Вывучэннем жыцця і творчасці Якуба Коласа, творы якога перакладзены больш чым на сорак моў свету, многія гады плённа займаецца адна з самых актыўных галін беларускай літаратурнай навукі — коласазнаўства.

А пачалося вывучэнне яшчэ ў далёкім 1906 г., калі адбыўся літаратурны дэбют паэта вершам «Наш родны край» і мінская газета «Голос провинции» змясціла водгук Д. Бохана: «Верш вызначаецца выдатным гучаннем і прыгажосцю». Арыгінальнасць таленту Я. Коласа падкрэсліваў Н. Чарноцкі ў газеце «Минский курьер» (1908 г., № 64). «Песні жальбы» выклікалі крытычныя заўвагі Максіма Багдановіча ў артыкуле «Глыбы і слаі».
Сістэматычнае вывучэнне творчасці Коласа пачалося пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У пасляваенны час складаецца надзейны падмурак коласазнаўства. У 1961 – 64 гг. быў выдадзены Збор твораў у 12-ці тамах, што значна актывізавала коласазнаўцаў як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Да гэтага зборы твораў песняра выходзілі ў 1928 – 1929 гг. (у 2 т.), у 1952 г. (у 7 т.). У 1972 – 78 гг. быў выдадзены збор твораў Я. Коласа ў 14-ці тамах.
Творчасць пісьменніка разглядалі ў сваіх працах славісты Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Пачэснае месца сярод перакладаў твораў займаюць выданні на славянскіх мовах — рускай, польскай, украінскай. На рускай мове ў розны час выходзілі тры зборы твораў Якуба Коласа.
Далейшаму развіццю коласазнаўства садзейнічалі даследаванні, што з’явіліся ў сувязі са 100-годдзем (юбілей паводле рашэння ЮНЕСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе), 110-годдзем, 120-годдзем, 130-годдзем з дня нараджэння. Яшчэ ў 1996 г. быў створаны Міжнародны фонд Якуба Коласа. Выйшла падрыхтаваная ў Інстытуце літаратуры прынцыпова новая па канцэпцыі калектыўная манаграфія «Янка Купала і Якуб Колас і дзяржаўна-культурнае будаўніцтва», дзякуючы якой нашы класікі паўстаюць перад намі як асобы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, непасрэдныя ўдзельнікі гістарычнага і культуралагічнага працэсу Беларусі.
Да 130-годдзя з дня нараджэння быў выдадзены збор твораў Я. Коласа ў 20-ці тамах. Ён, несумненна, садзейнічае больш скрупулёзнаму даследаванню спадчыны творчасці, з’яўляецца надзейнай крыніцай для больш глыбокага ўсведамлення многіх гісторыка-літаратурных па-дзей Бацькаўшчыны ХХ ст.
Яшчэ з 1985 г. кожную восень у дзень нараджэння Якуба Коласа яго Дом-музей збірае заўзятых прадстаўнікоў навуковага коласазнаўства з усёй рэспублікі і краін замежжа з мэтай даследавання і ўсебаковай прапаганды творчасці. Па выніках канферэнцый выдаюцца зборнікі «Каласавіны». Пашчасціла ў 2002 г. браць удзел у канферэнцыі і мне, уражанні ад праслуханых дакладаў натхняюць і сёння. А ў лістападзе 2016 г. адбыліся ўжо юбілейныя ХХХ міжнародныя «Каласавіны», прысвечаныя 110-годдзю яго творчай дзейнасці.
…І вось ужо лістапад 2017 г. зноў запрашае прыхільнікаў Я. Коласа ў Мінск — на чарговыя «Каласавіны». Няхай заўсёды калосіцца шчодрае насенне песняра! Я ўжо добра ўсведамляю: чаму ж такі псеўданім ён абраў. Колас — гэта еднасць з зямлёй Бацькаўшчыны, гэта аснова ўсяго жывога на прасторах роднай Беларусі. Застаецца дадаць: Якуб Колас — мой любімы пісьменнік.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
пазаштатны карэспандэнт «СП»
Комментарии