У мнагадзетнай сям’і (чацвёра дзяцей) Адама Іванавіча і Раісы Іванаўны Лазоўскіх з вёскі Падгорцы 17 лістапада 1966 года нарадзіўся, рос і набіраў сілу светлавалосы Ігарок.
Як і ўсе дзеці, вучыўся ў школе (спачатку тры класы ў пачатковай школе ў вёсцы Падгорцы, затым у Слабада-Кучынскай дзесяцігодцы). У час канікул дапамагаў маме і дома, і на ферме, дзе яна працавала даяркай. Любіў збіраць грыбы, маліну (лес побач з домам). Прыкладам у працы быў і бацька, які працаваў кавалём у саўгасе імя Дзяржынскага. Атрымаўшы школьны атэстат, юнак паступае ў Капыльскае ПТВ, дзе вучыцца па спецыяльнасці “шафёр-электрык”.
Этапы жыцця чалавека адрозніваюцца і яго абавязкамі. Васемнаццацігадовы Ігар Лазоўскі Мінскім абласным ваенкаматам у складзе шматлікай групы накіраваны ў г. Варонеж для праходжання вучэбкі ў войсках сувязі. Прызыўнікі з першых дзён даведваюцца, што іх будуць рыхтаваць для адпраўкі ў Афганістан, дзе адбываюцца ваенныя дзеянні і куды ўведзены савецкія войскі. За паўгода вучэбкі, каб не хваляваць бацькоў і родных, у пісьмах дадому, сябрам Ігар ні разу не абмовіўся і словам пра гэта. Пісаў: “Усё добра, не хвалюйцеся”. А сэрца бацькоў шчымела за лёс сына. На гэта была прычына: 19 студзеня 1986 года пры выкананні баявога задання на вачах баявых сяброў быў падарваны верталёт, у якім знаходзіўся сын Аляксандры Рыгораўны і Івана Іосіфавіча Калевічаў з вёскі Стары Капыль, прыгажун Дзмітрый, які з лістапада 1985 года знаходзіўся ў пекле вайны.
Праз нейкія чатыры месяцы шэсць маладых салдат (сярод якіх і мой зямляк) з аэрадрома Ташкента ўжо ляцелі ў напрамку Кабула выконваць інтэрнацыянальны абавязак. Паўтара года Ігар Адамавіч, як і належыць салдату, адказна выконваў свой абавязак. Яму была даверана ахова аб’екта сувязі, дзе неабходна быць зоркім і чуткім, каб ніхто не прарваўся, не захапіў і не ўзарваў аб’ект. Патрэбна было ўмець адрозніваць шум ветру ад шуму крокаў, спеў птушак ад умоўных гукаў. Кожная хвіліна знаходжання на пасту патрабавала, як кажуць, быць напагатове – не прагледзець, не прапусціць, не памыліцца.
Кароткія сустрэчы з Анатолем Торыкам (земляком з вёскі Ванелевічы), сувязістам другога падраздзялення сувязі, прыносілі радасць. Вялася размова пра вяртанне дадому. Ігару па доўгу службы не даводзілася ўдзельнічаць у баявых дзеяннях, але ён бачыў параненых, кантужаных, мёртвых байцоў-дэсантнікаў штаба арміі, якія ішлі ў наступленні, знішчалі ваенныя караваны душманаў, што перавозілі зброю на мулах, ішаках, конях.
11 кастрычніка 1987 года Лазоўскі вярнуўся дадому. Якое шчасце вырвацца з такога пекла жывым! Ён працуе электрыкам у вёсцы Слабада-Кучынка, затым шафёрам у п-з імя Дзяржынскага. У 1992 годзе жэніцца. Ужо сямнаццаць год сям’я жыве ў в. Дусаеўшчына. Як “афганцу” дзяржава дала крэдыт, за які купілі прыватны драўляны дом.
Ідуць гады. Ігар Адамавіч радуецца жыццю. Свае здольнасці, старанне, любоў аддае сям’і, жонцы Любові Іванаўне, якая працуе тэхнічкай у Дзяржынскай базавай школе, і ўжо даросламу сыну Генадзю (знешне вельмі падобнага да бацькі) — навучэнцу Капыльскага СПЛ. Праз год і ён прысягне сваёй вольнай Радзіме – Беларусі.
Нешматслоўны гаспадар за ўвесь час, які я гутарыла з ім, з яго сям’ёй у іх утульным доме, так і не прысеў на вольнае побач са мной крэсла. На маё пытанне, што Вы жадалі б сваёй сям’і, воін-“афганец” адказаў: “Не толькі сям’і, але і ўсім землякам, беларусам — спакою, здароўя, шчасця. І каб у нас не было вайны”.
Ядвіга МАЛЕВІЧ,
в. Дусаеўшчына
Комментарии