У цэнтры ўвагі па навядзенні парадку на зямлі на тэрыторыі Семежаўскага сельсавета на дадзены момант вёска Філіпавічы. Менавіта тут сканцэнтраваны ўсе сілы.

Да таго ж дадзенае пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі ў райвыканкаме, неаднойчы ўзнімалася на апаратных нарадах. Гэты населены пункт абраны невыпадкова. Па-першае, тут шмат пустуючых дамоў, а па-другое, ён з’яўляецца першым на ўездзе ў наш раён з Клецкага і знаходзіцца на ажыўленай міжнароднай трасе.
— Работы па навядзенні парадку ў гэтым населеным пункце пачаліся яшчэ мінулай восенню. Былі знесены чатыры дамы, потым адпаведныя тэрыторыі сіламі ААТ «Семежава» былі засеяны, — расказвае старшыня Семежаўскага сельвыканкама Марыя Стружко. — Вясной былі ліквідаваны яшчэ сем дамоў, чатыры фундаменты і адна гаспадарчая пабудова. Былі выкарчаваны пні, сабраны карані і рэшткі пабудоў, плошчы прадыскаваны, каб поле было прыдатным для сяўбы. У бліжэйшы час плануем знесці яшчэ сем дамоў. Згадзіцеся, лепш пагля-дзець на рунь, якая красуецца побач з дарогай, чым на старую, закінутую хаціну.

Самую значную дапамогу ў навядзенні парадку на тэрыторыі Філіпавіч аказвае мясцовае сельгаспрадпрыемства — ААТ «Семежава». Як адзначае Марыя Стружко, у іх наладжана поўнае ўзаемаразуменне: кіраўніцтва гаспадаркі заўсёды дапамагае і тэхнікай, і людзьмі. І фінансамі таксама, бо тых сродкаў, што выдзелены з бюджэту, недастаткова.
Прыходзяць на дапамогу працаўнікі ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета, а таксама прадстаўнікі прыватнай формы ўласнасці. Заўсёды ў першых радах апарат сельвыканкама. Вядома ж, не застаюцца ўбаку і мясцовыя жыхары, хаця іх тут не так ужо і многа, але па меры магчымасці яны выходзяць на суботнікі. Свой уклад у агульную справу робяць і так званыя дачнікі. Словам, усё робіцца гуртам.
АДНЫМ РАДКОМ
► З пачатку года на тэрыторыі Семежаўскага сельсавета знесены сем дамоў, адна гаспабудова, захаваны чатыры фундаменты.
► Прыбраны і абкошаны тэрыторыі 256 безгаспадарных дамоў.
► Пустуючыя землі заараны больш чым на 21 гектары.
► Прыбрана і захавана 70 стыхійных сметнікаў.
► Знесена 335 метраў старых і ўстаноўлена насельніцтвам 705 метраў новых агароджаў.
► Спілавана 845 старых і аварыйна-небяспечных дрэў.
► За гэты час выдадзена 189 прадпісанняў грамадзянам аб навядзенні парадку.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии