Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

23

Копыльщина праздновала

07.11.2017
Гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі заўсёды святкаваліся савецкім народам яскрава і цікава. Асабліва, калі гэта былі юбілейныя даты. Сёння мы пагартаем старонкі «Калгасніка Капыльшчыны» і «Слава працы», што дазволіць нам зазірнуць у мінулае. [caption id="attachment_61724" align="aligncenter" width="580"]■ Святкаванне 45-й гадавіны Кастрычніка. Капыль ■ Святкаванне 45-й гадавіны Кастрычніка. Капыль[/caption] Год 1937-ы Да святкаванняў 20-й гадавіны «Вялікай пролетарскай рэволюцыі і выбараў у Вярхоўны Савет СССР» увесь савецкі народ рыхтавацца пачаў загадзя. Аднак на Капыльшчыне, піша «Калгаснік Капыльшчыны» за 31 кастрычніка, падрыхтоўка разгорнута вельмі слаба. Да гэтага часу не было праведзена ніводнага сходу, не прачытана ні адна лекцыя аб ХХ гадавіне, аб тых дасягненнях, з якімі краіна падыходзіць да знамянальнай даты. Амаль ва ўсіх установах мястэчка не выпускаюцца насценгазеты. Не рыхтуюцца да свята ў кааперацыі… Камунальны аддзел таксама слаба рыхтуецца да свята. Ён нават не клапоціцца аб рамонту кватэр працоўных і ўпрыгожанню мястэчка. А ўжо нумар за 11 лістапада быў поўнасцю прысвечаны святкаванню, якое адбылося ў Маскве. У ім надрукаваны прамова таварыша К.Я. Варашылава і даклад В.М. Молатава. [caption id="attachment_61725" align="aligncenter" width="580"]■ Калона сярэдняй школы № 1 г. Капыля. 7 лістапада 1962 г. ■ Калона сярэдняй школы № 1 г. Капыля. 7 лістапада 1962 г.[/caption] Год 1947-ы 6 лістапада ў раённым доме соцкультуры адбылося ўрачыстае паседжанне Райсавета дэпутатаў працоўных сумесна з партыйнымі, савецкімі, камсамольскімі і прафсаюзнымі арганізацыямі. З дакладам «30 год Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэволюцыі» выступіў сакратар РК КП(б)Б тав. Шкадарэвіч. Працоўныя раёна адзначаюць усенароднае свята вытворчымі дасягненнямі. Перавыканалі гадавы план на 120% у Цімкавіцкай арцелі «Комунар» (старшыня тав. Чаюк). Перадавыя работніцы кравецкага цэха Галя Лях — на 200%, Софія Дубіна — на 145%. Перавыканалі план у Капыльскай шавецкай арцелі «Праўда» (старшыня тав. Гатоўчык), у Аткулаўскім камбінаце (загадчык тав. Кульбіцкі), у Капыльскай кравецкай арцелі «Новы шлях» (старшыня тав. Панчанка). Свае вытворчыя падарункі зрабілі і механізатары Цімкавіцкай і Капыльскай МТС і іншыя працаўнікі. [caption id="attachment_61726" align="aligncenter" width="580"]■ Супрацоўнікі райспажыўтаварыства. 1963 г. ■ Супрацоўнікі райспажыўтаварыства. 1963 г.[/caption] Год 1967-ы Святочны мітынг, прысвечаны 50-годдзю Савецкай улады, пачаўся на плошчы Калгасніка ў 12.00. Яго адкрыў першы сакратар райкама партыі Л.Г. Абражэвіч. Пад гукі маршу, які выконваў духавы аркестр Грозаўскай школы-інтэрната, піянеры Капыльскай СШ № 2 накіраваліся з вянком да брацкай магілы воінаў-вызваліцеляў, якія аддалі свае жыцці пры вызваленні Капыля. Затым слова ўзяў старшыня райвыканкама С.В. Сыраквашын. Пасля заканчэння мітынгу пачалося тэатралізаванае шэсце, якое сімвалізавала важнейшыя этапы з жыцця краіны Саветаў. Вось па плошчы рухаецца грузавая машына з салдатамі-чырвонаармейцамі, праносіцца ліхая тачанка, пад цокат капыт едуць у роўным страі коннікі-будзёнаўцы. Пад апладысменты з чырвонымі бантамі на грудзях ідуць жывыя ўдзельнікі тых падзей. Калону ветэранаў рэвалюцыі і грамадзянскай вайны вядуць таварышы Галынскі і Лебедзь. Як сімвал дружнай і натхнёнай працы, ідуць па плошчы дзяўчаты ў чырвоных касынках з рыдлёўкамі на плячах. Успамінам пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны рухаюцца аўтамашыны, дэкарыраваныя плакатамі «Радзіма-маці кліча!» і пра абарону Брэсцкай крэпасці. Дружнымі апладысментамі сустракаюць удзельнікі свята калону ветэранаў Вялікай Айчыннай. Пад медзь духавога аркестра пачынаецца ўрачыстая дэманстрацыя працоўных. Уперадзе дэманстрантаў развіваецца памятны Чырвоны сцяг, якім раён узнагароджаны за поспехі ў перад’юбілейным спаборніцтве. Яго нясуць ветэран вайны старшыня калгаса «Ленінец» Я.С. Краўчанка з асістэнтамі: Героем Сацыялістычнай Працы Г.Г. Нікульскай і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, кавалерам урадавых узнагарод Р.Ф. Калядой. Святочныя шэсці адбыліся ва ўсіх населеных пунктах раёна. [caption id="attachment_61727" align="aligncenter" width="580"]■  Па плошчы рухаецца машына з плакатам. 1967 г. ■ Па плошчы рухаецца машына з плакатам. 1967 г.[/caption] Год 1977-ы 7 лістапада ў гэтым годзе выдалася мяккае і пяшчотнае надвор’е. Да 11 гадзін калоны працоўных запоўнілі плошчу Калгасніка. Над галовамі людзей — партрэты Леніна, кіраўнікоў партыі і ўрада, сцягі, транспаранты. Кароткім уступным словам урачысты мітынг адкрыў старшыня выканкама раённага Савета народных дэпутатаў М.У. Асмыковіч. Пасля мітынгу пачынаецца святочная дэманстрацыя. Ганаровае права пачаць урачыстае шэсце працоўных прадастаўляецца калектыву завода гумава-тэхнічных вырабаў. Пад гукі духавога аркестра маршыруюць прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Капыля. Над плошчай раз-пораз гучаць здравіцы ў гонар слаўнага Кастрычніка, партыі і савецкага народа. У адказ чуецца дружнае шматгалоснае «УРА!» Святочныя ўрачыстасці адбыліся ва ўсіх калгасах і саўгасах Капыльшчыны. Год 1987-ы Сход пачаўся ў зале пасяджэнняў РДК 6 лістапада. Кароткім уступным словам урачыстасць адкрыў старшыня райвыканкама У.В.  Сасноўскі. З дакладам выступіў першы сакратар райкама КП Беларусі Л.П. Грыбко. Працяг святкавання адбыўся 7 лістапада на плошчы імя У.І. Леніна. Пасля мітынгу пачалося святочнае шэсце, якое адкрылі пераможцы перадкастрычніцкай вахты: шафёр калгаса «1 Мая» дэпутат Вярхоўнага Савета БССР М.М. Чаюк, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ветэран працы, кавалер ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга П.А. Каляда, рабочая завода гумава-тэхнічных вырабаў, член бюро райкама камсамола А. Рамановіч. Яны нясуць сцяг раёна. На маршы — СШ № 3 г. Капыля, калектыў якой выйшаў пераможцам раённага сацыялістычнага спаборніцтва па падрыхтоўцы да новага 1987 ─ 1988 навучальнага года. Следам рухаюцца калектывы СШ № 2 і СШ № 1. Святочнае шэсце працоўных упершыню адкрывае калектыў завода жалеза-бетонных вырабаў — пераможца раённага сацыялістычнага спаборніцтва. Калону працаўнікоў палёў і ферм узначальвае калгас «Рассвет». Урачыстасць закончылася цікавым тэатралізаваным прадстаўленнем. Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота  з архіва Мікалая Пятровіча Шкадарэвіча

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей