Урачыстае мерапрыемства, падчас якога адбылося ўшанаванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, якія пражываюць у Мінскай вобласці, адбылося ў Мінаблвыканкаме.

Святочная сустрэча была арганізавана Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў напярэдадні Дня пажылых людзей, які адзначаецца 1 кастрычніка. Упершыню ў цэнтральным рэгіёне яна адбылася пры падтрымцы пасольства Кітая ў Беларусі. Нагодай для правядзення мерапрыемства ў міжнародным фармаце стала гадавіна ўтварэння КНР, якая адзначалася 1 кастрычніка. Немалаважна і тое, што ў Мінскай вобласці пражываюць больш за 40 ветэранаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Кітая ў гады Другой сусветнай вайны.
На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Мінскай вобласці. У склад дэлегацыі Капыльшчыны ўвайшлі старшыня раённага Савета ветэранаў Казіміра Ганчар, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі філіяла Беларусбанка Ганна Казак і малалетні вязень Яўген Сівец. Для выступлення на святочным канцэрце быў запрошаны вакальны ансамбль Капыльскага РЦК «Дабрадзеі».
Напрыканцы ўрачыстага мерапрыемства ветэранам былі ўручаны памятныя падарункі.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии