Удзячнасць за працу
Старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч на чарговай планёрцы выказаў вялікую ўдзячнасць кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў за вялікую работу па падрыхтоўцы і правядзенні Дня горада, які адбыўся 26 жніўня.
Падзячныя пісьмы атрымалі тыя кіраўнікі, чые калектывы ўнеслі найбольшы ўклад у правядзенне мерапрыемства, а таксама ў добраўпарадкаванне Капыля. Сярод узнагароджаных — дырэктар ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс» Мікалай Кароцька, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Канончык, начальнік Капыльскага рамонтна-будаўнічага ўчастка Яўген Лепяціла, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юха, дырэктар раённага Цэнтра культуры Наталля Рыбак, загадчык аддзела культурна-масавай работы РЦК Любоў Галубовіч.
«Уладар вёскі» ─
у Капылі
14 верасня ў зоне адпачынку Капыля пройдзе абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі-2017».
Сем’і-ўдзельніцы з усёй вобласці будуць прэзентаваць выставы творчых работ, прымуць удзел у конкурсах: «Дрывасекі», «Наезнікі», «Сельская спартыўная эстафета», «Інтэлектуалы вёскі», «Спрытнікі», «Вітаем па-беларуску».
На працягу дня будуць працаваць атракцыёны, дзіцячыя пляцоўкі, аніматары, фотазона і многае іншае.
Новы рынак запрашае на кірмаш!
Згодна з распараджэннем старшыні Капыльскага райвыканкама восеньскія раённыя кірмашы будуць праходзіць на новым рынку ПП «Колмакс-буд», размешчаным па адрасе: г. Капыль, вул. Заазёрная 2-я (на здымку).

Яны арганізаваны для поўнага забеспячэння насельніцтва сельскагаспадарчай прадукцыяй, вырабамі мясаперапрацоўчай і малочнай галін, харчовымі і прамысловымі, кулінарнымі і кандытарскімі таварамі, угнаеннямі, насеннем і пасадачным матэрыялам, сельскагаспадарчым інвентаром, вырабамі майстроў народнай і дзіцячай творчасці.
Кірмашы запланаваны на 16, 23 верасня, 14, 28 кастрычніка, 4 лістапада 2017 года. Пачатак у 8 гадзін.
З верасня па лістапад 2017 года дазваляецца гандаль з аўтамабіляў плодаагародніннай прадукцыяй беларускай вытворчасці на пляцоўцы каля магазіна «Родны кут», размешчанага па адрасе: г. Капыль, вул. Цімкавіцкая, 1А.
Знак гонару
Дырэктар Капыльскага дзяржаўнага каледжа Аляксандр Францавіч Пяткевіч удастоены нагруднага знака «Выдатнік адукацыі».

Узнагароджанне адбылося на жнівеньскай канферэнцыі, якая праходзіла 26 жніўня ў Маладзечне. Падчас яе былі падведзены вынікі навучальнага года і вызначаны стратэгічныя арыенціры на наступны год.
Эстэтычна і прыгожа
Вітрына — гэта наглядная візітная картка любой кропкі сферы абслугоўвання. Ператварэнне ў эстэтычным афармленні нядаўна атрымалі будынкі Капыльскага РКБА (на здымку) і ўнівермага №1 горада.

Такі крок цалкам зразумелы: хочаце, каб кліенты не праходзілі міма, а наведвалі ваш магазін ці карысталіся вашымі паслугамі — стварыце прывабную рэкламу. Вітрыны гэтых будынкаў і выконваюць гэтую важную функцыю: распавядаюць пра паслугі і тавары, якія прапануюцца капылянам і гасцям райцэнтра.
Візуальныя рашэнні ў спалучэнні з гарманічнай каляровай гамай, спадзяёмся, паспрыяюць прыцягненню пакупнікоў і павелічэнню тавараабароту.
Пра гісторыю пісьменства
На працягу верасня і кастрычніка ў Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага ў аграгарадку Цімкавічы пройдуць гульнёвыя заняткі для вучняў 2─4 класаў «Адкрыем кнігу для сябе».
Як паведаміла дырэктар музея Людміла Ніжэвіч, заняткі распрацаваны ў рамках рэалізацыі праграмы «Наша спадчына» і прысвечаны 500-годдзю беларускага пісьменства.
Ганарымся вамі!
«Нашы землякі — наш гонар» — такі білборд, які ўшаноўвае выдатных капыльскіх спартсменаў, з’явіўся на ўскрайку зоны адпачынку пры ўездзе ў горад.

На вялікім шчыце памерам 6х3 метры размясціліся фотаздымкі біятланістаў, якія ўславілі родны Капыль. Сярод іх — майстар спорту міжнароднага класа Аляксандр Сыман, майстар спорту, член Нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па біятлоне Антон Смольскі і 12 юных спартсменаў, навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў горада, — пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба 2017 года.
Падрыхтавалі: М. ШЭІНА, М. САКОВІЧ, Дз.ТКАЧЭНКА, С. КОЗЕЛ, С. ЛАЗОЎСКІ
Комментарии