Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

27

Рэцэпты ад нашых чытачоў!

08.02.2011
Наш край здаўна славіўся майстрамі кулінарнай справы. Памятаецца, як некалі ў кожнай вёсачцы абавязкова было па адной-дзве жанчыны, якіх запрашалі прыгатаваць на вясельны стол. Уменню майстрых можна было толькі пазайздросціць, бо пачастункі былі па тым часе адмысловыя, смачныя. Наўкола разносіўся такі водар, што мы, малыя, проста не маглі ўтрымацца, каб употай не схапіць з талеркі смакату. Вясковыя паварыхі былі ў асаблівай пашане, у іх вучыліся, пераймалі вопыт. Сёння нашу пастаянную рубрыку “Капыльскія прысмакі” адкрые адна з майстроў кулінарнай справы – капылянка Галіна Апанасчык. Яе рукамі мноства разоў былі прыгатаваны і накрыты сталы на вяселлях, радзінах, юбілеях. У апошні час, праўда, пай- шла мода на рэстараны, кафэ, таму і свой юбілей Галіна Аляксандраўна адзначыла па-сучаснаму. І гатавалі, і падавалі работнікі кафэ, а яе залатыя рукі на гэты раз адпачывалі. Прапануем некалькі рэцэптаў, якія Галіна пераняла ад сваіх родных. Толькі вось пачаць новы праект са свайго фотаздымка аўтар рэцэптаў адмовілася. А шкада, бо яна не толькі выдатная гаспадыня, але яшчэ і сапраўдная прыгажуня. Рэцэпты ад Галіны Калдуны (навучылася  ад  бабулі - Пашкевіч  Вольгі Антонаўны з  в. Усава) Бульбу (2 кг) нацерці на мелкую тарку, адціснуць праз марлю. Сок з адціснутай бульбы павінен адстаяцца, потым яго трэба зліць, а крухмал, які застаўся, дабавіць у адціснутую масу. Сюды ж дабаўляем соль, 2 яйкі. Начынка (фарш): свініна, цыбуля, прыправы па-дамашняму, 3 ст. л вады. Масу з бульбы раскладваем на далоні, унутр кладзём камячок з фаршу а зверху зноў бульбяную масу і лепім авал. Калдуны кладзём на гарачую патэльню з алеем, трошкі абсмажваем. Потым складваем у чыгунок, дабаўляем трохі кіпеню і ставім у печ да поўнай гатоўнасці. Вантрабянка (пераняла  ад  свекрыві - Апанасчык  Марыі Мікалаеўны з в. Мазалі) Трэба: сэрца (1), лёгкае (1), ныркі (2), фарш (2 кг). прыправы па-дамашняму, соль, часнок (1 вялікая галоўка). Сэрца, лёгкае, ныркі перакруціць на мясарубку (вялікую), дабавіць фарш. Усё перамяшаць, пасыпаць прыправамі па-дамашняму, соль на смак, дабавіць 1 вялікую галоўку часныку. Даць масе настаяцца 2 гадзіны. Потым напіхаць яе ў кішкі. Каўбасу спачатку трэба трохі прыварыць, а потым прысмажыць. Прыправы па-дамашняму: кроп, перац (чорны або духмяны), лаўровы ліст, каляндру, траву чабрэц высушыць і здрабніць, перамяшаць. Простая салата Сырыя буракі (абавязкова цыліндры) нацерці на тарку, дабавіць соль, часнок. Усё заправіць маянэзам.

artiom Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей