Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

67

Копыль: известный и неизвестный

04.09.2017
Не засталіся ўбаку ад святкаванняў і супрацоўнікі Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі. Напярэдадні Дня горада і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання яны прэзентавалі цікавае краязнаўчае выданне — «КАПЫЛЬСКУЮ АЗБУКУ». IMG_1390-1 Падрабязна пра асаблівасці краязнаўчай навінкі расказала загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі Таццяна АСТРЭЙКА: — «КАПЫЛЬСКАЯ АЗБУКА» — выданне  даведачнага  характару,  дзе ў алфавітным парадку змешчаны звесткі аб лепшых прадстаўніках Капыльшчыны, якія ўнеслі свой уклад у нацыянальную спадчыну. Галоўнай мэтай выдання было акумуляваць звесткі аб іх у адзінае цэлае і данесці да кожнага, каго зацікавіць гісторыя Капыльшчыны. Застаўкай для кожнай літары з’яўляюцца падзеі і звесткі з гісторыі Капыльшчыны таксама ў алфавітным парадку. Капыльскі край — найпрыгажэйшы, і гэта не проста гучныя словы. За імі — разуменне таго, што такіх маляўнічых, такіх багатых на гістарычныя падзеі мясцін на нашай зямлі няшмат. Капыльшчына дала гісторыі выдатных дзеячаў літаратуры і гісторыі, мастацтва і культуры, многія з якіх сёння вядомы далёка за межамі Беларусі. У Капылі, напрыклад, нарадзіўся роданачальнік і класік новай яўрэйскай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорым, а Зоф’я Тшчачкоўская, якая пісала і па-польску, і па-беларуску, родам з Дарагавіцы. На Капыльшчыне з’явіўся на свет і класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны. азбука2 У Капылі была адна з самых моцных на Беларусі ячэек арганізацыі РСДРП, тут жа — выпадак унікальны — выдаваліся рукапісныя часопісы. Агульнавядомы факт: калі быў утвораны часовы рабоча-сялянскі ўрад  Беларусі, яго ўзначаліў ураджэнец Капыля Зміцер Жылуновіч, ён жа — вядомы беларускі пісьменнік Цішка Гартны. І, безумоўна, адна з самых яркіх старонак гісторыі Капыльшчыны — Вялікая Айчынная вайна. Не пакарыўся ворагу гэты найпрыгажэйшы куточак нашай Айчыны. За зброю ўзяліся, без перабольшвання, і старыя, і малыя. Ваявалі мужна, бясстрашна і на роднай зямлі, і далёка за яе межамі. 11 герояў Савецкага Саюза — ураджэнцы Капыльшчыны. У раёне дзейнічала і выйшла з яго 12 партызанскіх брыгад. Капыльшчына дала Айчыне вядомых вучоных і дактароў медыцынскіх навук Н.В. Станкевіча, А.А. Торыка, М.А. Лушчыцкага, які быў галоўным хірургам ваенна-марскога флоту былога СССР. Заявілі аб сабе і вучоныя В.В. Раманенка, М.А. Манак і В.І. Валынец. Гэта ўсевядомыя факты, але ёсць і такія, пра якія ніхто не чуў. Капыль быў вядомы і ў Еўропе. Выдатны картограф Себасцьян Мюнстэр адзначыў яго на карце 1540 года. На карце Гедройца, якая была змешчана ў геаграфічным атласе Абрахама Артэліуса (1574 г.) Капыль таксама паказаны. А вось Слуцка і Мінска там няма. У пачатку ХVІІ стагоддзя на Капыльшчыне некалькі гадоў жыў асветнік-гуманіст эпохі Адраджэння Данііл Набароўскі — вучань самога Галілея. У пачатку ХІХ стагоддзя ў Капылі нарадзіўся адзін з самых знакамітых урачоў Расіі, доктар медыцынскіх навук Самуіл Кушалеўскі. Ён уваходзіў у пяцёрку лепшых медыкаў Расійскай Імперыі. Падчас Паўночнай вайны са шведамі жыхары Капыльшчыны страцілі трэцюю сваю частку. Сам рускі цар Пётр І удзельнічаў у баях са шведамі ў ваколіцах Капыля. Вось яшчэ адна са звестак, якая зусім нядаўна выйшла з глыбінь гісторыі: Капыльшчына — Радзіма Міколы Гусоўскага, аўтара помніка беларускай пісьменнасці «Песня пра зубра», які ўвайшоў у скарбніцу Еўрапейскай культуры, імя аўтара рашэннем міжнароднай арганізацыі ЮНЭСКА было ўключана ў спіс найвыдатнейшых дзеячаў славянскага свету. Аднак гэта імя намі ў выданне не ўнесена, паколькі даследчая работа ў гэтым напрамку працягваецца. Капыль — радзіма вядомага ўсяму свету сваім «Чорным квадратам» Казіміра Малевіча. Дарэчы, толькі дзякуючы актыўнай дапамозе мясцовых краяведаў, вывучэнню архіўных матэрыялаў краязнаўчага музея, раённай  газеты «Слава працы», актыўнаму супрацоўніцтву з вядомымі людзьмі — выхадцамі з Капыльшчыны — гэты факт пацвердзіўся. Даследчая  работа  прадугледжвае актыўную пошукавую дзейнасць бібліятэкараў, цеснае супрацоўніцтва са школамі, музеямі: Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага, Капыльскім раённым краязнаўчым музеем, краязнаўцамі: пісьменнікам Алесем Бельскім, навукоўцам Аляксанд-рам Каваленем, Іванам Ігнатчыкам, Іванам Булатам, Ірынай Шкуцько, Барысам Дзенісюком, раённай газетай «Слава працы» і мясцовым радыё, Капыльскай раённай ветэранскай арганізацыяй. Спадзяёмся, што «КАПЫЛЬСКАЯ АЗБУКА», як тая самая першая і самая важная кніга ў жыцці кожнага чалавека, знойдзе сваіх чытачоў,  дапаможа згадаць непаўторнасць Капыльшчыны, данесці да сучаснікаў і нашчадкаў гістарычную і культурную спадчыну нашага краю, выхаваць любоў да яго, дапаможа  зусім іншымі вачыма глянуць на свой горад, можа, адшукаць след сваіх далёкіх (і не вельмі) продкаў. Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей