Сёння і заўтра старажытны Полацк прымае ўрачыстасці з нагоды святкавання 500-годдзя беларускага пісьменства.

6 жніўня 1517 года — асаблівая дата ў Беларусі. У гэты памятны для гісторыі ўсёй Еўропы дзень доктар Францішак Скарына «са славутага горада Полацка» надрукаваў у чэшскай Празе першую кнігу на беларускай мове. З тае пары Францыск Скарына стаў Чалавекам Свету. Ён зрабіў вялікі ўклад у развіццё еўрапейскай культуры, аб'яднаў сваёй працай многія гарады і краіны. Скарына і сёння з'яўляецца найлепшым дыпламатам. Таму невыпадкова ў ходзе святкавання 500-годдзя беларускага кнігавыдавецтва, якое мы шырока адзначаем сёлета, так многа міжнародных праектаў. Пра Скарыну будуць расказваць нашы суайчыннікі, на яго звернуць увагу госці з іншых дзяржаў, якія завіталі на свята.
Комментарии