У сярэдзіне студзеня бягучага года ў рэдакцыю газеты “Слава працы” звярнуліся жыхары г. Капыля У. І. Луцэвіч, У. У. Дварэцкі і І. М. Жылко, якія ўзнялі праблему бадзяжных сабак. Адпаведны запыт быў дасланы супрацоўнікам КУП “Капыльская ЖКГ” з просьбай расказаць пра работу прадпрыемства ў гэтым напрамку. Быў атрыманы адказ за подпісам дырэктара прадпрыемства наступнага зместу:
“КУП “Капыльская ЖКГ” паведамляе, што па выкананні Пастановы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь №23 ад 29 снежня 2001 г. “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку дзейнасці арганізацый па адлове, адстрэле, утрыманні і эўтаназіі безнаглядных жывёл у Рэспубліцы Беларусь” у арганізацыі назначаны адказны і створана брыгада па адлове безнаглядных жывёл.
Брыгада здзяйсняе адлоў безнаглядных жывёл у г. Капылі згодна з зацвер-джаным графікам адзін раз у квартал, а таксама па зваротах грамадзян і зацікаўленых арганізацый. Акрамя гэтага, па дагаворы, адлоў можа ажыццяўляцца на тэрыторыі сельскага Савета або гаспадаркі раёна”.
Праблема бадзяжных сабак – у прыватнасці, сапраўды сур’ёзная. Шматлікія артыкулы ў прэсе з гучнымі загалоўкамі прыво-дзяць непрыемныя, а часам – жахлівыя факты нападзення “братоў нашых меншых” на людзей. За мінулы год у раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па антырабічную дапамогу звярнуўся 81 чалавек. Ахвярамі нападзення сабак сталі 65 жыхароў раёна, чацвёра з якіх - шпіталізаваны. Ужо сёлета гэтыя раз’юшаныя жывёлы нанеслі траўмы шасці капылянам.
Брыгадай Капыльскай ЖКГ усяго паўтара месяца вядзецца работа па адлове сабак. За гэты час нейтралізавана больш за 50 бяздомных жывёл у горадзе, а таксама на тэрыторыі Цімкавіцкага і Слабада-Кучынскага сельсаветаў. Але сітуацыя як у Капылі, так і за яго межамі толькі пагаршаецца. Чаму так адбываецца?
Часта гаспадары прыватных дамоў на ноч спускаюць з прывязі сваіх “вартаўнікоў”, каб поўнасцю засцерагчы ад небяспекі маёмасць. А раніцай кідаюцца ў пошукі, здзіўляючыся, чаму сабакі не вярнуліся дадому. У выніку “верныя сябры” становяцца бадзяжкамі… Рэдка калі хтосьці з іх прыходзіць назад. Віной таму – фізіялагічныя асаблівасці гадаванцаў. Ёсць яшчэ адзін аспект, які напрамую ўплывае на павелічэнне колькасці бяздомных сабак. Яны становяцца непатрэбнымі сваім гаспадарам, тыя вывозяць жывёл за некалькі кіламетраў і пускаюць на “вольны хлеб”.
Каб вырашыць праблему павелічэння безнаглядных жывёл, перш за ўсё неабходна памятаць, што мы ў адказе за тых, каго прыручылі. Калі будзем прытрымлівацца гэтай жыццёвай мудрасці, тады па вуліцах нашых вёсак і горада хадзіць стане спакайней. І ў брыгады КУП “Капыльская ЖКГ” выклікі для адлову безнаглядных чатырохногіх стануць адзінкавымі.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии