[caption id="attachment_6919" align="aligncenter" width="580" caption="Масавы старт каманд гар- і райвыканкамаў"]
[/caption]
На лыжна-біятлоннай базе «Заечая паляна» ў Лагойскім раёне ў суботу, 5 лютага, праходзіла абласное зімовае спартыўнае свята «Лыжная гонка на прызы Мінаблвыканкама» ў праграме «Беларуская лыжня-2011» сярод кіруючых работнікаў апаратаў райвыканкамаў і Жодзінскага гарвыканкама і сярод структурных падраздзяленняў аблвыканкама, абласных арганізацый. Удзел у традыцыйным мерапрыемстве прыняла дэлегацыя Капыльскага раёна на чале з кіраўніком раённай “вертыкалі” Анатолем Жданенем.
[caption id="attachment_6920" align="alignleft" width="300" caption="З прывітальным словам звяртаецца губернатар вобласці Б. Батура"]
[/caption]
Падаўшы заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах, каманды і групы падтрымкі выстраіліся на ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. З прывітальным словам да аматараў спорту звярнуўся губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура. Ён адзначыў, што ў нашай краіне вялікія сродкі ўкладваюцца ў развіццё фізкультуры і спорту. Толькі ў Мінскай вобласці за апошнія пяць гадоў звыш 300 млрд рублёў пайшло на стварэнне базы для заняткаў фізкультурай і спортам. “Развіццё фізкультуры і спорту ў Мінскай вобласці — на стабільным трэцім месцы, - падкрэсліў губернатар вобласці. - Міншчына - цэнтральная, вядучая вобласць нашай дзяржавы, і я лічу, што сёння, адкрываючы “Мінскую лыжню” 2011 года, мы павінны паставіць перад сабой задачу, каб такая канстатацыя, “стабільнае трэцяе месца”, засталася ў мінулай пяцігодцы. Хачу пажадаць вам добрага настрою, паспяховых стартаў. У добры шлях, “Мінская лыжня”!”
Першымі на старт выйшлі каманды работнікаў гар- і райвыканкамаў. У склад каманды ўваходзілі тры мужчыны і адна жанчына. Гонар Капыльшчыны на лыжні адстойвалі начальнік аддзела фізіч-най культуры, спорту і турызму Віктар Васілеўскі, інжынер-праграміст Віктар Таўчкоў, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля Гарбацэвіч, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Сяргей Цвірка, якія на дыстанцыю 4х1500 м выйшлі пад восьмым камандным нумарам. Не надта соладка прыходзілася лыжнікам, пераадольваючы складаную лагойскую трасу пад праліўным дажджом. І хаця ў тройку лідараў капылянам трапіць не ўдалося, асноўны прынцып мерапрыемстваў такога кшталту (галоўнае – не перамога, а ўдзел –
С. Л.) нашы землякі выканалі. А пераможцамі гонкі сталі работнікі Барысаўскага райвыканкама. Услед за імі на фінішы былі стаўбцоўскія лыжнікі, а трэцяй стала каманда Мінскага раёна.
Структурныя падраздзяленні аблвыканкама, абласныя арганізацыі эстафетную гонку вялі практычна на ледзяной трасе. Паказаўшы добрую падрыхтоўку і вытрымку, першымі на фініш прыйшлі супрацоўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама. На другім месцы замацаваліся работнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, а замкнулі тройку лідараў лыжнікі вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.
[caption id="attachment_6921" align="aligncenter" width="443" caption="Каманда Капыльскага раёна"]
[/caption]
Пераможцы і прызёры “Мінскай лыжні” атрымалі кубкі, дыпломы і памятныя падарункі, якія ім уручылі губернатар вобласці Барыс Батура, міністр спорту і турызму Алег Качан, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Мінскай вобласці Мікалай Іванчанка.
[caption id="attachment_6922" align="aligncenter" width="443" caption="Гарачая салдацкая каша і чай - для ўдзельнікаў «Мінскай лыжні»"]
[/caption]
Для гасцей спартыўнага відовішча свае паслугі прапаноўвалі шматлікія гандлёвыя палаткі Лагойскага райспажыўтаварыства і Барысаўскага мясакамбіната. Тут жа абсалютна бясплатна можна было пачаставацца сапраўднай салдацкай кашай і выпіць гарачага чаю. Весялілі публіку разнастайныя роставыя лялькі, самадзейныя артысты. Пакідалі “Заечую паляну” ўдзельнікі свята здароўя з выдатным настроем. Значыць час, праведзены на спартыўным мерапрыемстве, быў патрачаны недарэмна.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии