Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

40

Паслухаем, што людзі кажуць

10.02.2011
За шматвяковую гісторыю беларусы стварылі выключна багаты фальклор. З усіх жанраў вуснай народнай творчасці найбольш ужывальныя і пашыраныя прыказкі і прымаўкі. Яны самыя лаканічныя паводле формы, вельмі яркія і дасціпныя паводле выказвання, бо ў аснове іх ляжыць метафарычнае, вобразнае мысленне народа. Прыказкавая паэзія захапіла нашага земляка Валянціна Рабкевіча, ураджэнца вёскі Аксаміты Капыльскага раёна, яшчэ ў студэнцкія гады, калі выйшла з друку ў 1957 годзе кніга яго настаўніка, заслужанага дзеяча навукі БССР Фёдара Янкоўскага “Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі”. Праз гэтую кнігу Рабкевіч даведаўся пра нястомную працу славутых збіральнікаў найкаштоўнейшага моўнага мастацтва беларускага народа. Пасля сам стаў услухоўвацца ў людскую  гаворку, запісваў, супастаўляў першыя запісы з друкаванымі і пераканаўся, што ў народзе жыве шмат прыказак, яшчэ нікім не запісаных, праўда, пачуць іх не так і лёгка. Першыя свае запісы Рабкевіч зрабіў у 1958 годзе на Капыльшчыне ў роднай вёсцы Аксаміты. Амаль усе прыказкі ў гэтай вёсцы запісаў ад мамы Анастасіі Іванаўны, якая ведала іх безліч (часта сама іх стварала). Яе размова не была без прыказак, што ўвесь час давала прыбаўку ў картатэку сына. Прапаноўваем да вашай увагі некаторыя цікавыя прыказкі, прымаўкі, народныя прыкметы і досціпы, сабраныя Валянцінам Рабкевічам на Капыльшчыне, якія ўвайшлі ў кнігу “Паслухай, што людзі кажуць”. У Аксамiтах кажуць: Ад лішняй яды не бу-дзеш багаты, а пузаты. Бабская работа ўся каля рота. Вокны бачаць, а сцены чуюць. Гарэліца-сакатуха ідзе ў голаў, а не ў бруха. Давалі цалавацца: пара на хлеб старацца. Еш боршч з грыбамі і трымай язык за зубамі. Жаніся, каб дурні не звяліся. За добрым гаспадаром і свінка – гаспадынька. Ліповае не абавязкова з ліпы робяць. Мікіта, сюды, Мікіта, туды, а ў Мікіты порткі ўпалі, дык ён ні туды ні сюды. Каб смачна пад’есці і хораша хадзіць, трэба многа рабіць. У Балгавiчах кажуць: Раніцай – росна, Удзень – млосна, Вечарам – камары. Так і не выбера пары. Стары вол баразну не порціць. У Грозаве можна пачуць: Май – кажух не скідай. Чужая хатка такая, як свякроўка ліхая. У наступным нумары “Скарбонкі” мы працягнем знаёміць вас з творчасцю Рабкевіча. Паважаныя чытачы, цікава будзе даведацца, а што кажуць у вашай мясцовасці, чым адметна гаворка ад астатніх? Прысылайце свае допісы ў рэдакцыю “СП”. Таццяна БОХАН

artiom Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей