23
Герой-артылерыст
16.02.2011
Грамадскі і камсамольскі дзеяч Капыльшчыны Віктар Паўлавіч Сергіеня, а таксама аграном Сцяпан Паўлавіч Сергіеня ганарыліся сваім стрыечным братам – Героем Савецкага Саюза Арсенціем Аляксеевічам Нячаевым – і шмат цікавага маглі расказаць пра свайго знакамітага земляка.
Нарадзіўся будучы Герой 10 снежня 1910 года ў вёсцы Блеўчыцы. У метрыках хлопчык запісаны Арсенцій Нячай, але, калі стаў дарослым, франтавы пісар запісаў яго прозвішча Нячаеў, і Арсенцій не стаў папраўляць. Бацька яго быў добрым цесляром, навучыў Арсенція гэтай справе, як сеяць хлеб і даглядаць пчол.
Давялося яму вучыцца ў Цімкавіцкай сямігодцы разам з вядомай асветніцай Зінаідай Іосіфаўнай Раманенка. З цеплынёй ён успамінаў дырэктара школы Шахлевіча, які для многіх вучняў стаў другім бацькам. Пасля заканчэння сямігодкі Нячаеў працуе на будаўніцтве сталічнага завода “Энергія”. Тут даведаўся, што яго блізкіх рэпрэсі- равалі і, як ворагаў народа, выслалі ў Казахстан. Ён вельмі перажываў ды і хваляваўся, бо так званыя добразычліўцы дабраліся і да яго, але прызыў на вайсковую службу ў 1932 годзе выратаваў ад арышту. Нячаеў закончыў ваеннае артылерыйскае вучылішча.
Афіцэр-артылерыст вайну сустрэў пад Ціхвінам. У баях гінулі тысячы нашых салдат. Фашысты з самалётаў скідвалі бомбы на батарэю Нячаева. Уцалела адна гармата і некалькі артылерыстаў, якія трымаліся па-геройску. Подступы да вышыні былі ўсеяны трупамі гітлераўцаў. Абарвалася тэлефонная сувязь з палком, але сувязісты змаглі наладзіць яе. У тэлефоннай трубцы Нячаеў пачуў загад: “Знішчыць гармату і адысці да сваіх”. Сціснулася сэрца ў лейтэнанта, бо шкада гаўбіцу. Яна ж падбіла пяць танкаў, а колькі варожых салдат знішчыла. “З артылерыстам Пятроўскім будзем стаяць на смерць, а астатнім — падабраць параненых і адысці ў лес”, — скамандаваў Нячаеў.
Гармата падбівае аднаго “тыгра” з чорнымі крыжамі, затым другога. Заканчваюцца снарады, і вось ужо фрыцы крычаць: “Рус, здавайся!” Раптам раздаецца дружнае “ўра!” Дапамога прыйшла своечасова. Радаваўся наш зямляк, калі пагналі гітлераўцаў з Ціхвіна, а затым удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда. Вызваляў Тарту, Рыгу, Данцыг, фарсіраваў Одэр, чатыры разы быў паранены.
Дайшоў да Берліна. І тут нешта падобнае паўтарылася, як пад Ціхвінам. У час масіраваных атак гітлераўцы фаўст-патронамі пашкодзілі гарматы. За ўцалелай гаўбіцай засталося два байцы. Капітан Нячаеў з наводчыкам адбілі новую атаку, але вораг адкрыў агонь па смельчаках з усіх сваіх гармат. Разарваўся побач снарад — і Нячаева цяжка кантузіла, адкінула ў бок. З цяжкасцю наш зямляк змог падняцца і зарадзіць гармату, ля якой ляжаў забіты наводчык. Немцы ўжо баяліся ісці ў атаку, а таму з гарышча дома пачалі страляць з кулямёта. Капітан трапна паслаў снарад, які разнёс дах з кулямётам. І раптам Арсенцій Аляксеевіч страціў прытомнасць ад папаўшага ў яго фаўст-патрона. Ачнуўся ў шпіталі толькі ў дзень Перамогі. На вуліцах крычалі “ўра!”, грымелі салютныя выстралы.
Аднойчы, калі працаваў у Лысьве Пермскай вобласці загадчыкам аддзела райвыканкама, заўважыў на стале газету “Красная звезда”. На першай старонцы сярод прозвішчаў Герояў Савецкага Саюза знайшоў і сваё. А праз некалькі дзён яго выклікалі ў Маскву і ўручылі залатую Зорку Героя і ордэн Леніна.
Да выхаду на пенсію Арсенцій Аляксеевіч працаваў сакратаром гаркама партыі і намеснікам старшыні гарвыканкама. Як успамінаў Сцяпан Паўлавіч Сергіеня, герой-зямляк не забываў родныя Блеўчыцы. У час прыезду ў яго доме, а таксама ў доме стрыечнай сястры Любові Варвашэні збіраліся аднавяскоўцы, любілі пагаварыць з ім, успомніць сяброў юнацтва. Не забываў герой і Мінск – горад свайго юнацтва, адтуль яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Заўсёды прыходзіў на плошчу Перамогі і спыняўся з непакрытай галавою каля Вечнага агню. А цяпер наша моладзь і ветэраны прыходзяць на алею герояў у Капылі і кланяюцца тым, хто прынёс нам Перамогу. Пачэснае месца ў галерэі займае партрэт Арсенція Аляксеевіча Нячаева.
Іван ІГНАТЧЫК,
г. Капыль
Поделиться
Комментарии