Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

40

З-пад Замкавай гары

08.02.2011
[caption id="attachment_6719" align="aligncenter" width="443" caption="Замкавая гара. Люты 2011 г."][/caption] Маляўнічыя абрысы Замкавай гары і крынічкі, што б’е з-пад яе, нарадзілі не адну легенду і пра гару, і пра паходжанне самога Капыля. Даўным-даўно, на высокай гары, што і зараз узвышаецца ў цэнтры Капыля, стаяў замак. Быў ён такі высокі, таму здавалася, што сваімі вежамі кранаўся нават аблокаў. Як ні спрабавалі ўзяць яго ворагі, так і не здолелі, бо акружалі яго высокія земляныя валы, а ля схілаў Замкавай гары цякла глыбокая рака Каменка. На хвалях яе гойдаліся княжацкія ладдзі, і здавалася, што да сканчэння свету будзе стаяць гэты замак і бруіцца ля яго сцен Каменка. Але здарылася непрадбачанае. Патануў у Каменцы адзіны сын чараўніцы, што жыла непадалёку ад замка. У роспачы яна назаўсёды пракляла раку, а навакольныя мясціны зачаравала. У адно імгненне замак знік пад зямлёй, быццам ён ніколі і не стаяў тут. Ваду з Каменкі варажбітка сабрала ў вялізны кацёл, схавала яго, а зверху накрыла нябачнай коўдрай. Сёння толькі невялікая рачулка нагадвае пра былую велічнасць Каменкі ды тая крынічка, што б’е з-пад Замкавай гары. Вада ў ёй надзвычай празрыстая і смачная. Сталага веку людзі кажуць, што калі раскапаць Замкавую гару, дык вырвецца адтуль вада і пакрые сабою ўсё наваколле. [caption id="attachment_6720" align="aligncenter" width="300" caption="Крынiчка"][/caption] Прыгожае паданне. Але зірнём на ўсё гэта скрозь прызму навукі. Што ўяўляе сабой вада з гэтай крынічкі ўжо вачыма эколагаў? Тэмпература вады заўсёды 7оС. Паводле вызначэння спецыялістаў, вада з крынічкі высокамінералізаваная, слабашчолачная, мае высокае ўтрыманне крэмнію. Апошні і зябяспечвае высокую пітную якасць, надае ёй незвычайную празрыстасць і непаўторны смак. А ўтрыманне шчолачы  робіць ваду карыснай для людзей з павышанай кіслотнасцю страўніка. Дзеля цікавасці, параў-наем хімічны склад капыльскай вады, напрыклад, з крынічнаю вадою Фінляндыі, якую раз-пораз прадаюць у крамах Мінска. Дык вось, колькасць хімічных мікраэлементаў у капыльскай вадзе, як і ў фінскай, аднолькавая — восем. Але натрыю ў нашай вадзе ўдвая больш. У паўтары разы больш магнію, шмат тут кальцыю, ёсць нават трохі фтору, чаго няма ў фінскай вадзе. Апошні, як вядома, вельмі неабходны для прафілактыкі карыесу. Як бачым, вада з Замкавай гары не толькі не саступае фінскай, але нават і пераўзыходзіць яе. На думку людзей, крынічная вада ачышчаецца, калі пройдзе праз сем камянёў. Вышыня ж Замкавай гары над поплавам ракі Каменкі - 11 метраў. Гэта цэлая сістэма натуральных фільтраў: пясок, гліна, шчэбень... Але гэта не толькі прыродны фільтр, гэта і прызма часу. Вада з-пад Замкавай гары нясе ў сабе подых тысячагадовай гісторыі Капыля. Зразумела, што такую ваду цанілі, а саму крыніцу і тое месца, дзе яна знаходзілася, ушаноўвалі. Відаць, каб надаць святасці гэтай мясціне, і было складзена ў тыя даўнія часы паданне. У такіх месцах адбывалася набажэнства. Сюды прыносілі ахвяры: ежу, ручнікі, тканіну, упрыгожанні. Месцы такія ў нашых прашчураў зваліся свяцілішчамі, альбо капішчамі. Час існавання гэтага капішча прыпадае, хутчэй за ўсё, на X ст., на той час, калі Капыльшчыну пачало засяляць усходнеславянскае племя дрыгавічоў. У 1999 г., падчас святкавання 725-годдзя Капыля і 75-годдзя з дня заснавання раёна, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філірэт правёў асвячэнне крыніцы і першым адпіў жыватворнай вады. Таццяна ВАРАНЦОВА, старшы навуковы супрацоўнік ДУ «Капыльскі раённы краязнаўчы музей» Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

artiom Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей