Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу наступнага года навесці ў краіне ідэальны парадак. Пра гэта ён заявіў 3 кастрычніка на нарадзе ў Мінску. Як адзначыў Прэзідэнт, усё павінна быць у ідэальным стане, пачынаючы ад дарог, мастоў, развязак, прылеглых да дарог палёў, гарадоў і вёсак і заканчваючы пасяўнымі плошчамі.
Як жа абстаяць справы з навядзеннем парадку на зямлі на Капыльшчыне на дадзены момант?
Паводле слоў старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Кісляк, мерапрыемствы па добраўпарадкаванні распрацаваны і зацверджаны ва ўсіх сельвыканкамах. На працягу года яны дапаўняліся і карэкціраваліся, таму аб’ём выкананых работ значна большы, чым было запланавана.
На пастаянным кантролі знаходзіцца знос пустуючых дамоў у населеных пунктах. З пачатку года знесена 88 дамоў, 61 гаспадарчая пабудова, 76 фундаментаў. У цяперашні час 60 дамоў знаходзяцца на стадыі разборкі.
Для таго, каб населеныя пункты мелі належны выгляд, адным з асноўных напрамкаў дзейнасці з’яўляецца аптымізацыя зямельных участкаў. Стаіць задача ўключыць іх у гаспадарчы абарот, каб сельгаспрадпрыемствы выкарыстоўвалі пустуючыя плошчы па прызначэнні. Ва ўсіх сельсаветах прадстаўнікі зямельнай службы і старшыні сельвыканкамаў праводзяць абходы населеных пунктаў і абследуюць такія ўчасткі. За вясну і лета гэтага года заарана 250 га. Зараз, калі ў сельгаспрадпрыемствах закончылася сяўба азімых, работы актывізуюцца. Праводзяцца гутаркі з насельніцтвам: каб яго ўчасткі не ўваходзілі далёка ў землі сельгаспрадпрыемства, яны пераносяцца бліжэй да сядзібы.
Па даручэнні старшыні райвыканкама Анатоля Ліневіча напачатку восені паўторна выкашаны ўсе праязныя дарогі, у першую чаргу цэнтральныя вуліцы і трасы. Асаблівая ўвага надаецца зносу старых агародж, якія псуюць знешні выгляд населеных пунктаў. Ужо дэманціравана з пачатку года звыш 14 км, у верасні — звыш 1 км, устаноўлена новых — адпаведна 14,2 і 1,5 км. Са станоўчага боку можна адзначыць аграгарадок Пясочнае, дзе пры дапамозе УП «ПІК-Лясное» да свята населенага пункта з’явіліся новыя драўляныя агароджы (насельніцтву была прадастаўлена растэрміноўка на аплату), таксама вёску Руднае, дзе пры дапамозе мясцовага сельскагаспадарчага філіяла «Руднае» ўстаноўлена новая агароджа.
З пачатку года абкошаны 1983 пустуючыя ўчасткі. Аднак з-за недахопу мотакос гэта пытанне не заўсёды вырашалася своечасова. На дапамогу прыходзіла тэхніка сельгаспрадпрыемстваў.
Праблемным застаецца з’яўленне стыхійных сметнікаў. Асабліва ў той перыяд, калі вядуцца ўборачныя работы на прысядзібных участках. Рэшткі пустазелля вывозяцца на абочыны дарог, у лесапасадкі і г.д. Вядома ж, яны потым «абрастаюць» іншым смеццем. Хаця пустазелле можна закласці ў кампостныя ямы ці высушыць і, захоўваючы ўсе патрабаванні, спаліць.
— У гэтым годзе на тэрыторыі раёна прыбраны 702 стыхійныя сметнікі, — адзначае Ірына Кісляк. — Нягледзячы на тое, што жыллёва-камунальнай службай арганізаваны збор бытавых адходаў, выпадкі ўзнікнення сметнікаў усё роўна сустракаюцца. Нагадаю, што ў раёне дзейнічаюць чатыры афіцыйныя палігоны цвёрдых бытавых адходаў: цэнтральны — каля г. Капыля, у аграгарадку Пясочнае і вёсках Бучаціна і Вясёлае.
Паступіла шмат зваротаў наконт спілоўвання старых і аварыйных дрэў. Асабліва пасля моцных ветраў і ўраганаў. З пачатку года спілавана 6680 дрэў.
Для рэгулявання навядзення парадку на зямлі выдадзена 2716 прадпісанняў і складзены 22 пратаколы.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии