Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

45

Через фотографии взгляд на жизнь

21.08.2017
Для гэтай сям’і фотаздымкі маюць вялікае значэнне. Яны змешчаны ў альбомах: даўнейшыя — у тоўстых кардонных, больш сучасныя — у яркіх пластыкавых, а самыя сучасныя — у электронным выглядзе гаспадары дэманструюць па тэлевізары. У чорна-белых і каляровых фотакартках занатавана большасць сямейных падзей: і ўласнае вяселле, і маленства дачок (а пазней і ўнукаў), і святкаванне юбілеяў. Да ўсяго, што звязана з сям’ёй, нашы героі ставяцца вельмі беражліва. Станіслаў Іосіфавіч і Яўгенія Вітольдаўна Міхнайць — людзі, чые імёны добра вядомы жыхарам Капыля і нават раёна. Ён — былы галоўны ўрач Капыльскай ЦРБ і знакаміты тэрапеўт, яна — лор-урач. [caption id="attachment_59667" align="aligncenter" width="580"]2017 год: Яўгенія Вітольдаўна і Станіслаў Іосіфавіч усё жыццё разам 2017 год: Яўгенія Вітольдаўна і Станіслаў Іосіфавіч усё жыццё разам[/caption] — Бачыце, вось на гэтых  картачках я — піянерка, а гэта мая матуля Чаркас Браніслава Антонаўна, — пачынае падарожжа ў мінулае Яўгенія Вітольдаўна. — Дарэчы, сям’я наша была даволі вялікая: усяго пяцёра дзяцей. Тата мой працаваў у Доме быту, мама спачатку была выхавацелем у дзіцячым садку, а потым даглядала нас, дзяцей. Бацькі былі каталікамі. Нават у той цяжкі для рэлігіі савецкі час мы цішком адзначалі святы, фарбавалі яйкі, хрысцілі дзяцей. А вучылася я ў СШ №2 г. Капыля… [caption id="attachment_59666" align="aligncenter" width="400"]80-я гады ХХ ст.: усёй сям’ёй на свяце Перамогі 80-я гады ХХ ст.: усёй сям’ёй на свяце Перамогі[/caption] — …І скончыла яе з залатым медалём, — з гонарам за жонку дадае Станіслаў Іосіфавіч, — як, дарэчы, і старэйшая дачка Ірына, а малодшая Дана мае сярэбраны медаль. [caption id="attachment_59662" align="aligncenter" width="300"]1970 год: Станіслаў і Яўгенія ─ выпускнікі інстытута 1970 год: Станіслаў і Яўгенія ─ выпускнікі інстытута[/caption] [caption id="attachment_59663" align="aligncenter" width="300"]1970 год: Станіслаў і Яўгенія ─ выпускнікі інстытута 1970 год: Станіслаў і Яўгенія ─ выпускнікі інстытута[/caption] — Пасля таго, як у 1964 годзе я скончыла школу, адразу паступіла ў Гродзенскі медінстытут, — працягвае размову Яўгенія Вітольдаўна. — Станіслаў да гэтага часу ўжо паспеў скончыць тры курсы і пайсці ў армію. Калі вярнуўся, я ўжо вучылася на 4 курсе. Як старэйшага і больш вопытнага студэнта, Станіслава прызначылі старастай нашай групы. Так мы і пазнаёміліся. Пазней я даведалася, што Станіслаў з Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Сябравалі і сустракаліся мы тры гады. [caption id="attachment_59664" align="aligncenter" width="580"]Сямейнага дабрабыту жадае бацька ─ Чаркас Вітольд Антонавіч Сямейнага дабрабыту жадае бацька ─ Чаркас Вітольд Антонавіч[/caption] — Чаму вы вырашылі стаць медыкамі? — пытаюся ў суразмоўцаў. — Выбар не быў выпадковым, — адказвае Станіслаў Іосіфавіч. — У мяне да гэтага часу ўжо лячылі людзей браты і сёстры. — Урачом стала і мая старэйшая сястра Марыя, — дадае Яўгенія Вітольдаўна. — А гэта нашы выпускныя альбомы, — з гонарам паказвае жанчына альбомы ў добрых чырвоных вокладках. — На іх старонках — наша студэнцкае жыццё. [caption id="attachment_59665" align="aligncenter" width="580"]24 ліпеня 1970 года: шчаслівыя маладыя ідуць па плошчы Калгасніка ў Капылі 24 ліпеня 1970 года: шчаслівыя маладыя ідуць па плошчы Калгасніка ў Капылі[/caption] — І пасля таго, як яно скончылася, хутка пачалося сямейнае, — зноў працягвае думку жонкі Станіслаў Іосіфавіч. — Вось на гэтых здымках — вяселле, якое адбылося 24 ліпеня 1970 года. — Так, вяселле адгулялі ў Капылі, у нашай бацькоўскай хаце, — расказвае Яўгенія Вітольдаўна. — Гасцей было больш за 100, іграў духавы аркестр са Скабіна. З Гродзеншчыны прыехалі сваякі Станіслава. Гулялі два дні. (Здымкаў з вяселля нямала: вось маладыя ідуць па плошчы Капыля, вось яны адзін аднаму надзяваюць кольцы, а вось жаніх клапатліва прытрымлівае вэлюм каханай...). Пачыналі сямейнае жыццё Міхнайці ў Гомелі, дзе праходзілі інтэрнатуру. Потым сапраўдным сур’ёзным месцам працы стала раённая бальніца ў Камарыне, што на Брагіншчыне, дзе Станіслаў Іосіфавіч працаваў нават галоўным урачом. У лістападзе 1975 года вярнуліся на Капыльшчыну. Праз пару месяцаў першы сакратар райкама партыі Катко Джан Рыгоравіч прапанаваў заняць пасаду кіраўніка мясцовай установы аховы здароўя. Як адлюстраванне далейшых падзей — фотаздымкі маладых бацькоў з першай дачушкай Ірынкай, а потым і з Данай. Амаль на ўсіх картках сям’я разам: на адпачынку ў санаторыі, на раённых святах і мітынгах. — Мы раней так весела жылі! — працягвае размову Яўгенія Вітольдаўна. — Хадзілі на дэманстрацыі і парады, а пасля збіраліся разам з дзецьмі ў бацькоўскай хаце. Калі выдавалася рэдкая свабодная хвілінка, разам з дачушкамі ездзілі на возера ў Багушы, па грыбы-ягады, адпачывалі на Нарачы і Бугу. Але, на жаль, не так часта, як хацелася б, — уздыхае жанчына, — бо шмат часу адымала праца. Таму і гадаваць дачок было цяжка: абавязкі ўрача патрабавалі прысутнічаць на працоўным месцы амаль суткі запар. Але дзяўчынкі нашы ўсё разумелі. Дзякуй, што дапамагала мая матуля. — Ці часта ездзілі на Гродзеншчыну да сваякоў мужа? — звяртаюся з пытаннем да сямейнай пары. — Так, часта. Бадай, кожны водпуск праводзілі там, — гаворыць Яўгенія Вітольдаўна. — Свекрыві ў мяне не было: яна памерла, калі Станіслаў быў у 10 класе, а свёкар ставіўся да мяне добра, называў дачушкай. Мы і дзяцей пахрысцілі на Гродзеншчыне, там касцёлы і ў савецкі час дейнічалі. Дзеці, унукі, сваякі — гэтыя звёны сямейнага ланцужка займаюць у жыцці Міхнайцяў асноўнае месца. Старэйшая Ірына з мужам Валерыем і яго бацькамі, з народжанай дачушкай Янай, вяселле Даны і яе маленькі сынок Жэнька — усё знайшло сваё месца ў сямейных архівах. Дарэчы, Ірына і яе муж пайшлі па слядах бацькоў — тэрапеўты ў Гродне. Дана настаўнічае ў Мінску. У Капылі Міхнайці не толькі самааддана працавалі, але і шчыра сябравалі з калегамі. Дні медыкаў, асабістыя юбілеі святкавалі весела і з размахам. Каб змясціць усіх запрошаных калег, нават мэблю з кватэры прыходзілася выносіць. — Сяброў сапраўдных шмат не павінна быць, — разважае Яўгенія Вітольдаўна. — І лепш мець зносіны паміж сем’ямі. У нас шмат сяброў: Святлана Шпакоўская, Барыс Касцюк з жонкай, Людміла Рымашэўская , Марыя   і Станіслаў Бохан і іншыя. І напрыканцы размовы задаю традыцыйнае пытанне: «Што трэба, каб захаваць сям’ю?» Першым адказвае Станіслаў Іосіфавіч: — Перш за ўсё павінна быць поўнае ўзаемаразуменне і каханне. Яўгенія Вітольдаўна дапаўняе: — Трэба быць падрыхтаваным да таго, што ў жыцці здараюцца розныя выпадкі. Бывала і мы спрачаліся, але з гадамі прыцерліся адзін да аднаго так, што ўжо і спрачацца няма з-за чаго. А яшчэ ў сямейным жыцці трэба ўмець дараваць адзін аднаму і ніколі не ўспамінаць пра памылкі. Жыццё ідзе сваім парадкам: рыхтуецца да паступлення старэйшая ўнучка Яна, адкрывае для сябе свет малодшы Жэнька. А гэта значыць, што хутка сямейны архіў Міхнайцяў дапоўняць новыя фотаздымкі, якія творчай рукой Даны будуць таксама падпісаны радкамі-загалоўкамі з раённай газеты. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота аўтара і з сямейнага архіву Міхнайцяў

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей