Прыемна, што ў пераліку герояў жніва гучаць імёны яго маладых удзельнікаў. А калі ёсць на вёсцы моладзь, якая ўмее працаваць «на выдатна», значыць можна быць спакойным за будучыню сельскай гаспадаркі.

Першым сярод маладых вадзіцеляў раёна прымаў віншаванні з высокім дасягненнем Вадзім Мысліцкі з ААТ «Старыца-Агра». На сваім МАЗе на раніцу 8 жніўня ён перавёз ад камбайнаў 1026 тон збажыны. Ушанаванне героя жніва адбылося на полі ля вёскі Андросаўшчына, дзе ў прысутнасці калег ад імя раённай улады яго вітаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі.
— Ад таго, як вы зараз спрацуеце, залежыць вынік работы аграрыяў за ўвесь год і наша харчовая бяспека, — адзначыў, звяртаючыся да старыцкіх вадзіцеляў і камбайнераў, Аляксандр Мікалаевіч. ― Вы сёння ва ўмовах анамальнай спякоты здзяйсняеце працоўны подзвіг. І мы вам за гэта вельмі ўдзячны.
[caption id="attachment_59520" align="aligncenter" width="580"]

■ Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі (справа) віншуе Вадзіма Мысліцкага[/caption]
Словы віншавання і самыя шчырыя пажаданні ў адрас Вадзіма Мысліцкага прагучалі ад прадстаўнікоў маладзёжнай, раённай і галіновай прафсаюзных арганізацый, кіраўніцтва ААТ «Старыца-Агра». Яму былі ўручаны маланкі-падзякі і каштоўныя падарункі, а лабавое шкло МАЗа вадзіцеля-тысячніка ўпрыгожыла наклейка, якая сведчыць аб тым, што тут працуе малады перадавік жніва-2017.
Паколькі цырымонія ўшанавання праходзіла падчас перапынку на абед, да месца быў і невялікі канцэрт, падрыхтаваны артыстамі раённага Цэнтра культуры, які, безумоўна, парадаваў хлебаробаў.
Падчас кароткай гутаркі з лідарам жніва ўдалося даведацца, што любоў да прафесіі ў Вадзіма ад бацькі, які таксама працуе вадзіцелем у «Старыцы-Агра». Некалькі гадоў таму малады чалавек скончыў барысаўскі каледж, але не застаўся ў вялікім горадзе: пацягнула на радзіму. Тут жыве яго сям’я, гадуюцца сынок і дачушка, а значыць на гэтай зямлі яму працаваць і прыкладваць усе намаганні, каб яна была больш заможнай і прыгожай.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии