Пастаянна пашыраючы вытворчасць, мадэрнізуючы абсталяванне, укараняючы найноўшыя тэхналогіі, ААТ «Капыльскі масласырзавод» вырабляе шырокі спектр малочных прадуктаў пад гандлёвай маркай «Сузор’е смаку», якая вядома ва ўсіх кутках Беларусі, у Расіі і нават у краінах далёкага замежжа.
Сёння прадпрыемства вырабляе больш за 50 найменняў натуральнай малочнай прадукцыі, якая можа задаволіць самых патрабавальных і пераборлівых спажыўцоў. Сённяшнія прыярытэты для ААТ «Капыльскі масласырзавод» – гэта павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці за кошт распрацоўкі і засваення новых відаў прадукцыі, пастаянная работа з сельгасвытворцамі па пастаўцы якаснай сыравіны, асваенне новых тэхналогій і тэхнічнае абсталяванне цэхаў для выпуску сыроў элітных груп. Толькі ў 2010 годзе ў пера-ліку выпускаемай малочнай прадукцыі з’явілася 18 новых відаў. Асвоены выпуск сухога абястлушчанага малака і сухой сыроваткі.
Патэнцыялам любога прадпрыемства заўсёды лічыліся яго працаўнікі. Менавіта дзякуючы іх добрасумленнай рабоце вытворчасць не стаіць на месцы. На ААТ “Капыльскі МСЗ” такіх людзей знойдзецца не адзін дзясятак. Нездарма штогод у спісах сярод лепшых па прафесіі на Капыльшчыне ёсць спецыялісты гэтага прамысловага гіганта. Больш за сем гадоў працуе на вытворчасці сырасол Таццяна Іванцова
(на здымку). Стараннасць і працавітасць работніка не раз адзначалася адміністрацыяй масласырзавода. Яе фотаздымак красуецца на Дошцы гонару прадпрыемства. А сёлета стараннасць майстра адзначана таксама і кіраўніцтвам раёна.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии