Гэтае свята звязваюць з цудам, які Езус Хрыстос здзейсніў напрыканцы Свайго зямнога шляху перад трыма апосталамі: Пятром, Якубам і Янам.

Хрыстус прывёў сваіх вучняў Пятра, Якуба і Яна на гару Табор, дзе перамяніўся перад апосталамі: твар Яго заззяў, а вопратка зрабілася асляпляльна белай. Два прарокі Старога Запавету, Майсей і Ілля, з’явіліся перад Езусам на гары і размаўлялі з Ім. А голас Бога Айца са светлага воблака сведчыў пра Боскасць Хрыста: «Гэта ёсць Сын Мой Улюблёны, у якім Мая ласка; Яго слухайце».
«На гары Табор Езус паказвае сваё Боскае Аблічча, напоўненае бляскам. Ён — святло свету, святло для мяне і майго жыцця. Асветленае Аблічча Хрыста ўзмацняе Апосталаў, рыхтуе іх да перажывання Яго мукі і смерці… Слава Боства асвятляе Аблічча Хрыста, калі Айцец называе Яго Сынам перад захопленымі Апосталамі, заклікае іх, каб слухалі Яго, і рыхтуе іх да перажывання з Ім балеснага моманту мукі, каб дайшлі з Ім да радасці ўваскрасення і жыцця, перамененага праз Духа Святога» (Ян Павел II).
Лічыцца таксама, што свята Перамянення Пана звязана са старазапаветным святам асвячэння пладоў. Так, на Усходзе ў пачатку жніўня выспяваюць злакі і вінаград, якія хрысціяне прыносяць у храм для благаславення.
Комментарии