Сёлета ва ўсіх гарадах, мястэчках і вёсках нашай сінявокай Беларусі адбываюцца шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, асобе першадрукара Францішка Скарыны, 135-й гадавіне з дня нараджэння яго таленавітых паслядоўнікаў, стваральнікаў літаратурнай мовы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Больш таго, 2017 год – год навукі, якая заўсёды даследавала самае гуманнае, перадавое, якаснае, тое, што хвалявала народ і грамадства.

Мне захацелася прааналізаваць, як жа навука ўпісвалася ў гісторыю мастацтва. Біяграфія пісьменнікаў, зразумела, не бярэцца з пустога месца. І як добра, што ва ўсе гады ў Беларусі працавалі таленавітыя даследчыкі: гісторыкі літаратуры, літаратуразнаўцы, без скрупулёзных прац якіх нам цяжка сёння было б узнавіць эвалюцыю беларускай духоўнасці, разгадаць феномен душы нашага народа.
Скарына, несумненна, з’яўляецца не толькі яркім і значным прадстаўніком беларускай культуры эпохі Адраджэння, але і вялікім духоўным настаўнікам навукова-тэхнічнага, камп’ютарызаванага ХХІ стагоддзя. Яго кнігі зрабілі значны ўплыў на духоўную культуру Беларусі, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях.
Скарыназнаўства — комплексная навука, прадметам даследавання якой з’яўляецца жыццё і дзейнасць Ф. Скарыны ў розных ракурсах. Пачэсна, што самыя першыя звесткі пра кнігі Скарыны былі занатаваны яшчэ пры жыцці аўтара (віленскі святар Мацвей, 1522 г.). На працягу XVI–XVIII стст. кнігі першадрукара сустракаюцца ў інвентарах манастыроў, звестках пра прыватныя кнігазборы. У ХІХ ст. пачалі звяртацца да старабеларускай кніжнай традыцыі, згадваць постаць Скарыны як сімвал творчай жыццяздольнасці беларускага народа. Адзначу, што пачатак сістэматычнаму вывучэнню Скарыны паклалі працы П. Аляксеева, І. Бакмейстэра, І. Штрытэра і інш. Найбольш грунтоўна выданні друкара апісаў В. Сопікаў, які, дарэчы, выказаў меркаванне пра беларускі характар мовы перакладаў. А пытанне пра мову Скарыны, «узоры беларускай гутаркі XVI ст.», першым навукова паставіў Ф. Буслаеў.
Этапная роля ў дакастрычніцкім скарыназнаўстве належыць манаграфіі П. Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына» (1888 г.). Гэта першае даследаванне, заснаванае на скрупулёзным вывучэнні першакрыніц. Гонарам агульнаславянскай культуры назваў Скарыну ўкраінец І. Франко.
Максім Багдановіч першым звярнуўся да асэнсавання вобраза першадрукара (верш «Безнадзейнасць»). У зборніку «400-лецце беларускага друку» (1926 г.) творчасць Скарыны разглядалася ў цеснай сувязі з заходнееўрапейскай традыцыяй. У «Скарыніяне» У. Пічэты (1926 г.) зроблены агляд скарыназнаўчай літаратуры за 1776–1926 гг. У 1925–26 гг. як усенароднае свята адзначалася 400-годдзе беларускага друку. Янка Купала напісаў «Ліст да палачан». І. Дварчанін падрыхтаваў у Пражскім універсітэце дысертацыю «Ф. Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай глебе».
Першым савецкім манаграфічным даследаваннем пра Скарыну стала праца М. Алексютовіча «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958 г.). Якаснаму ўзбагачэнню скарыназнаўства садзейнічала шырока адсвяткаванае ў Беларусі 450-годдзе беларускага кнігадрукавання (1967 г.). З’явіўся навуковы зборнік «450 год беларускага кнігадрукавання» (1968 г.). У «Скарыніяне» А. Флароўскага прааналізавана скарыназнаўчая літаратура за 1926–65 гг. Юбілей айчыннай кнігі быў азнаменаваны таксама ўвядзеннем у шырокі ўжытак сапраўднага імя першадрукара Францыск (хоць па-беларуску больш правільна было б — Францішак). А знойдзены ў Нацыянальнай бібліятэцы (Капенгаген) поўны экзэмпляр «Пасхаліі» з календаром праваслаўных святаў дазволіў датаваць «Малую падарожную кніжку» 1522 г. і на тры гады раней аднесці пачатак кнігадрукавання на тэрыторыі СССР.
Захавалася звыш 300 экзэмпляраў Скарынавых выданняў і іх фрагментаў, якія зберагаюцца ў розных бібліятэках, архівах і музеях свету, найбольш у Санкт-Пецярбургу і Маскве. Нядаўна дзякуючы шматлікім намаганням на Бацькаўшчыну вярнулася «Малая падарожная кніжка».
Як цудоўна, што 500-годдзе выдання Псалтыра шырока адзначаецца ва ўсім свеце. Ужо рэалізаваны новыя літаратурныя праекты, адбыўся шэраг маштабных мерапрыемстваў. Сапраўдны навукова-выдавецкі подзвіг —рэалізацыя агульнанацыянальнага праекта па выпуску факсіміле поўнага збору кніг Скарыны.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
няштатны карэспандэнт «СП»
Комментарии