Валянціна Камінская, намеснік дырэктара Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі па рабоце з дзецьмі — чалавек у сваёй працы зусім не выпадковы.
Колькі сябе памятае, Валянціна Дзмітрыеўна любіла чытаць. Упершыню яе, шасцігадовую дзяўчынку, у Грозаўскую сельскую бібліятэку прывёў тата Дзмітрый Сямёнавіч Харытончык. Ён сам — заўзяты чытач. Нават і зараз, нягледзячы на паважаны ўзрост (а споўнілася ўжо 80 гадоў), Дзмітрый Сямёнавіч шмат чытае.
Перагортваючы старонкі кніг, маленькая Валя нібы адпраўлялася ў цікавыя падарожжы. Не перашкаджалі нават і школьныя заняткі. Настаўнікі неаднойчы выклікалі бацькоў у школу і скардзіліся, што дзяўчынка на ўроках чытае не падручнікі, а… мастацкую літаратуру. Таму і прафесійны выбар быў адмысловы — факультэт бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Мінскага інстытута культуры. Набыўшы адукацыю, у 1988 годзе Валянціна вяртаецца ў Капыль на сваё першае месца працы ў бібліятэцы, якое засталося адзіным.
Зараз у сям’і Камінскіх чытаць любяць усе: і муж Алег, і сын Руслан. Дарэчы, малады чалавек выбірае больш сур’ёзную літаратуру: яму падабаецца «Партрэт Дарыяна Грэя» Оскара Уайльда і «Фауст» Гётэ.
За свае прафесійныя дасягненні Валянціна Камінская ўдзячна калегам, з якімі прыйшлося працаваць: Ідаліі Канстанцінаўне Чаркас, Валянціне Канстанцінаўне Мацуль, Наталлі Уладзіміраўне Холад. Карысныя парады атрымлівала і ад Галіны Іванаўны Шулешкі. Дырэктар Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі Таццяна Серая таксама заўсёды аказвае неабходныя падтрымку і дапамогу. Ды і наогул з надзейнымі калегамі-партнёрамі працаваць лёгка і цікава. Таму і ідуць у дзіцячую бібліятэку не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі, але і іх бацькі, і дзядулі з бабулямі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии