Рэдакцыя газеты «Слава працы» адзначыла лепшых работнікаў раённага вузла паштовай сувязі, якія забяспечылі найбольшы прырост падпіснога тыражу на другое паўгоддзе 2017 года ў параўнанні з леташняй падпісной кампаніяй.
[caption id="attachment_59797" align="aligncenter" width="580"]

Ніна Аляксанава, Наталля Кашуба і Алеся Дуброўская[/caption]
З гонарам мы можам назваць імёны паштальёнаў. Гэта Наталля Кашуба, якая працуе на ўчастку мотадастаўкі, а таксама супрацоўнікі аддзялення паштовай сувязі «Капыль-2» Алеся Дуброўская і Ніна Аляксанава.
Яны атрымалі сертыфікаты на набыццё тавараў у магазінах Капыльскага райспажыўтаварыства і каляровую друкаваную прадукцыю, вырабленую ў вытворчым аддзеле рэдакцыі.
— Я вельмі рада, што атрымала падарункі ад раёнкі, — дзеліцца ўражаннямі Наталля Кашуба (яе вынік — плюс 16 экзэмпляраў да леташняга). — На пошце я працую тры гады, таму маю хоць і невялічкі, але ўласны вопыт работы. Дасягнуць такога выніку мне дапамаглі падпісчыкі, якім я вельмі ўдзячна. Дарэчы, «Слава працы» выпісваюць добра, часта людзі нагадваюць самі, каб аформіла падпіску. Напрыклад, у Какорычах жыве жанчына, якая ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Гэта Валянціна Іванаўна Сяргеева. Улетку яна прыязджае на Капыльшчыну, а зімой вяртаецца ў Мінск. І, каб ведаць навіны роднага раёна, заўсёды просіць аформіць падпіску на сталічны адрас. Любяць чытачы раёнку.
Таксама нядаўна — а дакладней чатыры гады — дастаўляе газеты падпісчыкам і Алеся Дуброўская. Нягледзячы на даволі малады ўзрост, дадала 15 экзэмпляраў да ўласнага леташняга выніку.
— У нас усталявалася поўнае ўзаемаразуменне з падпісчыкамі, — гаворыць Алеся Дуброўская. — Калі бываю ў водпуску, жыхары ўчастка, што я абслугоўваю, нават сумуюць і радуюцца, калі я вяртаюся. Таму і афармляць падпіску лёгка і прыемна. Пра раёнку многія пытаюцца самі. Ды і ставяцца да роднай «Слава працы» з асаблівай цікавасцю.
Ужо другі раз запар прызёрам нашага конкурсу становіцца паштальён са стажам Ніна Аляксанава.
— Галоўнае — уменне наладжваць адносіны, размаўляць з чалавекам, — расказвае Ніна Васільеўна. — Ды наогул, не трэба ленавацца. Але адзначу, што летам крыху цяжэй ідзе падпіска, бо людзі заняты на сельскагаспадарчых работах, таму маюць менш часу для чытання. Але пра раёнку пытаюцца заўсёды.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии