З вялікай увагай мы сочым за тым, як праходзіць жніво, бо добра разумеем, што ад яго вынікаў залежыць дабрабыт кожнага з нас. І зусім няважна, хто ты — вясковец або гарадскі жыхар, аграрый ці працаўнік гандлю, культуры ці настаўнік. Бо хлеб ёсць на стале ў кожнай хаце. А галоўныя ў гэтым ланцужку — ад зерня да каравая — хлебаробы. Тыя, хто ад світанку да заходу сонца ўбірае ўраджай і закладвае фундамент нашага з вамі дастатку.
Павел КОРЗУН, протаіерэй, настаяцель храма Святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў в. Лешня:
— Аб хлебе ёсць малітва, калі першае, што чалавек просіць у Бога, — гэта хлеб: «…Хлеб наш насущный даждь нам днесь…»
У гэтых словах і закладзены ўвесь сэнс адносін чалавека да хлеба. Адносін трапяткіх і старанных. У стаўленні чалавека да хлеба і заключана выкананне Боскіх запаведзей. Аднак хлеб — гэта не толькі жніво, гэта цяжкая праца на працягу ўсяго года: і падрыхтоўка глебы, і ўзворванне яе, і сачыць трэба за тым, каб каласкі наліваліся. Гэта праца чалавека на працягу ўсяго яго жыцця.
Людміла ЛАЗОЎСКАЯ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 г. Капыля імя М.В. Рамашкі:
— Добрыя адносіны да хлеба пачынаюцца з сям’і. Мая мама, Марыя Рыгораўна Беразоўская, расказвала, што, калі падчас абеду падала на падлогу нават адна крошачка хлеба, тата заўсёды беражліва падымаў яе, цалаваў і толькі пасля таго еў. Мама памятала, як адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны яны хадзілі па палях і збіралі каласкі. Мае бацькі — сапраўдныя працаўнікі. Абое — са шматдзетных сем’яў і добра адчуваюць сапраўдны кошт зярнятка. Таму і на сваіх уроках я імкнуся выхоўваць любоў да хлеба. Сумесна арганізоўваем і праводзім мерапрыемствы, дзеля якіх бацькі не толькі пякуць розныя прысмакі, але і расказваюць нешта цікавае пра хлеб, узгадваюць разам з дзеткамі прыказкі і прымаўкі.
Ірына ГАЛУЗА, прадавец аўтамагазіна Капыльскага райспажыўтаварыства:
— Першае, што вясковыя жыхары просяць, гэта хлеб. З задавальненнем купляюць і чорны, і, як кажуць, белы хлеб. За дзень рэалізоўваем каля васьмі латкоў хлеба-булачных і два — кандытарскіх вырабаў. У вёсках іншы раз бабулі пачынаюць узгадваць, як яны або іх матулі самі пяклі хлеб. Паслухаўшы, адзначаю, што гэта цяжкая справа. У сваёй сям’і заўсёды таксама імкнуся выхоўваць павагу да духмянай лустачкі: ніколі хлеб не кідаем, калі ўпадзе кавалачак, заўсёды падымем і беражліва цалуем яго.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Комментарии