ. — Развівацца можна ўсюды: у нас была магчымасць чытаць кнігі, газеты, наведваць выставы, займацца спортам. Ніколі месца службы не змяніў бы, мне падабалася тое, чым я займаўся.
— Яшчэ колькі слоў пра сваю службу…
— Увогуле, я заўсёды адчуваю адказнасць за тое, што раблю. Армейскія нарады дазволілі адчуць службу па-сапраўднаму, мы служылі не ўмоўна, а непасрэдна. У нас была магчымасць даведацца пра ахову граніцы больш і на практыцы. Мы пастаянна авалодвалі вайсковымі ведамі, удасканальвалі сваю вывучку і ваеннае майстэрства. Некалькі разоў удзельнічаў у затрыманні парушальнікаў дзяржаўнай мяжы. Мне здаецца, што нават пасля звальнення з тэрміновай службы я кожны дзень, праведзены ў пагранвойсках, буду ўзгадваць з гонарам і лёгкім сумам. Думаю, што служба ў арміі паспрыяе і ў маёй будучай прафесіі. У мяне ў планах — паступленне ў Камандна-інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Тым, што сын стаў сапраўдным мужчынам пасля праходжання вайсковай службы, ганарацца яго бацькі Аляксандр Анатольевіч і Іна Канстанцінаўна Макаранкі. Ад камандавання часці неаднаразова прыходзілі падзячныя пісьмы за высокія паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці, узнагароджваўся салдат нагруднымі знакамі, меў магчымасць пайсці ў дадатковы водпуск.
[caption id="attachment_62607" align="aligncenter" width="400"]

■ Андрэй Жалезны[/caption]
Вядома ж, яскравым прыкладам для Іллі стаў бацька Аляксандр Анатольевіч. У 1985 – 1987 гадах ён праходзіў службу ў Афганістане. Яго ўспаміны пра тыя падзеі, хоць і рэдкія, скупыя, сталі добрым прыкладам патрыятызму і адданасці Радзіме.
Днямі дэмабілізаваўся з войска і яшчэ адзін капылянін Андрэй Жалезны. Ён праходзіў службу ў 557-й інжынернай брыгадзе Заходняга аператыўнага камандавання (г. Гродна).
У Капыльскім дзяржаўным каледжы юнак атрымаў прафесіі электраманцёра і электрагазазваршчыка.
— Можна сказаць, што любоў да тэхнікі, а таксама набытыя ў каледжы веды і вопыт дапамаглі мне і ў арміі, — дзеліцца былы ваеннаслужачы. — У вайсковай часці ў Печах лёгка далося навучанне на вадзіцеля-механіка гусенічна-міннага загараджальніка. У «вучэбцы» знайшоў сапраўдных сяброў, таварышаў. Складана было спачатку прывыкнуць да новага распарадку, рэжыму дня. Праз пэўны час гэта здавалася ўжо дробяззю, ды і служба не выглядала такой цяжкай. Усё ж такі армія загартоўвае характар, прывучае да парадку, дысцыпліны. Па прыездзе ў гродзенскую часць стаў камандзірам машыны, атрымаў званне сяржанта. Назаўсёды ў памяці застануцца вучэнні, палявыя зборы, размініраванне на палігонах. Словам, паўтара года праляцелі вельмі хутка.
Дарэчы, звязаць свой лёс з арміяй Андрэй плануе і надалей. У перспектыве ён мяркуе пайсці на кантрактную службу.
— Выбар сына цалкам пад-трымліваю, — падкрэслівае маці Наталля Рыгораўна. — На маю думку, армія для мужчыны — нядрэнная школа жыцця. Думаю, усё ў яго атрымаецца: нездарма падчас службы ён адзначаўся падзячнымі пісьмамі камандавання часці.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА і Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии